Святлана Ціханоўская прыбыла ў Прагу па запрашэнні прэм’ера адзначыць гадавіну пачатку Аксамітнай рэвалюцыі 1989 года.
Падчас візіту ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Чэхіі Петрам Фіялам, кіраўніком Сената Мілашам Выстрчылам, спікеркай ніжняй палаты парламента Маркетай Пекаравай Адамавай і беларусамі Чэхіі. Таксама яна выступіць з прамовай на міжнароднай канферэнцыі «Гібрыдная вайна Расіі супраць дэмакратычнага свету».
Падчас сустрэчаў Святлана Ціханоўская будзе ўздымаць пытанне дапамогі беларускім праваабаронцам, медыям, палітычным уцекачам і студэнтам з Беларусі, а таксама беларускім добраахвотнікам і валанцёрам ва Украіне.
Асобна будуць абмеркаваныя дзеянні Еўрапейскага Саюза па абароне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, паколькі зараз Чэхія старшынюе ў Радзе Еўрапейскага Саюза.