Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам пра навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўных ведамстваў што да рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванню сістэмы адукацыі.
У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навукі магчыма па спасылцы.
«Дарагія чытачы і чытачкі!
Гэта апошні выпуск дайджэсту за 2022 год. Мы стваралі яго для таго, каб рэгулярна інфармаваць беларускую аўдыторыю па ключавых навінах, якія тычацца сферы адукацыі і навукі, а таксама па магчымасцях міжнароднай падтрымкі для студэнтаў і студэнтак, педагогаў і навукоўцаў, якія былі адлічаныя і звольненыя па палітычных прычынах.
У 2022 годзе ўлады прынялі шэраг новых рашэнняў, якія будуць мець негатыўныя наступствы для сферы адукацыі на ўсіх узроўнях: былі зачыненыя некаторыя ліцэі і большасць прыватных школ; прынятыя меры па ўзмацненні ідэалагічнай і прапагандысцкай работы ў школах і ВНУ; звольненая вялікая колькасць навукоўцаў і выкладчыкаў, якія не падтрымліваюць палітыку рэжыму. Замацавалася ўстаноўка на мілітарызацыю і сек'юрытызацыю сферы адукацыі і, адпаведна, на ізаляцыю ад міжнароднай акадэмічнай супольнасці і далейшае збліжэнне з расійскай сістэмай адукацыі. Такое збліжэнне непазбежна спалучана са скажоным выкладаннем беларускай гісторыі і літаратуры, скарачэннем магчымасцяў навучання на беларускай мове.
Што мы можам зрабіць у такіх цяжкіх варунках? Для таго, каб не губляць сувязі з цывілізаваным светам і павышаць якасць адукацыі (сваёй і сваіх дзяцей), можна выкарыстоўваць самыя розныя рэсурсы і праграмы анлайн-навучання. Каб захоўваць і развіваць нацыянальную культуру, можна больш размаўляць на беларускай мове, чытаць дзецям самыя цікавыя творы беларускіх аўтараў, самастойна вывучаць гісторыю Беларусі.
Каб змяніць сістэму адукацыі ў нашай краіне, ужо зараз неабходна пачаць рыхтавацца да будучых рэформ.
Мы ведаем, што дайджэст чытаюць і ў Беларусі, і ў дыяспарах, і вельмі радыя, што ўсё больш людзей цікавяцца новымі незалежнымі адукацыйнымі ініцыятывамі і ўсведамляюць важнасць рэфармавання сістэмы адукацыі ў Беларусі. Мы будзем працягваць выдаваць дайджэст у 2023 годзе. Будзем вельмі радыя зваротнай сувязі: дзяліцеся з намі сваёй інфармацыяй, ідэямі і прапановамі – і адносна дайджэсту, і адносна сітуацыі ў сферы адукацыі і навукі ў нашай краіне.
Каманда «Асветы» жадае вам усяго самага добрага ў Новым годзе!
Няхай 2023 стане годам заканчэння вайны ва Украіне і спынення рэпрэсій у нашай краіне».
- Міжнародныя магчымасці
– Каб апошні выпуск за 2022 год быў асаблівым, мы падрыхтавалі асобны дадатак з вялікім аглядам актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад! Глядзець дадатак па спасылцы.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова апублікавала відэа, у якім яна дае справаздачу па дзейнасці сваёй каманды. Паводле яе слоў, праца вялася па двух напрамках: падтрымка рэпрэсаваных студэнтаў, выкладчыкаў і вучоных і падрыхтоўка да рэформы сістэмы адукацыі ў Беларусі. Таксама Шчытцова паведаміла, што Еўракамісія выдзеліла два вялікія гранты на падтрымку адукацыі і навукі: «адзін – на падтрымку школьнага напрамку, другі – на падтрымку акадэмічнага напрамку».
– У ЕГУ прайшла экспертная дыскусія «Эканоміка ведаў і развіццё грамадства: перспектывы для Літвы і дэмакратычнай Беларусі», у межах якой адбыўся «абмен вопытам і ідэямі адносна актуальнага стану спраў і перспектыў развіцця эканомікі ведаў у Літве і Беларусі». У абмеркаванні прынялі ўдзел дэпутат Еўрапейскага парламента Андрус Кубілюс, дарадца прэм'ер-міністра Літвы Рымантас Жылюс, беларускі эканаміст Павел Данэйка, прафесар Дэпартамента сацыяльных навук ЕГУ Альміра Усманава. Арганізатарамі дыскусіі, акрамя ЕГУ, выступілі таксама Офіс Святланы Ціханоўскай і платформа беларускай экспертнай супольнасці «Банк ідэй».
– Беларускія эксперты па адукацыі падсумавалі асноўныя змены ў сістэме адукацыі Беларусі за мінулы год. Экс-дацэнт кафедры міжнародных адносін БДУ Роза Турарбекава адзначае падкрэсленую ідэалагізацыю адукацыі, прыкметай чаго яна лічыць увядзенне ў адукацыйную праграму, напрыклад, такой дысцыпліны як «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», якая, паводле слоў эксперта, абгрунтоўвае мэтазгоднасць і значнасць улады Лукашэнкі. Старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Лаўрухін зазначае, што адукацыя «ўсё больш нагадвае войска ці турму» і адзначае, што свабода студэнтаў стала моцна абмежаваная ў сувязі з павелічэннем долі мэтавага паступлення ў ВНУ, т.я. выпускнікі ў канцы навучання павінны будуць адпрацаваць 5 гадоў па абавязковым размеркаванні. Экс-дырэктар ліцэя БДУ Ігар Варакса засяроджвае ўвагу на праблеме даступнасці якаснай адукацыі для розных сацыяльных груп у Беларусі.
– Ігар Варакса (кансультант Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях школьнай адукацыі, былы дырэктар ліцэя БДУ) у разгорнутым інтэрв'ю распавёў пра прычыны свайго звальнення і эміграцыі, параўнаў беларускую школьную адукацыю з украінскай і літоўскай, назваў галоўную памылку беларускіх настаўнікаў і распавёў пра ўзровень адукацыі ў Беларусі: «Калі кажуць, што ў Беларусі найлепшая адукацыя, я катэгарычна не згодны. Гэта міф, а таксама прадукт адсутнасці аб'ектыўнага знешняга ацэньвання і сістэмнай дэзінфармацыі на ўсіх узроўнях».
- Рэпрэсіі
– 28 снежня быў затрыманы вядомы педагог Яўген Лівянт, эксперт у сферы адукацыі, заснавальнік рэпетытарскага цэнтра «100 балаў». У відэа, якое з'явілася ў праўладным Тэлеграм-канале, яго абвінавачваюць у тым, што ён перакрываў дарогі падчас пратэстаў у 2020 годзе, а таксама спрабаваў захапіць уладу праз уваход у склад Каардынацыйнай рады. Пазней стала вядома пра затрыманне жонкі і дачкі Лівянта, а таксама сузаснавальніка цэнтра «100 балаў» Аляксея Іванова. 3 студзеня стала вядома, што кожнаму з затрыманых быў прысуджаны адміністратыўны арышт тэрмінам ад 14 да 15 сутак.
– На волю пасля больш як двухгадовага зняволення выйшла студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ Таццяна Якельчык, арыштаваная ў лістападзе 2020-га па «справе студэнтаў» і асуджаная разам з адзінаццаццю іншымі студэнтамі па «пратэстных» артыкулах. Усе астатнія фігуранты справы выйшлі на волю раней.
– Экскурсаводу Аксане Манкевіч прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» за «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Прыгавор вынесла суддзя Вікторыя Шабуня. Манкевіч правяла ў СІЗА 3 месяцы, і пасля абвяшчэння прысуду была вызваленая ў залі суда. Паводле зменаў у заканадаўстве, прынятых у снежні мінулага года, Манкевіч, пасля прызнання яе вінаватай па «пратэстным» артыкуле, больш не зможа працаваць экскурсаводам.
– 14 снежня быў затрыманы выкладчык гісторыі Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Віталь Могучаў. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне Могучава застаюцца невядомымі.
- Палітыка рэжыму
– Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», згодна з якім стыпендыятаў фондаў па падтрымцы таленавітай моладзі будуць пазбаўляць стыпендый, калі яны былі асуджаныя па «пратэстных» артыкулах Крымінальнага або Адміністрацыйнага кодэксаў. Стыпендыі, якія былі выплачаныя раней, асуджаным за пратэстную дзейнасць маладым людзям неабходна будзе вярнуць дзяржаве.
– У Пскоўскай вобласці Расіі пройдзе «Міжнародны ваенна-патрыятычны летнік», у якім плануецца прыняць сто дзяцей з Беларусі. Арганізатарам летніка з'яўляецца адміністрацыя Пскоўскай вобласці. Адбор падлеткаў будзе праводзіцца «па крытэрыях актыўнасці і ўдзелу ў грамадскіх праектах», прывілей пры адборы будуць мець дзеці, якія вывучаюць гістарычную спадчыну Расіі.
– У Ганцавічах вучняў, якія пастаўлены на ўлік у праваахоўных органах, звадзілі на экскурсію ў СІЗА №6. З дапамогай такога мерапрыемства, паводле слоў прадстаўнікоў МУС, яны хацелі «ўразіць і перасцерагчы непаўналетніх, якія ўжо паспелі запляміць сваё жыццё нядобрымі справамі».