• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на Oslo Freedom Forum, 2022

    23 мая, 2022

    «Добры дзень! Я Святлана Ціханоўская. І я не чакала, што апынуся тут.

    Два гады таму я была хатняй гаспадыняй, выхоўвала двух дзяцей з парушэннем слыху. Я не цікавілася палітыкай, і сама думка пра тое, каб выйсці на сцэну як зараз, была для мяне жахам.

    Я стала палітыкам выпадкова. Мой муж Сяргей быў блогерам на YouTube, ён падарожнічаў па Беларусі і браў інтэрв'ю ў людзей пра іх жыццё пры дыктатуры. Гэта натхніла яго балатавацца ў прэзідэнты. Але Сяргея адразу ж арыштавалі, бо ён адважыўся кінуць выклік дыктатару.

    Мне было вельмі страшна. Але аднойчы бяссоннай ноччу я прыняла рашэнне балатавацца замест мужа.

    Да мяне далучыліся дзве цудоўныя жанчыны. Хаця ні ў кога з нас не было палітычнага вопыту, нам спатрэбілася ўсяго 7 хвілінаў, каб аб'яднаць усе апазіцыйныя сілы.

    Вераніка, Марыя і Таццяна – дзякуй вам за тое, што былі побач са мной і тады, і цяпер. Вашая мужнасць заўсёды ўражвала мяне. І я да гэтага часу раўняюся на вас.

    Я памятаю наш першы мітынг. У мяне дрыжаў голас. Я баялася забыцца сваё імя. З таго часу я значна змянілася, але мой голас па-ранейшаму дрыжыць, калі я выступаю перад вялікай аўдыторыяй.

    Так пачаўся наш пратэст. І гэты пратэст працягваецца да гэтага часу.

    • Мы пратэставалі супраць тыраніі. Мы стварылі мірны рух, які вывеў сотні тысячаш людзей на вуліцы на працягу некалькіх месяцаў. Нягледзячы на ​​рэпрэсіі і тэрор, наш пратэст не спыняўся ні на дзень.
    • Мы выступалі за бачанне новай Беларусі. Дзе закон абараняе грамадзянаў, а не толькі ўрад. Дзе міліцыя паважае народ. Дзе тэхналогіі абараняюць дэмакратыю. Дзе культура прасоўвае нашую нацыянальную ідэнтычнасць.
    • Мы згуртавалі міжнародную супольнасць для падтрымкі нашай барацьбы. Наш голас быў пачуты ў Радзе Бяспекі ААН, Еўрапейскім парламенце і ва ўсім свеце. Вось чаму сёння я адчуваю сябе як сярод сяброў.
    • Мы выступалі за свабоду ва Украіне. Нашая краіна была выкарыстаная Крамлём для нападу на суседнюю Украіну. Мы аб'ядналіся ў Антываенным Руху. Бясстрашныя партызаны арганізоўвалі дыверсіі на чыгунках, каб спыніць расійскія войскі. Нашыя добраахвотнікі ваююць разам з украінцамі.
    • Мы ўжо шмат чаго дабіліся. Як сказала Вераніка, адзінства – гэта ключ да поспеху. І мы захавалі яго.

    Нашая грамадзянская супольнасць аднаўляецца з попелу. Незалежныя СМІ зноў адчыняюцца за мяжой пасля таго, як іх выцеснілі з краіны. Праваабаронцы дапамагаюць палітвязням.

    Беларусы зразумелі, што іх лёс знаходзіцца ў нашых руках, і ніхто за нас не зменіць сітуацыю. У нас выпрацаваўся імунітэт супраць дыктатуры. І наш абавязак – зрабіць так, каб яна не паўтарылася ў нашай краіне.

    Вы таксама можаце ўплываць на сітуацыю. Таму я заклікаю вас: далучайцеся да нашага пратэсту супраць тыраніі і прыгнёту.

    • У гэтай залі шмат журналістаў. Вы можаце дапамагчы нам расказваць праўду. Наш пратэст расце, калі вы яго асвятляеце. Дапамажыце нам утрымліваць Беларусь у парадку дня.
    • Тут шмат прадстаўнікоў ІТ. Вы можаце дапамагаць нам інструментамі для барацьбы з цэнзурай – ад VPN да блокчэйна. Наш пратэст у 2020 годзе адбыўся ў тым ліку дзякуючы сацыяльным сеткам. Цяжка ўявіць гэты рух, напрыклад, без Telegram.
    • Тут шмат актывістаў. У вашых сілах ператвараць «глыбокую заклапочанасць» у канкрэтныя дзеянні. Нашаму руху патрэбныя моцныя абаронцы па ўсім свеце.
    • Тут ёсць прадпрымальнікі. Вы можаце падтрымліваць незалежныя ініцыятывы і арганізацыі, каб яны запускалі, напрыклад, праграмы рэабілітацыі дзяцей палітвязняў.

    Тысячы дзяцей чакаюць вяртання бацькоў дадому. Тысячы сем'яў разлучаныя супраць іх волі. Я да гэтага часу не ведаю, як растлумачыць сваім дзецям, што іх бацька быў асуджаны на 18 гадоў турмы.

    Ад усіх нас залежыць, ці давядзем мы наш пратэст да фіналу і перамогі. Нашыя дзеці заслугоўваюць дзяцінства без страху, турмаў і вайны – каб яны таксама змаглі пачаць свой уласны пратэст. Які ўжо будзе не супраць тыраніі, а за светлую будучыню.

    Пачніце свой уласны пратэст за Беларусь. У вашым горадзе. У вашым універсітэце. У вашай кампаніі. Ваш пратэст дасць беларусам энергію для працягу нашага.

    У 2020 годзе беларусы запалілі агонь надзеі на дэмакратычную будучыню. З таго часу мы падтрымліваем гэтае святло.

    Падчас масавых дэманстрацый мы падымалі тэлефоны і стваралі промні святла, каб паказаць, як нас шмат. Давайце зробім гэта зараз. Уключайце ліхтарыкі, падтрымайце гэтае святло. Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны