Сёння Святлана Ціханоўская наведвае Заграб па запрашэнні прэм’ер-міністра Харватыі Андрэя Плянковіча. Гэта першы афіцыйны візіт беларускай лідаркі ў Харватыю. У межах аднадзённага візіту яна правяла сустрэчы з прадстаўнікамі харвацкага ўрада і Парламента і выступіла ва ўніверсітэце. Таксама Ціханоўская ўсклала вянок ад імя беларускага народа да вечнага агню на «мануменце Радзіме» ў памяць пра герояў, якія змагаліся за незалежнасць Харватыі. Цырымонію суправаджала ганаровая варта харвацкіх узброеных сілаў.
Беларуская лідарка падзякавала Харватыі за падтрымку ў Еўрапейскім Саюзе, Радзе Еўропы і АБСЕ – Харватыя паслядоўна падтрымлівае ініцыятывы і прапановы беларускіх дэмакратычных сілаў. Святлана Ціханоўская перадала просьбы ад беларускай дыяспары, у прыватнасці, каб Харватыя не патрабавала апастылю ад беларусаў, якія не могуць вярнуцца ў краіну. Таксама Ціханоўская падзякавала Харватыі за рашэнне выдаваць шэнгенскія візы. Ужо ад студзеня Харватыя далучылася да шэнгенскай прасторы. Візы выдаюцца праз кансулят у Маскве, але абмяркоўваецца магчымасць выдачы візаў і ў Мінску.
Харватыя не будзе прызнаваць рашэнні незаконных судоў супраць Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады і іншых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Харватыя не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам і будзе працягваць працу з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.
Ціханоўская распавяла пра працу Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, накіраваную, у тым ліку, на прадухіленне поўнамаштабнага ўдзелу беларускага войска ў вайне. Таксама яна папрасіла разглядзець санкцыйныя абмежаванні ў дачыненні да суддзяў, сілавікоў, прапагандыстаў, а таксама дэпутатаў рэжымнага Парламента, якія ўдзельнічаюць ці падтрымліваюць палітычныя рэпрэсіі.
На сустрэчы з прэм'ер-міністрам Андрэем Плянковічам гаварылі пра арганізацыю міжнароднай сустрэчы, прысвечанай Беларусі, а таксама новай стратэгіі Еўрасаюза па Беларусі. Прэм'ер прадстаўляе Харватыю ў Еўрапейскай Радзе, куды ўваходзяць кіраўнікі ўсіх краінаў ЕС. Святлана Ціханоўская абазначыла праблемы, у якіх беларусы разлічваюць на дапамогу ЕС: неабходнасць поўнага вываду расійскіх войскаў і спыненне любога ўдзелу ў вайне; спыненне рэпрэсіяў і вызваленне палітвязняў; прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці і перамовы па правядзенні новых выбараў.
Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Харватыі Гордан Грліч-Радман гаварылі пра перазапуск Маскоўскага механізму ў АБСЕ ў дачыненні да Беларусі, захады ў межах 33 артыкула Статута Міжнароднай арганізацыі працы за рэпрэсіі супраць працоўных. Бакі абмеркавалі рэабілітацыйную праграму для былых палітвязняў і сем’яў рэпрэсаваных. Падобныя ўжо існуюць у Нарвегіі, Італіі і Іспаніі. Таксама гаварылі пра студэнцкія і культурныя абмены, каб больш з’яўлялася перакладаў з харвацкай на беларускую і наадварот.