• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • 5000 доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў – Даклад Вярхоўнага камісара ААН

    19 сакавіка, 2024

    19 сакавіка ў Жэневе на 55-й сесіі Рады па правах чалавека будзе прадстаўлены Даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека «Становішча ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх». Неафіцыйная версія дакумента прадстаўленая тут.

    Даклад падрыхтаваны Вярхоўным камісарам – і абапіраецца на кансультацыі трох экспертаў, прызначаных ім для правядзення дадзенай працы. Дакумент ахоплівае перыяд з 1 мая 2020 года да 31 снежня 2023 года. У ходзе даследавання было праведзена 657 інтэрв’ю з ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, а таксама сведкамі гэтых дзеянняў. Інфармацыя, агучаная ў гутарках, падмацаваная больш за 5400 матэрыяламі і доказамі.

    Безумоўна, даклад Камісара не апісвае ўвесь маштаб рэпрэсіяў, якія рэжым Лукашэнкі развязаў у 2020 годзе – і працягвае ўжываць супраць уласнага народа. Але ён дае яснае ўяўленне аб тым, што адбываецца ўсе гэтыя гады ў Беларусі: катаванні і жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, гендэрна абумоўлены гвалт, гвалтоўныя знікненні, утрыманне палітычных апанентаў без сувязі са знешнім светам і многія іншыя парушэнні правоў чалавека. Ацэньваючы маштабнасць і сістэматычнасць парушэнняў, Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН адзначыла: у арганізацыі ёсць разумныя падставы меркаваць, што рэжымам Лукашэнкі было ўчыненае злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу.

    Таксама ў дакладзе Камісар даў дакладныя рэкамендацыі па пераадоленні крызісу з правамі чалавека – у тым ліку шляхам прыцягнення да адказнасці асобаў, вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, у рамках універсальнай юрысдыкцыі.

    Пасяджэнне 55-й сесіі Рады па правах чалавека, дзе будзе разгледжаны даклад, пачнецца заўтра ў 11:30 па мінскім часе. Трансляцыю можна будзе паглядзець па спасылцы.

    Апошнія навіны