• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Спрашчэнне міграцыі для беларусаў, выдача візаў, падтрымка еўрапейскай перспектывы Беларусі: вынікі візіту Ціханоўскай у Партугалію

    19 чэрвеня, 2022

    Святлана Ціханоўская правяла працоўныя сустрэчы з прэзідэнтам Партугаліі Марселу Рэбелу ды Соўза, спікерам парламента Аўгуста Сантуш Сільва, міністрам замежных спраў Жоао Гомеш Кравіньё, старшынёй камітэту па замежных справах Серхіа Соўза Пінта, мэрам Лісабона Карласам Маэдасам. Таксама яна сустрэлася з беларусамі Партугаліі.

    Што абмяркоўвалі на ўсіх сустрэчах?

    • Спрашчэнне міграцыйных працэдураў для беларусаў, якія рэлакуюцца з Украіны ці выязджаюць з Беларусі. Гаворка ішла пра выдачу візаў, дазволу на працу, відаў на жыхарства. Партугалія паабяцала працягваць выдачы візаў у Мінску (зараз гэта робіцца праз пасольства Славакіі).
    • Спрыянне рэлакацыі і стварэнне ўмоваў для працы беларускага бізнесу і IT-кампаніяў. У Партугалію, напрыклад, пераехала частка супрацоўнікаў вядомай кампаніі беларускага паходжання PandaDoc.
    • Стварэнне парламенцкай групы сяброў свабоднай Беларусі. Дамовіліся арганізаваць сустрэчы прадстаўнікоў партугальскага парламента з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама дамовіліся распрацаваць праграму стажыровак для маладых беларусаў.
    • Партугалія гатовая падтрымаць згадку Беларусі ў выніковым дакуменце Рады ЕС пра тое, што беларусы таксама змогуць мець еўрапейскую перспектыву пасля дэмакратычных пераменаў.
    • Абмеркавалі 7 пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што нельга спыняць ціск, пакуль не будуць скончаныя рэпрэсіі і вызваленыя палітвязні.
    • Партугалія фактычна згарнула гандаль з дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што важна пазбаўляць рэжым рэсурсаў. Разам з міністрам замежных спраў абмеркавалі магчымасць замарозкі валютных рэзерваў Беларусі да дэмакратычных пераменаў.
    • З прэзідэнтам Партугаліі абмеркавалі магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі ў рэгіёне і магчымасць узняць пытанне Беларусі на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Прэзідэнт падкрэсліў нязменную пазіцыю Партугаліі пра падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі

    На кожнай сустрэчы з палітыкамі Святлана Ціханоўская расказвала пра пераслед прафсаюзаў, закрыццё НДА (больш чым 750 арганізацыяў ліквідаваныя ці ў працэсе ліквідацыі), суды над беларускімі партызанамі.

    «Я ўдзячная Партугаліі, што яна адчыніла дзверы для беларусаў, якія ўцякаюць ад вайны і рэпрэсій. Сюды пераязджаюць нашыя айцішнікі і бізнесы. Аднойчы яны абавязкова вернуцца ў свабодную Беларусь, але нашае сяброўства з гэтай краінай застанецца. Я пачула ад прадстаўнікоў улады, што паміж Беларуссю і Партугаліяй ніколі не было такіх сувязяў, як зараз. Я ўпэўненая, што гэта толькі пачатак», – адзначыла Святлана Ціханоўская.


    На фота: Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Партугаліі Марселу Рэбелу

    На фота: Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Жоао Гомеш Кравіньё

    На фота: Святлана Ціханоўская і мэр Лісабона Карлас Маэдас

    На фота: Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі і прадстаўнікамі украінскай дыяспары
    Апошнія навіны