Сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася з паслом ЕС Дзіркам Шубелем і паслом Польшчы Артурам Міхальскім. Яны былі высланыя з Мінска Лукашэнкам за іх прынцыповасць і цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму.
На сустрэчы Ціханоўская:
– падзякавала паслам за непрызнанне рэжыму Лукашэнкі і падтрымку грамадзянскай супольнасці;
– абмеркавала праграмы дапамогі рэпрэсаваным, малому бізнесу, стыпендыі для студэнтаў, культурных і медыяініцыятыў. Шматлікія беларусы знайшлі бяспеку ў краінах Еўрасаюза, і Офіс працуе над тым, каб яны адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена;
– распавяла пра ініцыятывы і арганізацыі, якія працягваюць працу ўнутры краіны, а таксама пра кампанію дэмакратычных сілаў супраць незаконнага рэферэндуму. Ціханоўская дадала, што важна нагадваць: толькі новыя сумленныя выбары вырашаць крызіс, а не фальшывы «рэферэндум».
– заявіла, што рэжым па-ранейшаму застаецца крыніцай нестабільнасці для ўсяго рэгіёну і свету. Спробы размясціць у Беларусі ядзерную зброю прывядуць да эскалацыі, за якую беларусы ўжо расплачваюцца свабодай і рублём.
Таксама на сустрэчы абмеркавалі расійскія вучэнні ў Беларусі.
Ціханоўская: «Беларусь уцягваюць у канфлікт з суседзямі, і рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазбежная. Я ўпэўненая, што дастаткова дыпламатычных сродкаў, каб вырашыць крызіс. Мы не дазволім рэжыму гандляваць беларускім сувэрэнітэтам».