Паважаныя міністарка Тордзіс Гільфадоцір,
Міністр Габрыэлюс Ландсбергіс,
Міністр Міраслаў Улахоўскі,
Табіяс Лінднер,
Энрыке Мора,
Дарагія сябры,
Перш за ўсё, дазвольце мне падзякаваць вашым краінам за тое, што яны заўсёды падтрымліваюць беларусаў і адправілі сваіх прадстаўнікоў на гэтае мерапрыемства.
Сёння Беларусь перажывае гуманітарны і палітычны крызіс, а таксама крызіс бяспекі. І калі яшчэ казаць пра гэтую праблему, калі не падчас Тыдня высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН?
Ужо другі год запар дэлегацыя ЕС праводзіць дэбаты па Беларусі. Я хачу падзякаваць паважаным арганізатарам, а таксама Нямеччыне, Ісландыі і Літве за падтрымку гэтай ініцыятывы.
Сёння незалежнасць нашай краіны знаходзіцца пад пагрозай. У беларусаў адбіраюць краіну. І нам патрэбная падтрымка ўсяго свету, каб адстаяць і захаваць яе, як гэта робяць украінцы ў сваёй мужнай барацьбе супраць расійскай агрэсіі.
Трэба дакладна разумець: Расія праводзіць супраць Беларусі ціхую агрэсію, а прадажны, залежны і нелегітымны дыктатар Лукашэнка прасоўвае расійскія інтарэсы. Дзеля захавання асабістай улады Лукашэнка здае Крамлю суверэнітэт, незалежнасць і нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі – найвышэйшыя каштоўнасці для любога народа.
Дзесяцігоддзямі Расія павольна паглынала Беларусь. І калі Лукашэнка пацярпеў паразу на выбарах 2020 года і страціў усякую легітымнасць, Крэмль вырашыў узмацніць жорсткасць кантролю над Беларуссю.
Расія дэ-факта каланізуе Беларусь. Яна знішчае беларускую дзяржаўнасць, узмацняе кантроль над краінай і разбурае нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Расія выкарыстоўвае Беларусь як марыянетку для канфрантацыі з нашымі еўрапейскімі суседзямі.
Важна памятаць пра адно. Расія робіць усё гэта не сваімі рукамі. Менавіта Лукашэнка дапамагае Крамлю ў яго злачынных намерах. Ён адказны за ўсё гэта.
Пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе рэжым стаў адчувальнай пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы. Рэжым дапусціў нямала парушэнняў міжнароднага права. Да іх можна аднесці:
- акт паветранага пірацтва супраць рэйса авіякампаніі Ryanair,
- міграцыйны крызіс на межах ЕС,
- садзейнічанне расейскай агрэсіі супраць Украіны і спрыянне агрэсіі,
- разгортванне ядзернай зброі і пагроза яе прымянення,
- размяшчэнне ў Беларусі наймітаў групы Вагнера, якія ўчынялі ваенныя злачынствы.
- выкраданне і дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Але ўсё пачалося з масавых, сістэматычных парушэнняў правоў чалавека. На думку Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, іх маштаб і жорсткасць можна ахарактарызаваць як злачынствы супраць чалавечнасці.
Наступствы крызісу ў Беларусі ўжо не абмяжоўваюцца пытаннямі рэгіянальнай бяспекі. Яны закранаюць і міжнароднае права, і Статут ААН, і харчовую бяспеку, цэны на энерганосьбіты, а таксама рэжымы кантролю за ўзбраеннямі і нераспаўсюджваннем ядзернай зброі.
Занадта доўга свет не рэагаваў належным чынам на дзеянні рэжыму, а рэжым заставаўся беспакараным. Так болей быць не павінна.
Неабходна выкарыстоўваць наяўныя інструменты і механізмы для прыцягнення рэжыму да адказнасці і захавання незалежнасці Беларусі. Крэмль імкнецца паглынуць Беларусь і робіць для гэтага ўсё, пераступаючы праз нацыянальныя інтарэсы нашай краіны, міжнародныя нормы і заклапочанасць сусветнай супольнасці.
Як сказаў прэзідэнт Зяленскі, выступаючы перад Генеральнай Асамблеяй ААН, Расія практычна праглынула Беларусь.
Надышоў час выпрацаваць стратэгію захавання незалежнасці Беларусі. І дзеянні сусветнай супольнасці павінны быць рашучыя і смелыя.
Па-першае, неабходна асудзіць дзеянні Расіі ў Беларусі. Свет павінен прызнаць, што дзеянні Расіі падрываюць суверэнітэт Беларусі. Следам за гэтым павінны быць прынятыя палітычныя і практычныя меры, такія як увядзенне санкцый супраць Расіі.
Па-другое, дзяржавам і міжнародным арганізацыям неабходна прызнаць права беларускага народа на ўласны геапалітычны выбар. У мінулым месяцы беларускія палітычныя сілы прынялі рашэнне аб перспектыве ўступлення ў ЕС. Беларусь – частка еўрапейскай сям'і, і такі крок быў бы натуральным для Беларусі.
Гэтае рашэнне прагматычнае – менавіта ў ЕС Беларусь будзе ў бяспецы і зможа захаваць незалежнасць і развіваць нацыянальную ідэнтычнасць. Але больш за тое, гэтае рашэнне заснавана на імкненні Беларусі да дэмакратычных каштоўнасцяў і прынцыпаў, на якіх пабудаваны ЕС.
Па-трэцяе, нам неабходная падтрымка ў інстытуцыяналізацыі нашых адносін з ключавымі палітычнымі гульцамі. Мы працуем над гэтым на многіх узроўнях. У Савеце Еўропы ўжо працуе кантактная група па адносінах з дэмакратычнай Беларуссю. У ЕС створана Кансультатыўная група, а ў канцы гэтага года мы рыхтуемся пачаць стратэгічны дыялог з ЗША.
Мы дамагаемся статусу назіральніка ў парламенцкіх асамблеях і некаторых міжнародных арганізацыях. Наша прысутнасць на ГА ААН таксама мае ўнікальнае значэнне – мы адабралі ў рэжыму манаполію на прадстаўленне Беларусі ў ААН.
Па-чацвёртае, неабходна пазбавіць Лукашэнку легітымнасці як унутры краіны, так і на міжнародных пляцоўках. З 2020 года Лукашэнка не прызнаецца легітымным кіраўніком Беларусі. Аднак пагадненні, якія ён падпісвае з Расіяй, нават самыя лёсавызначальныя, не аспрэчваюцца міжнароднай супольнасцю.
Мы ўвесь час чуем: «Мы не можам умешвацца ў двухбаковыя адносіны гэтых дзяржаў». Аднак сённяшнія стасункі паміж Беларуссю і Расіяй нельга назваць нармальнымі: краіна, чые дзеянні не раз прызнаваліся агрэсіяй, праз грошы ўсталёўвае кантроль над Беларуссю.
Па-пятае, неабходна ўмацоўваць аўтарытэт беларускага народа. Важна памятаць: чым больш свет прызнае і падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, тым большы ціск мы аказваем на нелегітымны рэжым. Наша легітымнасць і падтрымка большасці беларусаў – гэта зброя нашай мірнай барацьбы. Захаду неабходна ўмацоўваць нашу легітымнасць, аказваючы беларускім дэмакратычным сілам падтрымку, неабходную для перамогі, а не толькі для выжывання.
Рэжым ужо пачынае рэпрэсіі супраць беларусаў, якія пражываюць за мяжой. Прадстаўнікі рэжыму спынілі выдачу і падаўжэнне пашпартоў у консульствах, каб людзям давялося для гэтага вяртацца ў Беларусь. Гэта ставіць людзей пад пагрозу. У адказ на гэтыя дзеянні мы прадставілі нацыянальны пашпарт Беларусі і будзем дамагацца яго афіцыйнага прызнання. Акрамя таго, мы будзем працаваць з урадамі асобных краін над спрашчэннем працэдур легалізацыі. Мы спадзяемся, што вы падтрымаеце нашы намаганні.
У гэтым пытанні мы віталі б больш значны ўдзел Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, якая магла б ацаніць сітуацыю і выпрацаваць рэкамендацыі для ўрадаў па выкананні правоў беларусаў.
У цэлым, калі казаць пра спецыялізаваныя ўстановы ААН, то яны пакуль не выкарыстоўваюць у Беларусі ўсе магчымасці сваіх мандатаў. УВКБ ААН, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ, Сусветная арганізацыя аховы здароўя не выказваюцца з нагоды крызісу ў Беларусі. Ствараецца ўражанне, што ААН на баку рэжыму. І прапаганда карыстаецца гэтым.
Важна адзначыць, што абмяркоўваць будучыню Беларусі нельга без беларусаў. Без беларусаў мы не ўмацуем аўтарытэт беларускага народа і не зможам знайсці ўзважаныя рашэнні. Напрыклад, мірнае пагадненне аб спыненні вайны супраць Украіны павінна ўключаць патрабаванне аб поўным вывадзе расійскіх войскаў з Беларусі і новую архітэктуру бяспекі, якая ўлічвае інтарэсы Беларусі.
Толькі пры ўдзеле беларускіх дэмакратычных сіл у гэтых перамовах нашы галасы будуць пачутыя, а рашэнні будуць легітымнымі.
Беларускі пункт гледжання павінен улічвацца і ў такіх важных пытаннях, як размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны. Пуціну і Лукашэнку ўсё роўна, што Беларусь становіцца мэтай для магчымых удараў у адказ. Для нас, беларускага народа, гэта цалкам непрымальна. І гэтае меркаванне таксама павінна быць пачутае.
Нарэшце, неабходна выкарыстоўваць механізмы прыцягнення да адказнасці. Лукашэнка і яго набліжаныя павінны панесці адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі і за сваю ролю ў вайне супраць Украіны. Мы заклікаем дзяржавы заняць больш актыўную пазіцыю па выкарыстанні міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, такіх як Міжнародны суд, Міжнародны крымінальны суд і універсальная юрысдыкцыя.
На гэтым тыдні ў Швейцарыі ў рамках універсальнай юрысдыкцыі праходзіць гістарычны судовы працэс супраць былога супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў, датычнага да забойства палітычных лідараў на загад Лукашэнкі ў 1999 годзе. Калі б свет адказаў на тыя злачынствы тады, магчыма, сёння мы не сталі б сведкамі больш маштабных злачынстваў. Але цяпер у нас ёсць магчымасць зрабіць так, каб рэжым не здзейсніў новых злачынстваў.
Дарагія сябры,
Наступіў вырашальны момант: ці будзе Беларусь свабоднай еўрапейскай краінай альбо стане ахвярай расійскага неакаланіялізму? Беларусы поўныя рашучасці перамагчы і захаваць сваю нацыю.
Незалежнасць і нацыянальная ідэнтычнасць – галоўнае багацце кожнага народа. Толькі з імі можна заняць сваё асаблівае месца ў сям'і народаў. Мы заклікаем іншыя дзяржавы дапамагчы нам абараніць наша права на годную будучыню ў незалежнай краіне. Бо менавіта так і робяць у сем'ях – дапамагаюць адзін аднаму.
Дзякуй,
Жыве Беларусь!