У сераду, 9 лютага, Святлана Ціханоўская і прадстаўнік па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч правялі адкрытае тэлефанаванне па тэме «Кошты, заробкі і дабрабыт беларусаў». Што беларусы расказалі Ціханоўскай?
Пра павышэнне коштаў:
- «Значна зменшылася колькасць еўрапейскіх прадуктаў у крамах. Узамен усё больш расійскага, дзе не сыр, а «прадукт сыразмяшчальны».
- «Больш за ўсё падаражэла садавіна і гародніна, а польскае, еўрапейскае знікла».
- «Кошты моцна выраслі нават на будматэрыялы. Рамонты сталі рэдкія, будаўніцтва амаль заглухла. Замежныя будматэрыялы забараняюць, беларускія – не ўсе добрай якасці».
Колькі грошай на прадукты сыходзіць у 2022 у параўнанні з 2020
- «Раней было 150-160 рублёў на тыдзень, цяпер 200-220».
- «Паўтары гады таму 500 рублёў хапала на месяц, цяпер – зусім ніяк».
- «Працую ў прадуктовым. Кошты растуць ужо які раз, у краме ўвесь час перавешваюць цэннікі. Абурэнню людзей няма мяжы».
Пра заробкі і пенсіі:
- Людзі назвалі розныя заробкі: у кагосьці 400 рублёў, у кагосьці – 600 і 700, у прамысловасці 1400-1600, у медыцыне назвалі ад 600 рублёў.
- Таксама назвалі пенсіі сваіх сваякоў – ад 400 да 600 рублёў: «Даводзіцца дапамагаць бацькам».
- «Адкладаць не асабліва атрымліваецца. Многія здаюць валюту. У краме шмат людзей афармляюць скідкі на сацыяльна значныя тавары».
Святлана Ціханоўская на развітанне падзякавала беларусам за тое, што яны прыйшлі на размову і дадала: «Ёсць такі выраз – «ніколі добра не жылі, няма чаго і пачынаць». Але мы павінны праганяць гэтую думку. Мы цудоўная нацыя, у нас годныя людзі, мы павінны жыць лепш і багацей. Гэта магчыма тады, калі дзяржава будзе клапаціцца пра людзей».
Алесь Аляхновіч ад імя дэмсілаў ужо прадставіў бачанне, якія эканамічныя рэформы могуць вырашыць крызіс у Беларусі – чытайце тут.