27-29 чэрвеня Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Бруселі, дзе сустрэлася з прэзідэнтам Еўрапейскай рады, Вярхоўным камісарам ЕС, Еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства, а таксама з беларусамі. Разам з ёй былі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі, Павел Латушка і Уладзімір Астапенка. У Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі адбылася сустрэча беларусаў Бельгіі з удзельнікамі Кансультацыйнай групы «Беларусь – Еўрасаюз».
- Што было зроблена падчас візіту:
– Была створаная Кансультатыўная група «Беларусь – Еўрасаюз» і адбылося першае пасяджэнне з удзелам чальцоў Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежнай прэсы, праваабарончых арганізацый, бізнес-згуртаванняў. Абмяркоўвалі Стратэгію ЕС па Беларусі, дапамогу рэпрэсаваным, падтрымку культурных ініцыятываў і медыя.
– Святлана Ціханоўская прапанавала лідарам Еўрасаюза павялічыць падтрымку рэпрэсаваным, праваабаронцам, незалежным медыя і грамадзянскай супольнасці, спрасціць візавы рэжым і міграцыйныя працэдуры для беларусаў за мяжой.
– Па выніках сустрэчаў Еўрапейская рада прыняла заяву, у якой заклікала спыніць размяшчэнне расійскіх вайскоўцаў і ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі.
– Беларуская лідарка прапанавала Жазэпу Барэлю прызначыць Спецыяльнага прадстаўніка Еўрасаюза па Беларусі, а таксама прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел рэжыму ў вайне Расіі супраць Украіны.