Сёння ў Жэневе Святлана Ціханоўская выступіла ў Нацыянальнай радзе Швейцарыі (ніжняя палата парламента) і сустрэлася з прэзідэнткай Рады Ірэн Келін. Беларуская лідарка адзначыла неабходнасць прыняцця тэрміновых мераў з боку Швейцарыі і міжнароднай супольнасці, каб спыніць вайну і не дазволіць Лукашэнку ўцягнуць Беларусь ва ўзброены канфлікт. Ціханоўская звярнула ўвагу, што дыктатар не толькі ажыццяўляе злачынствы супраць чалавечнасці, але таксама ваенныя злачынствы, і яны павінны разглядацца ў межах спецыяльнага трыбунала.
Прэзідэнтка Нацыянальнай рады выказала поўную падтрымку дэмакратычнаму руху Беларусі. Ціханоўская звярнула ўвагу, што для дээскалацыі крызісу ў рэгіёне важна, каб расійскія войскі пакінулі беларускую тэрыторыю, і заклікала Швейцарыю ўзняць гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях. Келін запэўніла, што швейцарцы выразна падзяляюць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ.
Адзін з дэпутатаў паведаміў, што сёння Расія была выключаная з ПАРЕ, і сярод дэмакратычных краінаў ёсць адзінства і дакладнае разуменне, што неабходныя рашучыя дзеянні ў дачыненні да беларускага дыктатара. Па словах Ціханоўскай, зараз трэба працаваць «ювелірна», каб усе намаганні па ізаляцыі рэжыму не закраналі беларусаў. У якасці прыкладу Святлана Ціханоўская прывяла візы, стыпендыі, доступ да рынку працы – беларусы не павінны пакутаваць з-за дзеянняў рэжыму.
Таксама абмеркавалі магчымасць правядзення перамоваў па выхадзе Беларусі з крызісу. Швейцарыя магла б быць перамоўнай пляцоўкай, пры гэтым усе пагадзіліся, што Лукашэнка наўрад ці будзе адным з бакоў у такіх перамовах.