Паважаныя калегі,
Дарагія сябры!
Якой мы хочам бачыць новую Беларусь? Еўрапейскай незалежнай дзяржавай ці Буфернай зонай? Ці — яшчэ горш — расійскай калоніяй? Для мяне адказ відавочны: месца Беларусі — у Еўропе.
Пасля пачатку вайны стала відавочна, што ў саюзе з Расіяй нас чакае тупік. У саюзе з Расіяй Беларусь не можа мець будучыні. Гэта відавочна для тых, хто ў гэтай зале. Але гэта пакуль невідавочна для ўсіх беларусаў у Беларусі. І наша задача — каб гэтае разуменне з’явілася.
Нашая з вамі задача — вырваць Беларусь з расійскай арбіты. Нашая з вамі задача — не дапусціць, каб наша краіна стала суцяшальным прызам для Пуціна па выніках вайны. Нашая задача — правесці дэкаланізацыю Беларусі. Без гэтага — незалежнасць Беларусі будзе заўжды пад пагрозай.
На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы я зрабіла заяву, што ўсе дамовы з Расіяй, падпісаныя нелегітымным рэжымам, будуць дэнансаваныя. Беларусь павінна выйсці з Саюзнай дзяржавы, АДКБ і іншых супольных з Расеяй структур. Расейскія войскі і расійская ядзерная зброя мусяць быць выведзеныя з нашай тэрыторыі. Паводле чэрвеньскіх апытанняў, толькі 4% беларусаў падтрымліваюць аб'яднанне з Расіяй.
Так мы пачнем вяртанне Беларусі ў Еўропу. Уваходжанне Беларусі ў еўрапейскія структуры не будзе хуткім. Але важна пачынаць рабіць крокі ў гэтым кірунку ўжо сёння. Мы прынялі дэкларацыю аб сяброўстве ў Еўрапейскім звязе, і цяпер гэта становіцца нашым палітычным прыярытэтам.
Мы ўжо сёння будуем прысутнасць у еўрапейскіх структурах. У Радзе Еўропы працуе кантактная група, дзе нашу краіну прадстаўляе не рэжым, а дэмакратычная супольнасць. У Еўрапейскім звязе утворана кансультатыўная група. Падобна мы хочам зрабіць у Еўрапейскім камітэце па сацыяльных і эканамічных пытаннях. Прысутнасць у еўрапейскіх структурах дасць нам не толькі голас, але і канкрэтныя інструменты, каб памяняць сітуацыю ўнутры краіны.
Калі быў створаны Аб’яднаны Пераходны Кабінет, я чула, маўляў, ніхто вас не прызнае. Але цяпер я бачу — прыходзіць усведамленне, што мы можам быць партнёрам. Гэта важны задзел на будучыню.
Мы будуем прысутнасць у Кіеве. Супраца з Украінай мае стратэгічнае значэнне — для вызвалення Беларусі, але і на будучыню. У Кіеве таксама прыходзіць разуменне, што з беларусамі трэба супрацоўнічаць. Слова Украіны будзе мець крытычна важнае значэнне ва ўсталяванні новай архітэктуры бяспекі, і Беларусь павінна стаць яе часткай.
Больш чым у 20 нацыянальных парламентах створаныя групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі». Яшчэ нядаўна многія працавалі з лукашэнкаўскім так званым парламентам. Гэты час мінуў. Мы будзем прасіць гэтыя парламенцкія групы стаць нашымі лабістамі па вяртанні Беларусі ў Еўропу.
Еўрапейская Беларусь будзе надзейным партнёрам для нашых суседзяў, гарантам бяспекі і стабільнасці ва ўсім нашым рэгіёне.
Беларусы – еўрапейцы паводле свайго духу, культуры, гісторыі і каштоўнасцяў. Беларусь без Еўропы — немагчымая, як і Еўропа без Беларусі. Як і трывалы мір ва ўсім нашым рэгіёне немагчымы без дасягнення дэмакратыі і аднаўлення законнасці ў нашай краіне.
Дзякуй вам за ўвагу.