• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступленне Святланы Ціханоўскай на адкрыцці выставы ў Лукішскай турме

    14 чэрвеня, 2021

    «Дарагія сябры,

    Як ні дзіўна гэта гучыць, але я рада вітаць вас сёння тут, у былой Лукішскай турме! За апошні год для ўсіх беларусаў слова «турма» набыло асаблівы сэнс – у кожнага з нас там апынуўся нехта са знаёмых, сяброў, сваякоў, а многія з нас і самі пабывалі там. Мы сутыкнуліся з жорсткасцю і здзекамі, якія адбываюцца ў турмах Беларусі – зараз мы ведаем што такое «прэс-хата», дагляды з распрананнем па тры разы за ноч, інфармацыйная ізаляцыя.

    На жаль, турмы ёсць у любой краіне. Але я ўпэўненая, што пасля таго, што мы перажываем зараз, у новай Беларусі мы зробім усё, каб і ў турме любы чалавек меў гарантыі абароны ад несправядлівасці.

    Гэта зноў прагучыць парадаксальна, але Лукішкі амаль гэтак жа важныя для беларускай культуры, як мінская Валадарка. Пры розных уладах тут сядзелі такія знакамітыя беларусы, як, напрыклад, Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі, Максім Танк, Браніслаў Тарашкевіч, Барыс Кіт і Адам Станкевіч. Невыпадкова, што многія з іх – гэта пісьменнікі і навукоўцы. Творчыя людзі заўсёды выступаюць супраць несправядлівасці і ва ўсе часы аказваюцца нязначнымі для дзяржавы. І вось сёння ў гэтым гістарычным месцы творчыя беларусы свабодна паказваюць свае працы. Мне здаецца, гэта сімвалічна, і кажа пра тое, што час усё-ткі не стаіць на месцы.

    Сёння мы ўбачым працы Уладзіміра Цэслера, майстра дызайну, творчасць якога нас паўсюль атачае ў Беларусі – гэта знаёмыя ўсім лагатыпы, рэклама, і часта мы нават не ведаем, хто іх аўтар. А калі пачалася наша рэвалюцыя, Цэслер стварыў шмат плакатаў, дзе здолеў ёміста выказаць тое, што перажывае кожны.

    Таксама сёння мы зможам паглядзець прэзентацыю фота-прац беларускіх рэлакантаў. Назва прэзентацыі «Мяжа» зараз таксама гучыць для нас вельмі актуальна. Мы пастаянна чытаем навіны пра межы – пра іх закрыццё або адкрыццё, пра дэманстрацыі беларусаў на памежных пераходах, пра беларусаў-бежанцаў і пра паток мігрантаў праз Беларусь. Апошняе асабліва абуральна – рэжым замкнуў краіну для сваіх жа грамадзян, многіх з іх прымусіў бегчы, і ў той жа час выкарыстоўвае бежанцаў з іншых краін як інструмент, каб нашкодзіць суседзям. Аднак я ўпэўненая, што хутка ўсе мы зможам вярнуцца дадому, а межы паміж Беларуссю, Літвой і іншымі нашымі суседзямі больш не будуць месцам супрацьстаяння, а стануць месцам сустрэчы.

    Дзякуй вам усім! Добрага знаёмства з выставай.

    Жыве Беларусь!».

    Апошнія навіны