Пасля з’яўлення інфармацыі ў прэсе пра «антыбеларускі законапраект» Святлана Ціханоўская наведала Чэхію. Там яна правяла тэрміновыя перамовы з прэзідэнтам Мілашам Земанам, прэм’ерам Петрам Фіялам, кіраўнікамі парламенту Маркетай Пекаравай і Мілашам Выстрчылам, мэрам Прагі Здэнекам Гжыбам, міністрам замежных справаў Янам Ліпаўскім, міністрам унутраных спраў Вітам Ракушанам, міністрамі культуры, адукацыі, дыгіталізацыі, а таксама сустрэлася з мясцовымі беларусамі і студэнтамі.
Галоўныя вынікі візіту:
- Чэхія змяніла сваё рашэнне ў адносінах да беларусаў. На сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Чэхіі ён запэўніў, што Чэхія не будзе дыскрымінаваць беларусаў, і выказаў спадзяванне, што законапраект будзе адпаведна скарэктаваны.
- Гуманітарныя візы і візы для ўз’яднання сям’і будуць працягваць выдаваць. Пакуль не ідзе гаворка пра ўзнаўленне выдачы ўсіх тыпаў візаў, але міграцыйныя правілы павінны быць спрошчаныя. Беларусы, якія ўжо ў Чэхіі, змогуць заставацца ў краіне.
- Міністэрства ўнутраных спраў разглядае магчымасць стварэння працоўнай групы разам з МЗС, якая будзе вырашаць пытанні беларусаў, якія ўжо знаходзяцца ў Чэхіі, у тым ліку ў індывідуальным парадку.
- Ціханоўская і міністр адукацыі Чэхіі Петар Газдзік апублікавалі сумесную заяву пра тое, што Чэхія працягне выдаваць стыпендыі, падтрымліваць студэнтаў з Беларусі, і не будзе дыскрымінаваць іх з прычыны нацыянальнай прыналежнасці або грамадзянства Беларусі. У найбліжэйшы час міністр правядзе сустрэчу з беларускімі студэнтамі.
- Міністр замежных спраў даў зялёнае святло на адкрыццё беларускага дэмакратычнага прадстаўніцтва ў Празе – цэнтра для беларусаў Чэхіі. Прэзідэнт Земан прапанаваў гэта зрабіць ужо ў верасні.
- У Палаце дэпутатаў Чэшскага парламента была створаная парламенцкая група сяброў Свабоднай Беларусі. У склад увайшлі дэпутаты ўсіх асноўных палітычных групаў і фракцыяў. Кіраўнік групы – Марэк Жэнішэк. Група будзе трымаць Беларусь на парадку дня, падтрымліваць беларускую дыяспару, а таксама рабіць праекты з беларускай грамадзянскай супольнасцю.
- Цягам старшынства ў Еўрасаюзе з ліпеня па снежань 2022 года Чэхія правядзе шэраг мерапрыемстваў і сустрэчаў з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі. Сустрэчы пройдуць на ўзроўні ўрада, парламента і грамадзянскай супольнасці. Беларусь будзе адной з асноўных тэмаў у Еўрапейскай Радзе і падчас саміту Усходняга Партнёрства.
- Ціханоўская размаўляла з кіраўніцтвам Чэхіі пра правядзенне міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 29 траўня, стварэнне беларускіх праграмаў і беларускага інстытуту ў адным з універсітэтаў Чэхіі. А таксама пра «беларусізацыю» турыстычных матэрыялаў, абазначэння памятных беларускіх месцаў у Празе і падтрымку незалежных медыя.
- Падчас сустрэчаў Ціханоўская распавяла пра беларусаў Прагі, якія збіраюць гуманітарную дапамогу і робяць бронекамізэлькі для беларускіх добраахвотнікаў.
- Яна перадала матэрыялы і просьбы, падрыхтаваныя беларускай дыяспарай у Празе, Фондам медыцынскай салідарнасці, НАК, Беларускай Радай культуры, а таксама ліст ад школьнікаў з Гародні, якія вывучаюць чэшскую мову.