Святлана Ціханоўская: «Дзяржава любіць распавядаць нам пра «стабільнасць» і пра тое, што «галадаць не будзем». Як быццам у XXI стагоддзі адсутнасць голаду ў еўрапейскай краіне – вялікае дасягненне. Але што ў рэальнасці стаіць за такой «стабільнасцю»?
Толькі па афіцыйнай статыстыцы цэны з 2014 года выраслі амаль у тры разы. Але рэальнасць такая: адзін і той жа набор прадуктаў у 2014 і 2023 адрозніваецца ў 4,3 разы! Ці вырас заробак з 2014 года ў 4,3 разы? Відавочна, што не. І нават калі параўноўваць цэны з тымі, што былі год таму, мы ўбачым розніцу ў 27%.
«Стабільнасць» цяпер – гэта стабільны рост цэнаў, стабільна нізкія заробкі і стабільная адсутнасць эканамічных рэформаў. І гэта ў Беларусі, у краіне, якая была гатовая да пераходу ад сацыялістычнай да рынкавай эканомікі значна лепш за Літву і Польшчу, якія даўно нас абышлі. Вядома, у Беларусі ёсць будучыня – але яна дакладна без рэжыму, які прывёў нашую краіну да такой катастрафічнай сітуацыі».