У Офісе Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе адбылася сустрэча з заснавальнікам літоўскай дабрачыннай арганізацыі Blue/Yellow Йонасам Охманам. З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Падчас сустрэчы беларускія прадстаўнікі праінфармавалі пра актуальны стан і дынаміку адносінаў з Украінай, уключаючы апошнія кантакты з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і ўкраінскім кіраўніцтвам.
Асноўнай тэмай размовы стала развіццё больш сістэмнага і шчыльнага ўзаемадзеяння паміж Офісам Ціханоўскай у Вільнюсе і арганізацыяй Blue/Yellow. Бакі разгледзелі магчымасці запуску сумесных ініцыятываў, у тым ліку:
— правядзенне супольных інфармацыйных і дабрачынных кампаніяў;
— арганізацыю публічных і экспертных мерапрыемстваў;
— узмацненне каардынацыі ў падтрымцы Украіны, у тым ліку ўкраінскіх вайскоўцаў і беларускіх добраахвотнікаў.
Blue/Yellow — адна з ключавых грамадзянскіх ініцыятываў Літвы, якая з 2014 года аказвае падтрымку Украіне. За гэты час арганізацыя сабрала больш за 96 мільёнаў еўра, якія былі накіраваныя на забеспячэнне ўкраінскіх вайскоўцаў неабходным абсталяваннем, уключаючы дроны, сістэмы назірання, медычныя сродкі і транспарт.
Сустрэча засведчыла ўзаемную зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў, накіраваных на падтрымку Украіны і ўмацаванне рэгіянальнай салідарнасці.
