• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю». Святлана Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Еўропы

    06 ліпеня, 2022

    Сёння Святлана Ціханоўская прыбыла ў Страсбург, дзе выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Еўропы – кіраўнічым палітычным органам Рады Еўропы. Удзел у паседжанні ўзялі прадстаўнікі больш чым 50 краінаў, а таксама генеральная сакратарка Рады Еўропы. 

    Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам да камітэту з заклікам стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю, у які трэба ўключыць прадстаўнікоў Рады Еўропы, дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзянскай супольнасці. Ціханоўская прадэманстравала ліст, падпісаны асноўнымі арганізацыямі беларускай грамадскай супольнасці ў галінах праваабароны, незалежных СМІ і моладзі з падтрымкай гэтай ініцыятывы.

    Орган, па задумцы Ціханоўскай, павінен даць платформу для супрацы паміж Беларуссю і Радай Еўропы ў шэрагу напрамкаў. Стратэгічнай мэтай застаецца паўнацэннае сяброўства Беларусі ў гэтай арганізацыі.

    Ціханоўская азначыла шэраг напрамкаў, у якіх павінна развівацца сяброўства паміж Радай Еўропы і дэмакратычнай Беларуссю ўжо цяпер:
    – падрыхтоўка рэформаў,
    – транзітнага перыяду,
    – распрацоўка і рэалізацыя праграм падтрымкі правабаронцаў, медыяў, жанчын, моладзі, юрыстаў (адвакатаў), культурных дзеячоў. 

    Ціханоўская заявіла, што смяротнае пакаранне будзе адменена адразу пасля дэмакратычных пераменаў. Менавіта праз смяротнае пакаранне Беларусь была пазбаўленая права сяброўства ў Радзе Еўропы. Ціханоўская распавяла пра справу беларускіх партызанаў, якім пагражае смяротнае пакаранне.

    «Павінна быць больш Рады Еўропы ў Беларусі, і больш Беларусі ў Радзе Еўропы. Мы трапілі ў ізаляцыю праз дзеянні злачыннага рэжыму Лукашэнкі. Ён на працягу многіх гадоў трымаў нашу Беларусь у ізаляцыі. Мы павінны аднавіць добрае імя Беларусі, і вярнуць яе на мапу Еўропы», – падкрэсліла Ціханоўская.

    Выступ Святланы Ціханоўскай выклікаў шматлікія рэакцыі прадстаўнікоў камітэту. Слова ўзялі рэкордныя 27 спікераў: кожны выказаўся ў падтрымку прапановы Ціханоўскай ці задаў пытанне. 

    Выступіў і прадстаўнік Украіны. У адказ Ціханоўская распавяла, што робяць беларусы каб падтрымаць Украіну. Ціханоўская распавяла пра беларускага добраахвотніка Івана «Брэста», які загінуў пару дзён таму ў баях за Украіну.

    У адказах на пытанні Ціханоўская распавяла таксама пра працу ўнутры краіны і за мяжой, адзначыла важнасць падтрымліваць беларускія грамадскія ініцыятывы і прымаць беларускіх уцекачоў. У адказах на пытанні пра магчымыя перамовы з рэжымам, Ціханоўская сказала, што перадумовай да перамоваў з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў.

    Апошнія навіны