Цягам двухдзённага візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Эстоніі Аларам Карысам, міністрам замежных спраў Урмасам Рэйнсалу, старшынём камітэта па замежных справах парламента Марка Міхкельсанам, спікерам парламента Юры Ратасам і дэпутацкай групай сяброў дэмакратычнай Беларусі. Таксама яна выступіла перад парламентам, наведала нацыянальны архіў, мемарыял ахвярам савецкай акупацыі, сустрэлася з рэктарамі ўніверсітэтаў і беларусамі Эстоніі.
Галоўныя вынікі візіту – сцісла:
- У лістападзе тры эстонскія ўніверсітэты разглядзяць пытанне беларускіх студэнтаў і іх прыёму ў эстонскія навучальныя ўстановы – Ціханоўская сустрэлася з рэктарамі Талінскага і Талінскага тэхнічнага ўніверсітэта. Раней яны прынялі рашэнне не прымаць беларускіх студэнтаў. Таксама дамовіліся правесці мерапрыемствы ва ўніверсітэце з удзелам беларускіх студэнтаў.
- Ціханоўская выступіла на пленарным паседжанні эстонскага парламента, заклікала падтрымаць Дар’ю Лосік і ўсіх палітвязняў, спрасціць візавую і міграцыйную палітыку ў дачыненні да беларусаў, але ўзмацніць санкцыі супраць памагатых рэжыму. Таксама папрасіла раздзяляць рэжым і народ, падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі.
- На сустрэчы з міністрам замежных спраў Урмасам Рэйнсалу Святлана Ціханоўская прадставіла ўпаўнаважанага Віталя Малчанава, які будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Эстоніі. Дамовіліся стварыць працоўную групу па вырашэнні міграцыйных пытанняў.
- Эстонія прызначыць спецпрадстаўніка у Вільні, працаваць са Святланай Ціханоўскай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Амбасадара ў Мінск Эстонія не будзе накіроўваць.
- Таксама з міністрам замежных спраў абмеркавалі правядзенне Балтыйска-беларускага форуму і ініцыятывы прыцягнення да адказнасці рэжыму за захоп самалёта, злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі, а таксама блакаванне актываў рэжыму за мяжой. Ціханоўская прапанавала перазапусціць Маскоўскі механізм АБСЕ ў дачыненні да Беларусі.
- З Марка Міхкельсанам, старшынём камітэта па замежных справах Эстоніі, абмеркавалі правядзенне шматбаковай сустрэчы камітэтаў па замежных справах балтыйскіх краінаў, Украіны і Святланы Ціханоўскай.
- Дэпутаты парламенцкай групы ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі пагадзіліся ўзяць патранаж над беларускімі палітвязнямі, а таксама запрасіць у склад групы прадстаўнікоў усіх палітычных фракцыяў Эстоніі.
- Ціханоўскай наведала нацыянальны архіў, дзе ёй паказалі дакументы і перапіску эстонскага ўрада і прадстаўніцтва Рады БНР у 1920-х гадах. Міністр замежных спраў Эстоніі перадаў Святлане Ціханоўскай копію знойдзенага дакумента аб прызнанні Радай БНР Незалежнасці Эстоніі. Таксама яна ўсклала кветкі да мемарыяла ахвярам савецкай акупацыі.