• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ​Як падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і?

    07 сакавіка, 2023

    Святлана Ціханоўская: «Нядаўна да мяне на асабістыя размовы запісаўся мужчына з Магілёва. Ён прыйшоў не з ідэяй ці праблемай з жыцця, якую трэба вырашыць, а толькі з адным пытаннем: якія зараз ёсць рэальныя спосабы дапамагаць палітвязням і іх сем'ям?

    Бачыць вашыя палымяныя вочы і шчырае жаданне дапамагаць – асабіста для мяне самая галоўная крыніца сілаў і натхнення. Нават нягледзячы на ўласныя праблемы, перажыванні і цяжкасці, вы працягваеце дзяліцца сваёй сілай і энергіяй з тымі, хто несправядліва знаходзіцца ў турме, знаходзіце спосабы падтрымліваць сем'і палітвязняў. Вы працягваеце дзейнічаць: пішаце лісты, дасылаеце мне фота вашых сустрэчаў, дзе разам збіраеце перадачы і падпісваеце паштоўкі ў турмы. Кожны раз, калі я гляджу на тое, што вы зрабілі і працягваеце рабіць, я адчуваю неверагодны гонар за ўсіх нас. Бо мы ніколі не пакінем сваіх людзей у бядзе.

    Сёння я яшчэ раз хачу нагадаць, што беларусы стварылі шмат карысных ініцыятываў, з дапамогай якіх кожны ахвотны можа падтрымаць нашых палітвязняў і іх сем'і. Вы можаце адправіць данат на любую суму ў фонды «Краіна для жыцця», Politzek.me, BYSOL і Dissidentby. Калі ў вас толькі картка беларускага банка, адпраўляць грошы фондам небяспечна, але вы можаце падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў адрасна праз ініцыятыву Hutka.help. І, вядома, не забывайцеся пісаць і дасылаць лісты і паштоўкі, бо за сценамі турмаў кожны радок з волі вельмі каштоўны. Тут вам могуць дапамагчы ініцыятывы «Майстэрня паштовак салідарнасці» і письмо.бел.

    Дарагія беларусы, я ганаруся кожным з вас. Падтрымлівайце адно аднаго і не забывайцеся берагчы сябе. Усе вы – велізарная каштоўнасць для нашай Беларусі».

    Апошнія навіны