• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • 10 галоўных вынікаў візіту Ціханоўскай у Германію

    14 чэрвеня, 2021

    Святлана Ціханоўская завяршыла працоўны візіт у Берлін. Адбыліся сустрэчы з дзяржаўнай міністаркай канцылярыі Ангелай Меркель, кіраўніцтвам МЗС, лідарамі асноўных палітычных партый у Бундэстагу. Ціханоўская таксама далучылася да мерапрыемстваў дыяспары і наведала прэм'еру дакументальнага фільма «Кураж» («Смеласць») беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна. Нямецкія палітыкі адзіныя ў падтрымцы беларусаў – прадстаўнікі ўлады, грамадзянскай супольнасці і экспертнай супольнасці гатовыя аказаць дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі і ўзмацніць ціск на рэжым.

    Асноўныя вынікі візіту:

    1. Германія падтрымае санкцыі супраць Лукашэнкі, яго памагатых і асноўных прадпрыемстваў. 4-ты пакет санкцый сфармаваны і будзе апублікаваны ў найбліжэйшыя тыдні. Таксама паведамляецца, што ўжо ідзе праца над 5-м пакетам. Армін Лашэт, кіраўнік кіруючай партыі ХДС, пацвердзіў Ціханоўскай неабходнасць максімізаваць ціск на рэжым і выказаўся ў падтрымку ўвядзення новых, больш шырокіх санкцый.

    2. Праграмы падтрымкі СМІ будуць пашыраныя. Ціханоўскую праінфармавалі, што па яе рэкамендацыі на YouTube, Telegram і вэбсайце выдання была запушчаная асобная беларуская праграма Deutsche Welle. Плануецца пашырыць штат платформы, узяць на працу беларускіх журналістаў-фрылансераў. Германія выдзеліла дадаткова 2,9 млн еўра на падтрымку незалежных СМІ ў самой Беларусі.

    3. Дапамога рэпрэсаваным будзе больш дакладная і эфектыўная. Падчас сустрэч абмяркоўвалі праграмы дапамогі сем'ям палітвязняў, у тым ліку  кампенсацыі працы адвакатаў і перадачы. Абмеркавалі дапамогу праваабаронцам і стачкамам. Ціханоўская прапанавала павялічыць колькасць гуманітарных віз, якія выдаюцца. Зараз Германія падтрымлівае спартоўцаў і дактароў, выдае стыпендыі рэпрэсаваным студэнтам.

    4. У Бундэстагу ўсе фракцыі выступаюць у падтрымку Беларусі. Беларуская лідарка правяла двухбаковыя сустрэчы з лідарамі чатырох найбуйнейшых партый у Бундэстагу: ХДС, СДПГ, Свабодная дэмакратычная партыя, Зялёныя.

    5. Дэпутаты Бундэстагу ўзялі пад апеку некалькі дзясяткаў палітвязняў. Група палітыкаў працуе над прызнаннем рэжыму тэрарыстычным і прыцягненнем яго да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці.

    6. Германія будзе расследаваць злачынствы рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская сустрэлася з групай юрыстаў, якія падалі федэральнаму пракурору Германіі скаргу на сістэматычны гвалт і рэпрэсіі з боку дзяржавы. Генеральная пракуратура Германіі ўжо прыступіла да вывучэння пазову. Чакаецца, што далей пачнецца расследаванне, вынікам якога можа стаць прызнанне Лукашэнкі вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці

    7. Ціханоўская сустрэлася з двума кандыдатамі на пасаду канцлера Германіі – Аналенай Бярбок і Армінам Лашэтам. Таксама Ціханоўская прыняла ўдзел у з'ездзе партыі Зялёных. «Я шчыра веру, што мы знаходзімся на шляху да новай часткі ў гісторыі Беларусі. Я працую над гэтай задачай кожны дзень. Мы не можам дазволіць дыктатарам ствараць гісторыю, таму што гісторыя і будучыня належаць нам – тым, хто бярэ на сябе смеласць пачынаць новае», – заявіла Ціханоўская ў сваім выступе.

    8. Дыяспары будуць каардынаваць з федэральным урадам пытанні дапамогі беларусам. Ціханоўская правяла сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары (Razam, Народныя амбасады), абмеркавала арганізацыю дапамогі рэлакантам і медыцынскай рэабілітацыі, падтрымку сем'яў палітвязняў, праграм для арт-менеджараў і інш.

    9. На кінафестывалі Берлінале прайшла прэм'ера дакументальнага фільма беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Кураж» пра беларускія пратэсты. Ціханоўская наведала прэм'еру і паўдзельнічала ў панэльнай дыскусіі на тэму Беларусі разам са Святланай Алексіевіч.

    10. Правялі малітву за палітвязняў у Беларусі. Ціханоўская выступіла ў царкве, якая сімвалічна з'яўлялася месцам сустрэч апанентаў рэжыму Усходняй Германіі, і казала пра ахвяраў рэжыму, рэпрэсаваных і палітвязняў. Вакол берлінскай царквы таксама праходзіць фотавыстава з працамі дзесяці беларускіх фатографаў пра барацьбу нашага народа за сваю свабоду.


    © Ali Ghandtschi / Berlinale 2021

    Апошнія навіны