– 7-8 лютага Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Варшаве, дзе правяла сустрэчы з прадстаўнікамі Аб‘яднанага Пераходнага Кабінета, ByPol і ініцыятывы ISANS, а таксама са спікерам польскага Сената і яго намеснікамі. Галоўным вынікам візіту стала прыняцце польскім Сенатам рэзалюцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі. Будзе запушчаная праграма стажыровак для маладых палітыкаў.
Таксама Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Сената Польшчы. Яна заклікала сенатараў да рашучасці і адзінства ў падтрымцы Беларусі. Не ізаляваць беларусаў, а даць еўрапейскую перспектыву – беларусы ёсць, былі і павінны быць часткай еўрапейскай сям’і.
– Святлана Ціханоўская правяла пасяджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і выступіла перад новым складам Каардынацыйнай Рады. Кабінет зацвердзіў справаздачу за 6 месяцаў працы, прыняў рашэнне пра падтрымку праекта міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным, разглядзеў новую стратэгію па санкцыйным ціску. На сустрэчы з Каардынацыйнай Радай абмяркоўвалі структуру арганізацыі і ўзаемадзеянне з Кабінетам.
– Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуды Анджэю Пачобуту і рэйкавым партызанам Юрыю Сельвічу і Сяргею Пляшкуну: «Гэтыя прысуды паказваюць, якой рэжым хоча зрабіць Беларусь: ізаляванай ад свету краінай, дзе няма закону і журналістыкі, і дзе нельга быць супраць вайны. Маё сэрца сёння з Анджэем, Сяргеем і Юрыем. З іх сем'ямі, блізкімі і сябрамі. І з кожным з тысячаў беларусаў і беларусак, якія зараз у турме».
– «Нашая бяспека ў нашых руках. Не паддавайцеся на хітрыкі рэжыма, які ашуквае людзей амаль 30 гадоў». Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр запісала відэа, у якім тлумачыць, чаму гэтак званая камісія па вяртанні ў Беларусь – выключна прапагандысцкае мерапрыемства, якое не мае ніякага дачынення да права.
– Святлана Ціханоўская выступіла з падтрымкай пазіцыі Фонду спартовай салідарнасці: «Спартоўцы, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, фальсіфікацыі і вайну ва Украіне, не павінны ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Ні пад якім сцягам – ні пад дзяржаўным, ні пад расійскім, ні пад нейтральным».
– Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і папрасіла паклапаціцца пра сябе і родных: «Дарагія беларусы, зараз нам як ніколі важна захаваць сябе. Важна не дазваляць сабе застацца ў роспачы і прымусіць сябе адмовіцца ад страху, у які заганяе нас рэжым, а таксама думаць цвяроза. Але падрыхтавацца і скласці сабе план дзеянняў на выпадак надзвычайнага здарэння ніколі не будзе лішнім».
– Валанцёры Офіса правялі званок з эканамістам BEROC Зміцерам Крукам, дзе ішла размова пра вайну, санкцыі, забароны і рэальнасць беларускай эканомікі цяпер. Тэкставую версію званка можна прачытаць па спасылцы. Далучыцца да валанцёрскай праграмы Офіса можна праз бот, а падтрымаць – праз збор на BYSOL.
– Каманда Офіса па адукацыі, якую ўзначальвае дарадца Святланы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова, падрыхтавала новы выпуск дайджэста «Асвета». Спампаваць дайджэст, а таксама дадатак з аглядам магчымасцяў на 2023 год можна на сайце «Асветы».
– Прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у Празе арганізавала візіт былых байцоў Палка Каліноўскага ў Чэхію, дзе адбыліся сустрэчы з чэшскімі палітыкамі і грамадзянскай супольнасцю.
– Па прапанове Святланы Ціханоўскай, Сенат Чэхіі падрыхтаваў рэзалюцыю, у якой КДБ І ГУБАЗіК прызнаюцца арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Галасаванне пра прыняцце рэзалюцыі будзе праведзена ў чэшскім Сенаце 15 лютага.
– Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе новую амбасадарку Канады Кэтрын Годзін, якая будзе працаваць з Варшавы ў тым ліку па беларускіх пытаннях. Амбасадарка не будзе ўручаць даверчых лістоў Лукашэнку, і запэўніла ў поўнай падтрымцы Канадай дэмакратычных сілаў Беларусі. Канада вылучыць падтрымку беларускім даследчыкам, медыям, недзяржаўным ініцыятывам.
– Святлана Ціханоўская выступіла на семінары Лонданскай школы эканомікі, прысвечаным Беларусі, а таксама дала інтэрв'ю Europe2023 conference (International media), TVP (Польшча), Wyborcza (Польшча), TVN24 (Польшча), Rzeczpospolita (Польшча).