Сёння Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэм'ер-міністрам Латвіі Карыньшам Крыш'янісам.
Яна падзякавала прэм'ер-міністру за падтрымку беларусаў і за тое, што Латвія працягвае выдаваць гуманітарныя візы і падтрымліваць беларускую дыяспару.
Святлана Ціханоўская расказала пра прысуд Андрэю Кузнечыку, пра пераслед незалежных журналістаў, а таксама пра новы рэпрэсіўны закон, які прадугледжвае смяротнае пакаранне за «за замах на акт тэрарызму».
Ціханоўская заклікала прэм'ер-міністра не паддавацца на шантаж Лукашэнкі на тэму транзіту ўкраінскага збожжа. «Гэта была б ганебная ўгода. Без вызвалення палітычных вязняў і спынення рэпрэсій здымаць санкцыі нельга. Гэта прывядзе да яшчэ большай беспакаранасці рэжыму», – заявіла Ціханоўская. Яны таксама абмеркавалі альтэрнатыўныя варыянты паставак збожжа.
На сустрэчы Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне наступнай Рады ЕС, дзе будзе абмяркоўвацца лёс і патэнцыйныя кандыдатуры Украіны, Малдовы і Грузіі ў ЕС. Ціханоўская сказала, што беларусам важна пачуць, што ЕС працягне супрацоўніцтва з Беларуссю і бачыць Беларусь асаблівым партнёрам. Яна прапанавала, каб падчас Саміта прэм'ер-міністр узняў пытанне фармату адносінаў паміж Беларуссю і ЕС зараз і ў будучыні. «Мы не павінны застацца за жалезнай заслонай. Беларусы павінны ведаць і адчуваць, што Еўрасаюз іх падтрымлівае. Добры пачатак быў пакладзены Усёабдымным планам дапамогі ЕС для Беларусі, аднак мы разлічваем, што гэтае супрацоўніцтва будзе мець доўгатэрміновы характар», – адзначыла Ціханоўская.
Яны абмеркавалі таксама эфектыўнасць санкцый. На думку прэм'ер-міністра Карыньша Крыш'яніса санкцыі пачалі працаваць і асноўныя шчыліны ўжо закрытыя. Прэм'ер запэўніў, што Латвія падтрымлівала, падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускі народ і не будзе прызнаваць рэжым Лукашэнкі легітымным.