• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Крысціна Рыхтэр: «Мы ведаем, якімі метадамі карыстаецца рэжым, каб ствараць невыносныя ўмовы ўтрымання для палітвязняў. У інтарэсах начальнікаў калоній пакласці канец утрыманню іх без сувязі са знешнім светам».

    22 мая, 2023

    Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала дэталёвы аналіз таго, як прадстаўнікі адміністрацый месцаў няволі абмяжоўваюць у базавых правах ужо пазбаўленых волі палітычных зняволеных. Дакумент дае ўяўленне пра тое, на якія хітрыкі ідуць прадстаўнікі рэжыму для таго, каб як мага больш нашкодзіць людзям. Па сутнасці мы маем справу з планамернай дзяржаўнай палітыкай па ўзмацненні тэрору ў дачыненні да нязгодных. Гэты дакумент можа быць карысны не толькі юрыстам або праваабаронцам. Мы дамо дадзеныя звесткі і нашым партнёрам для іх ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі пры прыняцці рашэнняў адносна далейшых напрамкаў дзеянняў па санкцыйнай палітыцы і прыцягнення да адказнасці асобаў, вінаватых у сістэматычным масавым парушэнні правоў чалавека.

    Рэжым спрабуе зрабіць усё магчымае, каб як мага менш навінаў пра стан палітычных зняволеных трапляла ў медыя і да праваабаронцаў. Адсутнасць навінаў пра Максіма Знака, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Марыю Калеснікаву і многіх іншых вылічаецца месяцамі. Ад людзей не прыходзяць лісты, няма належных законам тэлефонных званкоў, адвакаты не могуць дамагчыся ад начальнікаў калоній, каб іх дапусцілі да сваіх кліентаў.

    Адміністрацыя папраўчых установаў разумее, што гэта яны дзейнічаюць неправамерна. Аднак працягваюць аказваць ціск на людзей, якія аказаліся за кратамі за рэалізацыю сваіх правоў.

    Хацелася б нагадаць, што ўтрыманне зняволеных «інкамунікада» (без сувязі з навакольным светам) само па сабе можа расцэньвацца як катаванні і бесчалавечнае, зневажальнае годнасць чалавека абыходжанне. У сувязі з гэтым не варта чакаць, што да асобаў, якія практыкуюць катаванні ў месцах несвабоды, стаўленне з боку цывілізаванага свету будзе ветлівым. Начальнікам калоній трэба мець на ўвазе, што такія іх дзеянні могуць быць расцэненыя як крымінальна каральныя. Таму заклікаем як мага хутчэй дапусціць да палітычных зняволеных, якія знаходзяцца без сувязі са знешнім светам, адвакатаў, сваякоў, медыцынскіх супрацоўнікаў, дыпламатаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, каб пакласці канец утрыманню іх без сувязі са знешнім светам.

    Прававы аналіз «Пагаршэнне ўмоваў утрымання палітвязняў у месцах несвабоды ў Рэспубліцы Беларусь» можна спампаваць па спасылцы.

    Апошнія навіны