Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Бундэстага Вольфгангам Шойбле, старшынёй Камітэта замежных спраў Бундэстага Норбертам Рётгенам і віцэ-прэзідэнткай Бундэстага Клаўдыяй Рот.
Асноўнай тэмай сустрэч стала дапамога беларусам. Гаворка ідзе пра падтрымку рэпрэсаваных, параненых, тых, хто спрабуе атрымаць неабходнае лячэнне, а таксама сем'яў палітычных зняволеных.
Нямецкія палітыкі выказалі поўную падтрымку беларусам ад нямецкага народа і паабяцалі як мага хутчэй ажыццявіць праграмы падтрымкі журналістаў і медыя, актывістаў, праваабаронцаў, ініцыяваць працэдуру выдачы гуманітарных віз Германіі для беларусаў, якія пацярпелі ад гвалту.
«Не варта марудзіць. Нашы людзі працягваюць мірна пратэставаць на вуліцах сваіх гарадоў, але цяпер становіцца халодна, а рэпрэсіі не спыняюцца. Пры гэтым я дакладна ведаю, што пратэст не спыніць, бо людзі нязменна стаяць на сваіх патрабаваннях, якія рэжым не выконвае. Мы патрабуем новых выбараў праз інклюзіўны дыялог».
На сустрэчах з палітыкамі абмяркоўвалася і рэзалюцыя Бундэстага аб падтрымцы Беларусі, а таксама магчымыя варыянты ціску на рэжым. Гаворка ішла пра кропкавыя санкцыі ў дачыненні да кампаній, што падтрымліваюць Лукашэнку і рэпрэсуюць рабочых. Таксама Ціханоўская ўзняла пытанне, ці могуць нямецкія кампаніі на прыклад нарвежскай Yara быць больш актыўнымі і ставіць умовы ў супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі, што рэпрэсуюць рабочых. Сярод іншых згадваліся кампаніі Siemens і Eickhoff.
Святлана Ціханоўская заклікала Нямеччыну падтрымаць міжнародныя расследаванні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі – на прыклад Літвы і Польшчы пачаць дасудовыя следствы, прызнаць ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі, а таксама пашырыць санкцыйны спіс асобаў, звязаных з рэпрэсіямі апошніх чатырох месяцаў.
Святлана апавяла прадстаўнікам Бундэстага, што ў турмах Беларусі наўмысна распаўсюджваецца каранавірусная інфекцыя, зняволеныя выходзяць з турмаў хворымі. Пры затрыманні людзей пазначаюць фарбай, іх збіваюць і катуюць. Ціханоўская падкрэсліла, што важна не дапусціць беспакаранасці за ўсе гэтыя злачынствы. І Германія можа дапамагчы расследаванням, справядліваму суду.
На пытанне, якая роля Расіі ў вырашэнні беларускага крызісу і ці садзейнічае Расія мірнаму развязанню канфлікту, Ціханоўская адказала, што яна і яе каманда звярталіся да Расіі, як і еўрапейскія лідары, але Расія вырашыла падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. «Адзінае, чаго мы просім – каб Расія не ўмешвалася і не падтрымлівала тых, хто ажыццяўляе гвалт у Беларусі. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя, гвалт павінен быць спынены. Адзіная тэма, якую і Расіі, і еўрапейскім краінам варта абмяркоўваць, – гэта тое, якім чынам можна хутка правесці новую выбарчую кампанію».