Святлана Ціханоўская: «Сёння свой 87-мы дзень народзінаў адзначае Івонка Сурвіла – кіраўніца Рады БНР. Яна ўвасабляе сабой гістарычную пераемнасць беларускай дзяржаўнасці – ад айцоў-заснавальнікаў БНР да сучаснасці. Але Івонка Сурвіла – гэта не толькі Рада БНР.
Усё яе жыццё аддадзенае на карысць Беларусі. Напрыклад, у 1980-я гады Івонка Сурвіла заснавала Канадскі фонд, які дапамагаў беларусам ліквідаваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзякуючы працы фонда беларускія дзеткі атрымалі магчымасць лячыцца за мяжой, а ў пацярпелыя раёны перадавалі лекі і медычнае абсталяванне коштам у мільёны даляраў.
Раней мы толькі стэлефаноўваліся, а год таму я мела гонар сустрэцца з ёй асабіста. І я кожны раз падчас нашых размоваў адчуваю сябе так, нібыта размаўляю са сваёй бабуляй. Так шмат клопату і цеплыні заўсёды адчуваеш ад гэтай цудоўнай жанчыны з добрым сэрцам! Шчыра захапляюся яе мужнасцю і любоўю да роднага краю.
Моцнага здароўя вам, шаноўная Івонка, і доўгіх гадоў жыцця!»