• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Аднойчы Беларусь далучыцца да Польшчы ў еўрапейскай сям’і свабодных і дэмакратычных краін» – Святлана Ціханоўская

    09 студзеня, 2025

    Святлана Ціханоўская выступіла перад журналістамі на прэс-брыфінгу ў Варшаве:

    «Перш за ўсё, я хачу падзякаваць маршалку Сената Маўгожаце Кідаве-Блоньскай за яе салідарнасць і цёплы прыём тут, у Польскім Сенаце.

    Падчас гэтага візіту я сустрэлася з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам, міністрам Радаславам Сікорскім, міністрам Шлапкам, маршалкам Сейма Халоўняй, міністрамі адукацыі і развіцця, а таксама з членамі парламента. Сёння ўвечары я сустрэнуся з прэзідэнтам Анджэем Дудам.

    Я таксама дзякую ўсім польскім палітычным лідарам, Сейму, Сенату і польскаму народу за вашу салідарнасць і прыхільнасць. Я рада, што тэма Беларусі аб’ядноўвае ўсе партыі і групы ў Польшчы.

    Польшча стала другім домам для сотняў тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад тэрору. Дзякуй вам! Нашы народы аб’яднаныя агульнай гісторыяй, культурай, каштоўнасцямі і барацьбой за свабоду. Цяпер мы працуем разам, каб вывесці наша супрацоўніцтва на новы ўзровень:

    • У Сейме і Сенаце створана група па дэмакратычнай Беларусі пад кіраўніцтвам Гжэгажа Схетыны.
    • Мы таксама працуем над пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і польскім парламентам.
    • Я рада, што Польшча зрабіла Беларусь адным з прыярытэтаў падчас свайго прэзідэнцтва ў Радзе ЕС. У лютым разам з міністрам Сікорскім мы правядзём Форум Касцюшкі, які аб’яднае ключавых еўрапейскіх лідараў і экспертаў.
    • Падчас польскага прэзідэнцтва ў Радзе ЕС мы таксама плануем падрыхтаваць канцэпцыю па бяспецы і адносінах ЕС-Беларусь, каб Беларусь заставалася прыярытэтам для Еўропы.

    На сустрэчах мы таксама абмеркавалі намаганні па вызваленні Анджэя Пачобута і ўсіх палітвязняў. Гэта нашы героі, і яны павінны быць на свабодзе.

    Мы гаварылі пра ўмацаванне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, каб прыцягнуць яго да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі і за ўдзел у агрэсіі Расіі.

    Мы пагадзіліся, што “выбары”, запланаваныя на 26 студзеня, — гэта фарс. Лукашэнка застаецца нелегітымным дыктатарам, які захапіў уладу праз гвалт і павінен быць ізаляваны, а не легітымізаваны.

    Мы таксама абмеркавалі практычную падтрымку беларусаў. Прэм’ер-міністр Туск запэўніў мяне, што міграцыйныя абмежаванні не закрануць беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсій, і гэта падкрэслівае прыхільнасць Польшчы нашым людзям. Мы павінны пашыраць магчымасці мабільнасці, падтрымліваць стыпендыі і абмены. Я таксама прасіла аб выдачы віз і прадастаўленні прытулку беларусам, каб захаваць іх сувязь з Еўропай. Я разумею праблемы бяспекі, і мы гатовыя дапамагаць у верыфікацыі.

    Мы таксама абмеркавалі падтрымку «Белсату», які адыгрывае ключавую ролю ў супрацьдзеянні прапагандзе і «рускаму свету». Мне пацвердзілі, што падтрымка «Белсату» і беларускіх медыя ў выгнанні будзе працягвацца.

    Мы павінны заставацца адзінымі ў падтрымцы Украіны. Мы павінны даць Украіне ўсё, што ёй неабходна для перамогі. Свабодная Украіна наблізіць нас да свабоднай Беларусі.

    Я ўпэўнена, што аднойчы Беларусь далучыцца да Польшчы ў еўрапейскай сям’і свабодных і дэмакратычных краін. Разам мы зробім гэтую мэту рэальнасцю.

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны