• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Атрыманне прэміі ПА НАТА, адкрыццё Офіса ў Радзе Еўропы, віншаванне да Дня маці. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 9-15 кастрычніка 2023

    16 кастрычніка, 2023

    ВІЗІТ У ДАНІЮ. 8-10 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Даніі з працоўным візітам. Беларуская лідарка атрымала прэмію ПА НАТА «Жанчыны – за мір і бяспеку». У сваёй прамове на ўручэнні прэміі, яна адзначыла, што прысвячае яе ўсім беларускім жанчынам. Падчас візіту Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА, наследным прынцам, міністрам замежных справаў, спікерам і парламентарыямі, а таксама беларусамі Даніі. Асобна сустрэлася з амбасадарамі Германіі, Люксембургу, Польшчы, Літвы і Харватыі.

    Таксама беларуская лідарка наведала Дацкі інстытут культуры, які разам з Беларускай Радай культуры вядзе вялікую праграму падтрымкі культурніцкіх ініцыятываў. Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Міжнароднай платформы збораў доказаў злачынстваў рэжыму.

    ОФІС У РАДЗЕ ЕЎРОПЫ. У будынку Рады Еўропы з’явіўся афіцыйны Офіс дэмакратычнай Беларусі. Офіс будзе выкарыстоўвацца для правядзення сустрэчаў і кансультацый у рамках працы Кантактнай групы і міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Гэта яшчэ раз падкрэслівае прызнанне дэмакратычных сілаў у якасці прадстаўнікоў Беларусі на еўрапейскім узроўні.

    ДЗЕНЬ СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ. 10 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень супраць смяротнага пакарання. Беларуская лідарка выказалася аб тым, ці павінна захоўвацца падобнае пакаранне ў новай Беларусі: «Я катэгарычна асуджаю прымяненне смяротнага пакарання і лічу, што яно павінна быць адменена. Мы хочам бачыць Беларусь еўрапейскай краінай, дзе правы чалавека паважаюцца, а правасуддзе здзяйсняецца па прынцыпах справядлівасці і гуманнасці. Таму пасля дэмакратычнага транзіту ўлады такое пакаранне ў нашай краіне павінна знікнуць назаўжды».

    БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. 12 кастрычніка Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым мэрам Вільні Валдасам Бенкунскасам. Яна падзякавала гораду і мэрыі за падтрымку беларусаў, што цяпер пражываюць у Вільні. Ціханоўская прапанавала арганізаваць дадатковыя класы беларускай мовы на базе гарадскіх школ, а таксама правесці сустрэчу з актывам бацькоў беларускіх дзяцей у Вільні. Напрыканцы сустрэчы яна перадала мэру шэраг просьбаў ад беларускіх вернікаў Вільні.

    ДЗЕНЬ МАЦІ. Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Офіса, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады запісалі сумеснае віншаванне да Дня маці. У відэа яны падзяліліся сваімі асабістымі гісторыямі пра мам, чыя любоў заўсёды была крыніцай сілаў і натхнення, а парады і падтрымка дапамагалі справіцца з самымі складанымі выклікамі ў жыцці.

    КАМПЕНСАЦЫЯ ШКОДЫ. Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, НДА, юрыстамі і былымі адвакатамі, распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды. Хто будзе прымаць рашэнні аб кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным – чытайце па спасылцы. Таксама ў праекце Канцэпціі прапісаны механізм вяртання маёмасці пасля дэмакратычнага транзіту ўлады. Падрабязней пра яго – глядзіце ў картках

    Цалкам з праектам можна азнаёміцца па спасылцы. Прапановы адносна дакументу прымаюцца праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot, электронную пошту [email protected] і гугл-форму.


    БЕЛАРУСЬ-ШВЕЦЫЯ. 12 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла перамовы са Шведскай камісіяй па абароне ў Вільні. У Камісію ўваходзяць прадстаўнікі ўраду, узброеных сілаў, парламенту і ўсіх палітычных партыяў Швецыі. Яна заклікала паспрыяць легалізацыі беларусаў Швецыі, згадаўшы сітуацыю прафсаюзнай лідаркі Алы Цвірко – ёй было адмоўлена ў прытулку з прычыны таго, што Беларусь фармальна лічыцца бяспечнай краінай для вяртання. А таксама папрасіла Шведскую камісію па абароне падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

    ТРЭНІНГ ДЛЯ МОЛАДЗІ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтам прыняла ўдзел у трэнінгу для моладзі ў межах Action Plan ад Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы. У трэнінгу ўдзельнічалі больш за 30 маладых беларусаў і беларусак. Падчас трэнінгу былі распрацаваныя 8 праектных ідэй у кірунках абароны правоў ЛГБТК+ персонаў, умацоўванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, далучэнню моладзі ў працэсы прыняцця рашэнняў. Таксама былі сабраны запыты ад моладзі да Рады Еўропы.

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у кампаніі «Рэпарцёраў без межаў» прыстасаванай да дня нараджэння палітзняволенай галоўнай рэдактаркі партала TUT.by Марыны Золатавай. Беларуская лідарка запісала відэа для Марыны: «Ты выконвала найвышэйшыя стандарты журналістыкі і была прыкладам для калегаў. Сёння кожны твой дзень – гэта марафон. Марафон барацьбы за жыццё, за здароўе, за ўласную годнасць. Але я не сумняваюся, што ты зможаш вытрымаць гэтае выпрабаванне».

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У пятніцу, 13 кастрычніка, Святлана Ціханоўская разам з прадстаўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгай Гарбуновай правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 12 кастрычніка Валанцёры Офіса правялі размову з праваабаронцам і былым паляітзяволеным Леанідам Судаленкам. Падчас размовы Валанцёры разам з Леанідам пісалі лісты беларускім палітвязням. Таксама гаварылі пра спосабы падтрымкі палітвязняў, ролю міжнародных структураў у дапамозе Беларусі, магчымасці бараніць свае правы зараз у краіне. Хутка з’явіцца тэкставая версія размовы. 

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю БелСАТ (Беларусь), Українське Радіо (Украіна), DR (1, 2) (Данія), Berlingske (Данія).

    Таксама 12 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з рэдактарамі беларускіх незалежных медыяў. Беларуская лідарка падзякавала медыям за працу і адзначыла, што трэба больш працаваць у кірунку развенчвання прапаганды, каб дагрукацца да беларусаў унутры краіны. 

    Апошнія навіны