• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Лістапад 2022 / Выпуск 18

    17 лістапада, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам пра навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўных ведамстваў што да рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванню сістэмы адукацыі.

    У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    7 лістапада пайшоў з жыцця вядомы беларускі вучоны ў галіне літаратуразнаўства, выкладчык, навуковы супрацоўнік Акадэміі навук, літаратар, аўтар шматлікіх манаграфій Міхась Тычына. Рэдакцыя дайджэста «Асвета» выказвае спачуванні калегам, родным і блізкім вучонага.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Адукацыйны рух «Каледжы аб’яднанага свету» (United World Colleges) прапануе для старшакласнікаў 2005–2007 гадоў нараджэння 2-гадовае навучанне па праграме міжнароднага бакалаўрыяту (IB) у адной з 18 навучальных установаў за мяжой. Адабраныя праз анлайн-сумоўе удзельнікі атрымаюць стыпендыі. Навучанне, як і частка сумоўя, вядзецца на англійскай мове. Апошні дзень падачы заявак – 24 лістапада 2022 г.

    – Цэнтр расійскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (CREEES) Стэнфардскага Універсітэта запрашае даследчыкаў у галіне гісторыі і актуальных праблем усходнееўрапейскага рэгіёна да ўдзелу ў стажыроўцы імя Ўэйна Вучыніча. Удзел уключае правядзенне ці працяг асабістага даследавання ў Цэнтры на працягу 12 тыдняў з выкарыстаннем яго бібліятэкі і працоўнай прасторы, удзел у мерапрыемствах Цэнтра, выкладанне ў Цэнтры (1 лекцыя і 1 семінар). Адабраным удзельнікам будзе аказаная фінансавая падтрымка ў памеры 15000 даляраў ЗША, падтрымка ў атрыманні візы, будуць кампенсаваныя расходы на дарогу і медыцынскую страхоўку. Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук, атрыманую на працягу апошніх 5 гадоў. Апошні дзень падачы заявак – 15 студзеня 2023 г.

    – Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Цюрыхскага ўніверсітэта запрашае саіскальнікаў, якія займаюцца даследаваннямі постсавецкіх краін у галіне гуманітарных і сацыяльных навук, на 4-месячную стажыроўку. Арганізатары пакрываюць расходы на дарогу, пражыванне і медыцынскую страхоўку, аказваюць візавую падтрымку, забяспечваюць месца для працы, доступ да бібліятэкі і магчымасць публікацыі вынікаў даследавання ў навуковым выданні Цэнтра. Апошні дзень падачы заявак – 27 лістапада 2022 г.

    – Берлінская асацыяцыя «Акадэмічная сетка Усходняй Еўропы» (Akademisches Netzwerk Osteuropa) у межах праграмы «Навука пад пагрозай» (Science at risk) прапануе кансультацыйна-арганізацыйную дапамогу беларускім даследчыкам і вучоным, пацярпелым ад рэпрэсій і вайны, якая ўключае два напрамкі: экстраную дапамогу з пошукам праграмаў падтрымкі для працягу даследчыцкай, выкладчыцкай дзейнасці ці навучання і прапанова правядзення лекцый і заняткаў за ўзнагароду.

    – Фонд «Дом навук пра чалавека» і Цэнтр франка-расейскіх даследаванняў абвясцілі конкурс заявак для вучоных на атрыманне стыпендыі тэрмінам ад 2 да 3 месяцаў для правядзення даследаванняў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Памер стыпендыі складае 1600 еўра на месяц. Адабраным удзельнікам арганізатары абяцаюць аказаць візавую падтрымку, а таксама даць рэкамендацыйныя лісты для працы ў бібліятэках і архівах. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна мець ступень кандыдата навук і папярэднюю дамоўленасць з адной з навучальных установаў Францыі пра тое, што яно выступіць у ролі прымовага боку на перыяд правядзення даследавання. Апошні дзень падачы заявак – 9 снежня 2022 г.

    – Для беларускіх вучоных са ступенямі магістра, кандыдата ці доктара навук ёсць магчымасць атрымання стыпендыі ўраду Швейцарыі тэрмінам на 1 год, якая складзе ад 1920 да 3500 швейцарскіх франкаў на месяц у залежнасці ад віду праграмы. Пачатак праграмы – 1 верасня 2023 года. Апошні дзень падачы заявак – 9 снежня 2022 г.

    • Рэпрэсіі

    – У канцы кастрычніка ў Акадэміі навук Беларусі прайшлі масавыя затрыманні і вобшукі. Агулам былі затрыманыя больш за 40 супрацоўнікаў, у тым ліку сябра прэзыдыуму АН. У выніку большасць затрыманых былі вызваленыя без суду, трое супрацоўнікаў застаюцца ў зняволенні.

    – Напрыканцы кастрычніка падчас масавых затрыманняў у Акадэміі навук быў затрыманы 71-гадовы сябра-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка. На яго заведзеная крымінальная справа па арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Вядома, што пасля выбараў 2020 г. Давыдзенка падпісаў ліст супраць гвалту і выйшаў з праўладнага прафсаюзу. Ён быў затрыманы разам з жонкай, на якую таксама заведзеная крымінальная справа. Давыдзенка – аўтарытэтны даследчык Інстытута генэтыкі і цыталогіі Акадэміі навук, аўтар блізка 300 навуковых прац.

    – У канцы кастрычніка падчас масавых затрыманняў у Акадэміі навук быў затрыманы намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (структурнага падраздзялення АН) Сяргей Гаранін. У зняволенні ён правёў 10 сутак. Пазней стала вядома, што ён звольнены з Акадэміі навук. Таксама, па яго словах, дырэктары інстытутаў атрымалі распараджэнне прэзыдыуму Акадэміі навук звольніць тых супрацоўнікаў, якім ў часе масавых затрыманняў у канцы кастрычніка былі прысуджаныя адміністрацыйныя арышты. На сваёй старонцы ў фэйсбуку Гаранін таксама падзяліўся шакуючай інфармацыяй пра ўмовы ўтрымання затрыманых па палітычных матывах.

    – 26 кастрычніка аспірантцы БДУіР Вікторыі Ждановіч прысудзілі 1 год пазбаўлення волі агульнага рэжыму. Падставай для абвінавачвання стаў удзел Ждановіч у некалькіх вулічных акцыях пратэсту – суддзя Сяргей Шаціла прызнаў яе вінаватай у парушэнні арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх»). Жанчына была затрыманая 27 жніўня 2022 г. і з таго моманту знаходзілася ў зняволенні.

    – 10 лістапада палітзняволенага экскурсавода Ігара Хмару асудзілі на 2,5 гады хатняй хіміі. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала яго вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падставай для абвінавачвання сталі фатаздымкі з акцый пратэсту 2020 г., знойдзеныя на яго старонках у сацсетках. Хмара быў затрыманы 2 жніўня на вуліцы адразу пасля сканчэння гарадской экскурсіі, якую ён праводзіў на беларускай мове, што, па яго словах, і стала прычынай затрымання. Месцазнаходжанне мужчыны да суду заставалася невядомым на працягу больш як 20 дзён.

    – У Мінску з прымяненнем гвалту затрымалі супрацоўніка Міністэрства адукацыі Сяргея Навумчыка. У відэа, апублікаваным на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, яго абвінавачваюць у тым, што ён перадаваў асабістыя звесткі суддзяў у чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі», пакідаў у чатах каментары з заклікам да сілавога супраціву беззаконню ўладаў.

    – 2 лістапада ў Беларусі былі затрыманыя прынамсі тры супрацоўнікі ЕГУ (імёны застаюцца невядомымі) па абвінавачванні ў невыплаце падаткаў. Пазней стала вядома, што яны выйшлі на волю, аднак у іх канфіскаваныя сродкі сувязі і па іх справах вядуцца следчыя дзеянні.

    – 8 кастрычніка затрыманы ў Брэсце гісторык, краязнаўца, рэдактар культурна-асветніцкай газеты грэка-каталіцкай царквы «Царква» Ігар Бараноўскі быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго прызналі вінаватым у парушэнні арт. 19.11 КоАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») за тое, што ў маі 2021 ён размясціў на старонцы ў фэйсбуку публікацыю з прымацаваным відэа тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім рэсурсам толькі ў лістападзе 2021 г. У 2020 г. Бараноўскага затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, тады ён правёў у зняволенні адзін месяц.

    – Затрыманы буйны беларускі даследчык дэструктыўных сектаў Алег Нагорны. Пасля затрымання Нагорнага ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася відэа з ім, дзе сцвярджаецца, што на яго могуць завесці крымінальную справу за «распальванне нянавісці да рускіх». Вядома, што Нагорны публічна выказваўся супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.

    – Кандыдатка гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Сілова, якую ў кастрычніку гэтага году затрымалі на некалькі сутак і пакаралі штрафам, звольненая з універсітэта «за адсутнасць на працоўным месцы больш за 3 гадзіны». Сілова – найбуйнейшая даследчыца ў галіне канфесіянальнай гісторыі Беларусі.

    – У Гродна двух падлеткаў 14 і 15 гадоў затрымалі за тое, што адзін з іх патушыў вечны агонь на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў, а другі зняў гэта на тэлефон і апублікаваў у інтэрнэце. Затрыманне адбывалася ў прысутнасці навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў №1 і СШ №39. Падлеткам выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства), ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

    – У канцы кастрычніка інжынера Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, палітзняволенага Ціхана Восіпава этапавалі ў папраўчую калонію №20 у Мазырскім раёне. У 2021 г. Восіпаў быў асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, падчас знаходжання ў якой быў паўторна судзімы за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, з прычыны чаго тэрмін пазбаўлення волі быў павялічаны на 7 месяцаў, а ўзмоцнены рэжым умоваў яго зняволення быў заменены на строгі.

    – Былую выкладчыцу БДУ Святлану Воўчак прыгаварылі да 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Вядома, што Воўчак неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 г. і што яна была звольненая з універсітэта ў верасні 2021 г. Арышт жанчына адбывае ў Іванаўскім ІЧУ.

    – У Брэсце затрыманы 19-гадовы студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Аляксей Гарох. З відэа, апублікаванага ў адным з праўладных каналаў, вынікае, што юнака абвінавачваюць у тым, што ён падтрымліваў Украіну ў вайне з Расіяй, перасылаў паведамленні аб перамяшчэнні расійскіх войскаў і абражаў Аляксандра Лукашэнку.

    – У Мінску затрымалі настаўніцу адной са сталічных школ (імя застаецца невядомым), якая з’яўляецца грамадзянкай Літвы. На відэа, апублікаваным у адным з праўладных каналаў, яна сцвярджае, што ўдзельнічала ў вулічных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 г.

    – Падчас масавых затрыманняў і вобшукаў палітзняволеных у папраўчых калоніях адкрытага тыпу, якія праходзілі ў канцы кастрычніка, быў затрыманы для праверкі тэлефона студэнт Акадэміі авіяцыі Ўладзімір Хамічкоў. Згодна са сведчаннямі затрыманых, асуджаных ноччу змясцілі ў закрытае памяшканне, не давалі вады, выклікалі на допыты. У 2021 г. Хамічкоў быў асуджаны на 4 гады «хіміі» за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.

    – У праўладных каналах апублікавана відэа, у якім аднагрупнікі затрыманага раней студэнта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Артура Хлуса сцвярджаюць, што яны разам з Артурам танчылі на фоне бел-чырвона-белага сцяга: такі відэазапіс нібыта быў знойдзены ў Артура ў тэлефоне.

    – Студэнт 1-га курса адной з брэсцкіх вну Андрэй Маслаў быў унесены ў спіс «экстрэмістаў» МУС. Раней Маслаў быў асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі за намер дапамагаць Украіне ў вайне з Расіяй.

    – 10 лістапада распачаўся суд над 68-гадовай былой настаўніцай беларускай мовы Эмай Сцепулёнак. Яе затрымалі 29 верасня 2021 г. за каментар па «справе Зельцара». Пасьля амаль гадавога зняволення, падчас якога ў жанчыны моцна пагоршыўся стан здароўя, яна была пераведзеная пад хатні арышт. Яе абвінавачваюць паводле арт. 369 і арт. 130 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады» і «Распальванне варожасці»). Справа будзе разглядацца ў Міёрскім судзе ў закрытым рэжыме суддзёй Ірынай Яскевіч.

    – 25 кастрычніка дабрачынны фонд «Вяртанне», які на працягу доўгіх гадоў дапамагаў правядзенню буйных мерапрыемстваў у галіне культуры, навукі і адукацыі, ліквідаваны згодна з рашэннем Мінскага гарадскога суда.

    • Палітыка рэжыму

    – Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, сярэдні заробак настаўнікаў па краіне паменшыўся, нягледзячы на тое што два месяцы таму міністр адукацыі Андрэй Іванец заяўляў пра намер дзяржавы яго падняць.

    – Міністэрства адукацыі зацвердзіла новы ўзор школьных атэстатаў. Цяпер у іх ёсць графа для выстаўлення адзнакі за паводзіны вучняў.

    – Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць у першым чытанні праект закону «Пра змены ў законах па пытаннях адукацыі», які рэгламентуе ў тым ліку арганізацыю навучання на мовах нацыянальных меншасцяў. У новым законе будзе пазначана, што ў дзіцячых садах і школах навучанне можа быць арганізавана на замежнай мове пры ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і «пры наяўнасці ўмоў». У былым нарматыўным акце гаварылася, што па жаданні вучняў і бацькоў, пры ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі, па рашэнні мясцовых уладаў – можа быць арганізавана навучанне на мовах нацыянальных меншасцяў.

    – У дзіцячых садах Брэсцкай вобласці супрацоўнікі пракуратуры праводзяць «выхаваўча-патрыятычныя» мерапрыемствы для дзяцей, у якіх прымаюць удзел супрацоўнікі пракуратуры. У службе інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці мэтай правядзення такіх мерапрыемстваў сярод іншага назвалі «асвятленне вынікаў расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны».

    – У дзіцячым садзе № 25 Наваполацка для дзяцей быў арганізаваны патрыятычны канцэрт, на які запрасілі спецыяльную госцю – супрацоўніцу наваполацкай пракуратуры Аляксандру Нікіфараву. На канцэрце дзяцей пазнаёмілі з лялькай «Патрыёцік», якая, як сцвярджае намесніца загадчыка дзіцячага сада Наталля Кузняцова, з’яўляецца сімвалам аўтарскай адукацыйнай праграмы, накіраванай на фармаванне патрыятызму ў малых.

    – У БДУ з новага навучальнага года студэнтаў не будуць навучаць па спецыяльнасці «міжнародная журналістыка». На факультэце журналістыкі застаецца толькі дзве спецыяльнасці: «журналістыка» і «інфармацыя і камунікацыя».

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запусціў праект «Women in Tech» для жанчын, якія жадаюць пачаць ці развіць сваю кар’еру ў сферы IT. Тым, хто толькі пачынае ці нават проста збіраецца пачаць працаваць у IT, праект дапаможа разабрацца ў разнастайнасці IT-прафесій, ацаніць свае навыкі, досвед працы і абраць адпаведную галіну. Таксама прадугледжана ментарская праграма для тых, хто ўжо працуе ў IT, але перажывае прафесійны крызіс. Акрамя таго, у пачатку 2023 г. плануецца адкрыць бясплатныя IT-курсы, а ў абмене досведам і павышэнні матывацыі дапамогуць запланаваныя афлайн-сустрэчы.

    – Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (структурнага падраздзялення АН) Сяргей Гаранін пасьля свайго звальнення з Акадэміі навук апублікаваў тэкст свайго гісторыка-лінгвістычнага навуковага даследавання на тэму асаблівасцяў імёнаў прадстаўнікоў палітычнай эліты Полацкага княства.

    – Інстытут Гётэ ў Варшаве пры падтрымцы Еўрапейскага саюзу запусціў адукацыйны праект Social Camp, які прапануе беларусам прайсці курс з дзесяці дысцыплін гуманітарнай накіраванасці, распрацаваных спецыяльна для беларускай аўдыторыі. Навучанне мае сфармаваць у слухачоў навыкі крытычнага мыслення і аргументацыі. Пасля праходжання ва ўдзельнікаў будзе магчымасць падаць заяўку на атрыманне фінансавай падтрымкі для сваіх сацыяльных праектаў.

    – У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі прайшла абарона дысертацыі на саісканне ступені кандыдата медыцынскіх навук, напісанай на беларускай мове. Выступленні на паседжанні навуковага савета таксама праходзілі па-беларуску.

    – Беларускае незалежнае смі «Маланка Медыя» запусціла ютуб-канал для дзяцей «Маланка дзецям», на якім будуць публікавацца ў тым ліку пазнавальныя відэа, створаныя прафесійнымі педагогамі.

    – Кандыдатка гістарычных навук, дацэнт, былая выкладчыца факультэта міжнародных зносін БДУ Роза Турарбекава выказалася пра змены ў сферы дзяржаўнай вышэйшай адукацыі Беларусі: «рэсаветызацыя», «махлярства» і «дылетанцтва», «спроба стварыць для навучэнцаў карціну свету, зручную для ўладаў». Экспертка ўпэўненая, што ў цяперашніх умовах бацькам давядзецца больш займацца дзецьмі дома, «уключаць іх у сістэму нефармальнай адукацыі, каб яны не згубілі сувязь са светам».

    Апошнія навіны