• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Сакавік 2022 / Выпуск 5

    01 красавіка, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з'явіўся сайт www.asvetaby.org, дзе можна знайсці ўсе выпускі дайджэсту «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    • Рэпрэсіі

    – 25 сакавіка адбыўся чарговы суд над палітвязнем, выкладчыкам БНТУ Ціханам Осіпавым, раней асуджаным на 11 гадоў калоніі. Яго судзілі непасрэдна на тэрыторыі магілёўскай калоніі №15, дзе Ціхан адбывае пакаранне. Паалітвязня абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 ч.2 КК) і прысудзілі яшчэ сем месяцаў зняволення.  Акрамя гэтага, Ціхану Осіпаву змянілі рэжым з узмоцненага на строгі. Жонку палітвязня на суд не пусцілі.

    – Студэнтцы гістарычнага факультэта БДУ Настассі Вайтовіч прысудзілі тры гады абмежавання волі з накіраваннем на «хімію». Суддзя Анастасія Ачалава прызнала дзяўчыну вінаватай у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за ўдзел у «счэпцы» на адной з акцый пратэсту 2020 г. У СІЗА да суда яна правяла амаль 4 месяцы, была прызнана палітвязнем 14 снежня 2021 г.

    – 28 сакавіка  у Гродне распачаўся суд над студэнткай ЕГУ палітзняволенай Сафіяй Сапега. Яе абвінавачваюць адразу па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс зрабілі закрытым.

    – 23 сакавіка ў Мінску была затрымана Таццяна Вадалажская – сацыёлаг, каардынатарка Лятучага Універсітэта і ініцыятарка мноства адукацыйных і грамадзянска-асветніцкіх праектаў. Упершыню яна была затрымана 4 жніўня 2021 г., правяла 10 сутак у ІЧУ на вул. Акрэсціна і была адпушчана ў статусе падазраванай па арт. 342 ч. 1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Вядома, што Таццяна падавала прашэнне ў Следчы камітэт аб магчымасці выехаць на лячэнне ў Літву, аднак замест адказу на хадайніцтва яна была ўзятая пад варту і зараз знаходзіцца ў СІЗА-1 г. Мінска.

    – Меркавана 15-17 лютага ў інтэрнаце быў затрыманы студэнт 4 курса БДУІР Яўген Маляўка. Па неправеранай інфармацыі затрыманне адбылося ў рамках 342 артыкула КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Цяпер студэнт знаходзіцца ў СІЗА-1 г. Мінска. 29 сакавiка 2022 г. Яўген Маляўка прызнаны палітвязнем.

    – 31 сакавіка ў г. Бабруйску суд вынес рашэнне па справе настаўніцы гісторыі сярэдняй школы №27 Ларысы Секержыцкай. Яе прызналі віноўнай у незаконным пікетаванні з выкарыстаннем сініх і жоўтых стужачак у валасах з мэтай «выражэння свайго грамадска-палітычнага настрою у сувязі з падзеямі ва Украіне» (затрыманне адбылося 4 сакавіка, на жанчыну за яе прычоску, упрыгожаную сінімі і жоўтымі стужачкамі, выклікалі міліцыю яе калегі-педагогі, пасля чаго яна была дастаўлена ў апорны пункт, дзе на яе склалі пратакол, канфіскавалі тэлефон, прымусілі распрануцца і абшукалі). Настаўніцы прысудзілі штраф 2240 рублёў.

    – 25 сакавіка ў актавай зале Гомельскага аўтамеханічнага каледжа ў прысутнасці 200 навучэнцаў адбылося публічнае паказальнае затрыманне непаўналетняга.

    – У праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся «пакаяльныя» відэа з дзвюма вучаніцамі гомельскага каледжа кулінарыі, дзе яны выказваюць шкадаванне аб тым, што апублікавалі ў Цік-току ролікі з перамяшчэннем ваеннай тэхнікі.

    – Дочкі вядомай пісьменніцы і звольненай раней за грамадзянскую пазіцыю настаўніцы Ганны Севярынец Яўгенія і Любоў Субат адлічаныя па палітычных матывах з філалагічнага факультэта БДУ. Дзяўчыны былі затрыманыя падчас антываеннай акцыі каля мінскага чыгуначнага вакзала 28 лютага і асуджаныя на 15 сутак.

    – У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце звольнілі Альбіну Семянчук – кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры беларускай культуры. 23 сакавіка стала вядома, што з ёй не працягнулі кантракт. Звальненні па палітычных прычынах у Гродзенскім універсітэце пачаліся яшчэ летась.

    • Палітыка рэжыму

    – Ва ўсіх ВНУ Беларусі з 1 верасня ўводзяць тры новыя дысцыпліны незалежна ад спецыяльнасці навучання: «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», «Сучасная палітэканомія» і «Філасофія». Міністр адукацыі А. Іванец, каментуючы новаўвядзенне, заявіў, што цяпер «студэнты першага курса будуць мець магчымасць шмат у чым вядомыя гістарычныя факты разгледзець менавіта з пункту гледжання грамадска-палітычных падзей».

    – У Беларусі аднавілі прыём дакументаў на апастыль, які неабходны для пацвярджэння дакументаў за мяжой, у тым ліку пры паступленні ў замежныя навучальныя ўстановы. З 10 сакавіка паслуга была недаступная, а пасля аднаўлення прыёму дакументаў яе кошт вырас з 16 да 160 рублёў, падставай для чаго стала пастанова Савета Міністраў ад 21 сакавіка 2022 г.

    – 8 сакавіка Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў тэрміновым парадку прыпыніла ўдзел Беларусі і Расіі ва ўсіх сваіх праграмах, у т.л. у Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA) у сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны.

    – Афіцыйны прафсаюз БДУ прапануе паўдзельнічаць у абмеркаванні праекту новай Калектыўнай дамовы. У сваю чаргу, Вольны прафсаюз БДУ пачаў падрыхтоўку чарговай справаздачы аб парушэннях Калектыўнай дамовы, у якой звяртае ўвагу на масавыя незаконныя звальненні выкладчыкаў і невыкананне афіцыйным прафсаюзам БДУ сваіх абавязкаў.

    – Выкладчыкі, звольненыя па палітычных прычынах, расказалі пра палітычны ціск у ВНУ. Па іх словах, у адміністрацыі ВНУ для барацьбы з «нядобранадзейнымі» прыходзяць указанні з КДБ.

    – 24 сакавіка ў школах Беларусі прайшла прысвечаная падзеям ва Украіне інфармацыйная гадзіна «Беларусь – краіна міру, сяброўства і добрасуседства», мэтай якой з'яўлялася «фарміраванне ў вучняў уяўлення аб міралюбівай палітыцы Рэспублікі Беларусь», аб чым сведчаць планы-канспекты, размешчаныя на сайце Нацыянальнага адукацыйнага. партала. У якасці правераных крыніц інфармацыі школьнікам прапануюць азнаёміцца ​​з інтэрв'ю і публікацыямі аднаго з праўладных гісторыкаў і прапагандыстаў.

    – Школы ў Беларусі пачалі актыўна шукаць кадры на пасады кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання, пасля чаго, магчыма, у школьным раскладзе з'явяцца новыя ўрокі ідэалагічнага зместу. Характэрна, што паводле аб'яў аб пошуку супрацоўнікаў, досвед працы суіскальнікам не патрабуецца.

    – 25 сакавіка ў БНТУ прайшла сустрэча з прапагандыстам Аляксандрам Шпакоўскім. Па словах студэнтаў, Шпакоўскі расказваў пра перавагі дзейнага рэжыму Лукашэнкі, а таксама закрануў тэму вайны Расіі з Украінай, сказаўшы, што Украіна пачала агрэсію першай.

    – 17 сакавіка ў школе №190 г. Мінска прайшоў незвычайны занятак для вучняў 9-х класаў. Як паведамляе Упраўленне па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, дзяцей вучылі формам і метадам барацьбы падпольшчыкаў: ладзіць сабатажы, дыверсіі, напады і тэракты ў дачыненні да акупацыйных уладаў, весці антыфашысцкую прапаганду і выводзіць людзей з гарадоў у партызанскія атрады.

    – У адной са школ г. Гродна прайшла сустрэча школьнікаў з ідэолагам-ваенным з Мінска, які расказваў пра негатыўнае стаўленне да Беларусі з боку ўсіх суседніх краін, за выключэннем Расіі. Асабліва беспадстаўным, на думку выступоўцы, з'яўляецца варожасць да нашай краіны з боку Украіны.

    – У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці школьнікам прапаноўвалася запоўніць патрыятычную анкету, згаджаючыся ці не згаджаючыся з рознымі сцвярджэннямі: ад «тых, хто крытыкуе тое, што адбываецца ў краіне, нельга лічыць сапраўднымі патрыётамі» да «судзейства ў дачыненні да «нашых» на міжнародных спаборніцтвах часта несправядлівае, таму што беларусаў ніхто ня любіць».

    – Для арганізацыі ўрачыстай сустрэчы «Цягнікі гістарычнай памяці» на станцыі «Баранавічы-Цэнтральныя» былі выкарыстаныя выхаванцы Баранавіцкага Палаца дзіцячай творчасці. Акрамя іх, супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія ехалі ў цягніку на мемарыяльнае мерапрыемства ў Брэсцкую крэпасць, сустракала моладзь з БРСМ, супрацоўнікі ГАУС, РАУС, СІЗА № 6, ваеннай камендатуры і Дэпартамента аховы г. Баранавічы.

    – Мінскі філосаф, былы выкладчык БДУІР Уладзімір Аляксандраў даў інтэрв'ю аб сваім звальненні з універсітэта ў 2018 г. з-за правядзення заняткаў на беларускай мове, аб спробах абараніць свае правы і аб эміграцыі ў Ізраіль.

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Прадстаўнікі рускамоўных акадэмічных колаў за мяжой апублікавалі адкрыты ліст з заклікам падтрымаць украінскіх, расійскіх і беларускіх вучоных, якія пацярпелі ад вайны РФ супраць Украіны. Пад дакументам падпісалася больш за 100 выкладчыкаў універсітэтаў ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Фінляндыі.

    – Супольнасць незалежных даследчыкаў Беларусі ў Германіі апублікавала петыцыю-зварот аб падтрымцы незалежных вучоных з Беларусі і ў Беларусі. Аўтары петыцыі заклікаюць міжнародную навуковую супольнасць не разрываць стасункаў з тымі з беларускіх навукоўцаў унутры і за межамі Беларусі, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

    – Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, доктар філасофіі Таццяна Шчытцова прааналізавала новы Кодэкс аб адукацыі. На яе думку, новы нарматыўны дакумент ператварае адукацыю ў «схаваную форму сацыяльнага рабства».

    – У ЕГУ адбыўся дабрачынны вечар у падтрымку Украіны, на якім выступілі студэнты і беларускія музыкі, а таксама адбыўся збор грашовых сродкаў для перадачы ў літоўскі фонд BlueYellow, які займаецца зборам і дастаўкай амуніцыі і медыцынскага абсталявання ва Украіну.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Вільнюскі ўніверсітэт прапануе адмысловую стыпендыю Вялікага Княства Літоўскага для абітурыентаў і студэнтаў з Беларусі і Украіны, якія плануюць навучацца ў Вільнюскім універсітэце. Падаць заяўку на стыпендыю будзе магчыма пасля залічэння ва ўніверсітэт.

    – Інстытут усходнееўрапейскіх даследаванняў Свабоднага ўніверсітэта Берліна аб'яўляе аб прадастаўленні прамежкавых стыпендый для навукоўцаў з Украіны, Беларусі і Расіі, якія знаходзяцца ў небяспецы. Стыпендыі разлічаны на тэрмін ад трох да шасці месяцаў і дазваляюць суіскальнікам у бяспечным становішчы падрыхтаваць заяўку на фінансаванне ў рамках праграмы або чарнавік даследавання ў рамках праектаў, што фінансуюцца звонку.

    – 15 сакавіка пачаўся новы набор на стыпендыяльную праграму К. Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, якія зведалі палітычныя рэпрэсіі. На гэты раз праграма дае магчымасць не толькі атрымання вышэйшай адукацыі на льготных умовах, але і ўдзелу даследчыкаў у навуковых стажыроўках. Заяўкі прымаюцца да 15 траўня.

    – Даследчы цэнтр Усходняй Еўропы пры Брэменскім універсітэце прапануе дадатковыя стыпендыі даследчыкам-уцекачам з Украіны і вучоным з Расіі і Беларусі, якім пагражае небяспека. Стыпендыі прызначаныя для магістрантаў, аспірантаў, малодшых і старэйшых навуковых супрацоўнікаў, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне гісторыі, культуры, палітыкі, эканомікі. Заяўку неабходна падаваць на англійскай ці нямецкай мове. Кантакт для сувязі з арганізатарам: [email protected]

    – У сувязі з новай хваляй рэпрэсій пасля антываенных пратэстаў Офіс па адукацыі для новай Беларусі ў межах праграмы Каралеўства Нідэрландаў «Orange Scholarships» адкрывае прыём заявак на пакрыццё тэрміновых выдаткаў сумай да 500 еўра для студэнтаў, якія зведалі або якім пагражаюць рэпрэсіі, з мэтай іх экстраннага выезду, найму жылля ў бяспечным месцы або навучання за мяжой.

    – Фонд Ракфелера аб'яўляе адкрыты конкурс заявак на праграму рэзідэнтуры Цэнтра Беладжыа для шырокага кола ўдзельнікаў, у тым ліку для навукоўцаў і выкладчыкаў. Прыём заявак – да 17 траўня 2022 г.

    – Дзяржаўны ўніверсітэт г. Кампінес (Бразілія) дае магчымасці для навучання беларускім студэнтам і аспірантам, якія знаходзяцца ў небяспецы (у т.л., пад пагрозай быць прызваным у войска).

    – Урад Нарвегіі аб'явіў аб фінансавай падтрымцы студэнтаў і аспірантаў з Украіны, Беларусі і Расіі, якія навучаюцца ў нарвежскіх ВНУ. З сакавіка па жнівень 2022 года яны будуць атрымліваць стыпендыю, якая дазволіць ім пакрыць выдаткі на пражыванне.

    Больш міжнародных магчымасцяў – на сайце «Честного университета».

    Апошнія навіны