Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам пра навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўных ведамстваў што да рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванню сістэмы адукацыі.
У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навукі магчыма па спасылцы.
- Міжнародныя магчымасці
– Дарагія чытачы! Звяртаем Вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка на 2023 год прадстаўлены вялікі агляд актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад.
– Патсдамскі ўніверсітэт у межах праграмы падтрымкі маладых вучоных, якім пагражае небяспека ў сваёй краіне, прапануе штомесячную стыпендыю для вучоных-аспірантаў у памеры 1500 еўра працягласцю ад 12 да 30 месяцаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 сакавіка 2023 г.
– Імперскі каледж Лондана прапануе прэзідэнцкую стыпендыю на навучанне ў аспірантуры. Стыпендыя ў памеры 22900 фунтаў стэрлінгаў на год вылучаецца для пакрыцця выдаткаў на навучанне і пражыванне. Таксама прадугледжана кампенсацыя іншых выдаткаў у памеры 2000 фунтаў стэрлінгаў на год на працягу першых 3 гадоў навучання. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 3 сакавіка 2023 года.
– У лютым 2023 г. фонд «Ротары» (The Rotary Foundation) адкрывае конкурс на ўдзел у праграме «Rotary Peace Fellowship» на 2024-2025 гг. для атрымання ступені магістра ў сферы вывучэння міру і развіцця ў шасці вядучых універсітэтах свету. Стыпендыя пакрывае пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, медыцынскае страхаванне, розныя выдаткі на навучанне ды інш. Сачыце за абнаўленнем інфармацыі.
– На пачатку лютага адкрываецца конкурс на стыпендыю ад Лундскага ўніверсітэта (Швецыя). Стыпендыя часткова ці цалкам пакрывае выдаткі на навучанне на ступень бакалаўра ці магістра. На стыпендыю можна падаць заяўку толькі пасля падачы заяўкі на навучанне і ўплаты рэгістрацыйнага збору. Сачыце за абнаўленнем інфармацыі.
– Урад Румыніі прапануе стыпендыі на атрыманне любой ступені вышэйшай адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях (акрамя медыцыны, стаматалогіі і фармацэўтыкі). Навучанне на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах магчыма толькі на румынскай мове. Навучанне ў дактарантуры ў залежнасці ад праграмы магчыма на англійскай ці іншай замежнай мове. Стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне, а таксама пражыванне ў інтэрнаце, медыцынскую страхоўку. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 1 сакавіка 2023 года.
– Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю, якая пакрывае 75% ад кошту навучання ў межах праграмы «The Harvard MBA», а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы па залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023.
– Міжнародная летняя школа (ISS) у Інстытуце малекулярнай біялогіі (Майнц, Германія) запрашае студэнтаў і магістрантаў, якія навучаюцца ў сферы малекулярнай біялогіі, узяць удзел у 6-тыднёвай стажыроўцы, якая пройдзе з 17 ліпеня па 25 жніўня ў Майнцы. Праграма пакрывае выдаткі на навучанне, пражыванне, а таксама транспартныя выдаткі ад краіны пражывання да месца навучання. Тэрміны і патрабаванні да заяўкі будуць апублікаваныя ў самым хуткім часе, сачыце за абнаўленнем інфармацыі.
– Фонд Генрыха Бэля адкрывае конкурс на атрыманне стыпендыі для навучання ў магістратуры і аспірантуры. Памер фінансавай падтрымкі залежыць ад праграмы навучання. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 1 сакавіка 2023 года.
– Бюро па пытаннях адукацыі і культуры Дзярждэпартамента ЗША ў межах Трансатлантычнай стыпендыі Бенджаміна Франкліна (BFTF) запрашае маладых людзей ва ўзросце 16-18 гадоў прыняць удзел у кароткатэрміновай праграме па абмене, якая пройдзе з 24 чэрвеня па 22 ліпеня 2023 г. ва Універсітэце Перд'ю ў г. Уэст-Лафает (ЗША). Стыпендыя пакрывае ўсе выдаткі, удзельнікі праграмы будуць жыць у амерыканскіх сем'ях. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 16 лютага 2023 года.
– Універсітэт Сёдэрторна (Швецыя), які займаецца даследаваннямі ў сферы гуманітарных, сацыяльных і прыродазнаўчых навук, прапануе стыпендыі на навучанне ў дактарантуры па розных дысцыплінах: гендарныя даследаванні, медыя і камунікацыя, сацыяльная праца, гісторыя, філасофія, тэорыя практычных ведаў, этналогія, археалогія, гісторыя мастацтваў, эстэтыка, параўнальнае літаратуразнаўства. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 13 лютага 2023 года. Акрамя таго, універсітэт запрашае суіскальнікаў на займанне даследчай пазіцыі ў праекце ў сферы гарадскога кіравання (дэдлайн – 24 лютага).
– Працягваецца прыём заявак на ўдзел у праграме падрыхтоўкі студэнтаў з Беларусі да паступлення ў амерыканскія ўніверсітэты для атрымання ступені магістра ці доктара (Graduate Students Advising Program). Бясплатны 5-месячны анлайн-курс з удзелам 10 трэнераў па 15 розных тэмах дае поўнае разуменне працэсу паступлення на праграмы магістратуры ці дактарантуры ў навучальныя ўстановы ЗША. Для адабраных удзельнікаў прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці: бясплатны доступ на анлайн-платформы самападрыхтоўкі па англійскай мове (Kuder, Magoosh, Peterson's); магчымасць здаць бясплатна іспыт Duolingo; для найболей актыўных удзельнікаў – бясплатная здача TOEFL, GRE, GMAT. Паспяховае завяршэнне Graduate Student Advising Program з'яўляецца адным з крытэрыяў заяўкі на Opportunity, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку ўрада ЗША для паступлення.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– 12 студзеня ў Вільні адбылася прэзентацыя адукацыйнага праекту «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра». Праект накіраваны на падтрымку і развіццё беларускацэнтрычных адукацыйных ініцыятыў у анлайн і афлайн рэжымах для дзяцей школьнага ўзросту як у Беларусі, так і ў дыяспарах. Праект дасць магчымасць прафесійнай самарэалізацыі для беларускіх настаўнікаў, якія страцілі працу па палітычных прычынах. У межах праекта «Васьміног» будзе таксама ажыццяўляцца канцэптуальная і метадалагічная падрыхтоўка да будучай рэформы школьнай адукацыі ў Беларусі.
– Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ў інтэрв'ю патлумачыла сутнасць асноўных зменаў у сістэме адукацыі Беларусі ў перыяд рэакцыі: «Усе прыярытэты і прывілеі аддаюцца сёння людзям у пагонах». Больш за тое, эксперт упэўнена, што галоўнымі выклікамі беларускай адукацыі на дадзеным гістарычным этапе становяцца: ізаляцыя ад міжнароднага супрацоўніцтва і збліжэнне сістэм адукацыі Беларусі і Расіі, паслядоўнае знішчэнне беларускага нацыянальнага культурнага складніка ў адукацыі – усяго, што звязана з нацыянальнай мовай і культурай.
– Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала апошнія змены ў правілах паступлення ў беларускія ВНУ, пра якія было абвешчана ў канцы мінулага года: «Звонку выглядае, што міністэрства быццам прыдумала новую рэформу, быццам гэта нейкія істотныя крокі. Але насамрэч, калі пачынаеш аналізаваць больш уважліва, бачна, што кожны крок вырашае пэўную прагматычную задачу, каб неяк падтрымаць гэты рэжым, прадстаўнікоў сілавых структур, эканоміку, якая развальваецца».
- Рэпрэсіі
– Педагог Яўген Лівянт, вядомы эксперт у сферы адукацыі, заснавальнік рэпетытарскага цэнтра «100 балаў», а таксама яго жонка, дачка і калега, пасля затрымання ў канцы снежня і пакарання працяглымі адміністрацыйнымі арыштамі, былі пераведзены ў СІЗА. Іх абвінавачваюць па «пратэстным артыкуле» 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
– 13 студзеня падчас аўтобуснай загараднай экскурсіі была затрымана турыстычная група (каля 80 чалавек) і яе экскурсаводы – выкладчык гісторыі, асістэнт кафедры эканамічнай гісторыі БДЭУ, удзельнік Камісіі па найменні і перайменаванні вуліц горада Мінска пры Мінгарвыканкаме, найбуйнейшы даследчык гісторыі Мінска Іван Сацукевіч і вядомы дзеяч турызму, заснавальнік фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш. Маршрут экскурсіі прадугледжваў наведванне народнага абраду «Калядныя цары» ў в.Семежава. Абрад уключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Паводле папярэдняй інфармацыі турысты былі адпушчаны праз пяць гадзін пасля затрымання і праверкі тэлефонаў, а экскурсаводы арыштаваны на 72 гадзіны.
– У Магілёве 12 студзеня быў затрыманы прафесар, доктар сацыялагічных навук Юры Бубноў. Навуковец быў затрыманы проста на кафедры ўніверсітэта. Юры Бубноў – загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін, доктар сацыялагічных навук.
– Стала вядома пра затрыманне настаўніка гісторыі сярэдняй школы №30 г. Мінска Сяргея Козела. Педагог знаходзіцца ў СІЗА-1. Характэрна, што паводле звестак праваабаронцаў, затрыманне адбылося паўтара месяца таму, аднак інфармацыя пра гэта доўгі час заставалася непублічнай.
– 18 студзеня быў затрыманы былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР Мікалай Банькоў. Прычыны затрымання застаюцца невядомымі, аднак характэрна, што дадзеная кафедра займаецца падрыхтоўкай кадравых афіцэраў і афіцэраў запасу для розных сілавых структур, у тым ліку для Узброеных сіл РБ.
– ГУБАЗіК затрымаў аспіранта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталя Плавінскага за каментар па вайне супраць Украіны. «Пакаяльнае» відэа з Плавінскім было апублікавана на адным з праўладных Тэлеграм-каналаў. На каментар Плавінскага справакаваў выяўлены незалежнымі СМІ правакатар.
– 5 і 6 студзеня ў інтэрнаце БДУ былі затрыманы два студэнты першага курса гістарычнага факультэта, адзін з якіх з'яўляецца непаўналетнім. Адзін з затрыманых, Аляксей Рамановіч, абвінавачваецца ва ўдзеле ў страйку ў Лідскай гімназіі, які праходзіў у 2020 годзе. 9 снежня студэнты былі асуджаныя і прыгавораныя да штрафу. У гэты ж дзень яшчэ адзін студэнт гэтага факультэта быў затрыманы на іспыце, але ў той самы дзень адпушчаны.
– Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі студэнтку чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яну Зябко. Яе абвінавачваюць у датычнасці да стварэння і адміністравання чату Свабоднага прафсаюзу БДМУ (на дадзены момант ужо не функцыянуе) і пагражаюць васьмю гадамі турмы.
– ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта Інстытута бізнесу БДУ Данііла Гомана за каментар у адным з чатаў, дзе юнак сцвярджае, што нібыта яго дзед удзельнічаў у спаленні Хатыні. На каментар яго справакаваў выяўлены незалежнымі СМІ правакатар.
- Палітыка рэжыму
– Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў заявіў, што ў выпадку мабілізацыі падлеткі і моладзь павінны быць задзейнічаны ў «архітэктуры бяспекі»: «неабходна правесці першасную падрыхтоўку, каб як мінімум маладыя людзі маглі ведаць, што з сябе ўяўляе аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава, кіданне гранаты», – лічыць кіраўнік БРСМ. На яго думку, падрыхтоўка моладзі ў якасці «падмацавання» для мабілізаваных павінна праходзіць у межах распрацаванага ў савецкі час комплексу фізічных практыкаванняў і выпрабаванняў «Гатовы да працы і абароны».
– Штогадовая прэмія «за духоўнае адраджэнне», якую звычайна атрымлівалі дзеячы культуры, на гэты раз была ўручана Аляксандрам Лукашэнкам падлеткаваму ваенна-патрыятычнаму клубу «Рысь», створанаму ў 2021 г. пры вайсковай часці № 3214 па ініцыятыве самога Лукашэнкі. Характэрна, што гэтая вайсковая часць з'яўлялася адной з галоўных баз сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў падаўленні мірных пратэстаў, а дзеці-ўдзельнікі клуба зняліся ў прапагандысцкім відэароліку, у якім выкрыквалі праўладныя лозунгі.
– Згодна з новымі папраўкамі ў Кодэксе па адукацыі Беларусі, апублікаваным 17 студзеня, здымаецца забарона дзейнасці ў школах грамадскіх арганізацый з палітычнымі мэтамі.
– У школе №52 г. Мінска адкрыўся музей беларускай дзяржаўнасці, экспазіцыя якога ахоплівае перыяд, які пачынаецца ў 1772 г., г.зн. з пачаткам анэксіі беларускіх земляў Рэчы Паспалітай Расейскай Імперыяй. Храналагічна экспазіцыя заканчваецца звесткамі па новай рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай у лютым 2022 г. у выніку рэферэндуму, які суправаджаўся масавымі рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці, і на фоне пагрозы незалежнасці Беларусі ў сувязі з прадастаўленнем рэжымам тэрыторыі краіны войскам РФ для ажыццяўлення агрэсіі супраць Украіны. Адметна, што ў экспазіцыі адсутнічае раздзел, прысвечаны больш раннім беларускім дзяржаўным утварэнням – Полацкаму і Тураўскаму княствам і Вялікаму Княству Літоўскаму.
– 9 студзеня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 12 кніг па беларускай гісторыі, сярод якіх пераважае літаратура пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны аўтарства вядомых даследчыкаў.
– Удзельнікі дзіцячага ваенна– патрыятычнага клуба «Арляняты. Спадкаемцы Перамогі», адкрытага ў Мінску ў сакавіку 2022 года на базе АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, наведалі Яраслаўль для сустрэчы і сумесных мерапрыемстваў з расійскімі дзіцяча-юнацкімі мілітарысцкімі праўладнымі арганізацыямі «Юнармія», «Юны сябра паліцыі» і «Правапарадак». Падчас сустрэч былі падпісаны пагадненні па супрацоўніцтве. Адным з арганізатараў мерапрыемства выступіла Упраўленне МУС Расіі па Яраслаўскай вобласці.
– «Расійскі цэнтр культуры і навукі» ў Гомелі правёў акцыю, на якой дзеці пісалі лісты падтрымкі салдатам расійскай арміі-агрэсара, якія ваююць супраць Украіны, і збіралі для іх пасылкі з цукеркамі і настольнымі гульнямі.
– 35 дзяцей, адабраных на конкурсе малюнка, які праводзіцца пасольствам РФ, з'ездзілі ў якасці прыза на 1 дзень у Маскву, дзе разам з аднагодкамі з акупаваных Луганскай і Данецкай абласцей Украіны наведалі тэатральнае навагодняе прадстаўленне ў Крамлі і экспазіцыю «МуZея Перамогі», у якім праходзіць выстава аб загінулых салдатах арміі РФ, якія ваявалі супраць Украіны.