• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр аб праекце Закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», прынятым 20 снежня 2022 Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні

    03 студзеня, 2023

    Пачынаючы з поствыбарчага перыяду 2020 года на канец лістапада 2022 года ў Рэспубліцы Беларусь ліквідавана больш за 1100 грамадскіх арганізацый і ініцыятываў. Не менш за 699 некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, уключаючы пададзеныя іскавыя заявы аб прымусовай ліквідацыі ў суд, або прымусова выключаныя з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР).

    Расце колькасць беларусаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за нібыта стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў і ўдзел у іх. Фіксуюцца выпадкі ўзбуджэння крымінальных справаў па абвінавачаннях у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт.193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (стварэнне і ўдзел у дзейнасці ад імя незарэгістраваных грамадскіх арганізацый). Працягваюцца затрыманні прадстаўнікоў праваабарончых і іншых некамерцыйных арганізацый, якія засталіся ў краіне. Працягваецца практыка праверак зарэгістраваных НДА дзяржаўнымі органамі. Толькі адзінкі з іх пасля праведзеных праверак не атрымліваюць пісьмовыя папярэджанні аб парушэнні заканадаўства. Маніторынг сітуацыі са свабодай асацыяцый і станам арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь зробленый у лістападзе 2022 года па спасылцы.

    На фоне такога беспрэцэдэнтнага ціску на грамадзянскую супольнасць з боку дзяржавы Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь прыняла ў першым чытанні законапраекты «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Таксама вынесены на грамадскае абмеркаванне праект Закона «Аб змене Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Гэтыя праекты ўвязаныя адзін з адным у галінедоступу грамадзянскай супольнасці ў вырашэнні дзяржаўных пытанняў, а таксама вызначаюць парадак удзелу грамадзянскай супольнасці ў працы Усебеларускага народнага сходу.

    Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Усебеларускім народным сходзе».

    Пасля правядзення рэферэндуму 2022 года па зменах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у яе былі ўнесеныя палажэнні аб Усебеларускім народным сходзе. У прыватнасці, артыкулам 89 Канстытуцыі было замацавана палажэнне, што дэлегатамі УНС з'яўляюцца ў тым ліку прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

    У сувязі з гэтым законапраект «Аб Усебеларускім народным сходзе» змяшчае артыкул 10, у адпаведнасці з якім:

    • Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу ад грамадзянскай супольнасці з'яўляюцца прадстаўнікі суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.
    • Умовы і парадак удзелу суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу вызначаюцца Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, законам аб грамадзянскай супольнасці і іншымі законамі.
    • Найбольшая колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад грамадзянскай супольнасці складае 400 чалавек.
    • Ад кожнага суб'екта грамадзянскай супольнасці, які ўдзельнічае ў выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, выбіраецца роўная колькасць дэлегатаў, якая вызначаецца Цэнтральнай выбарчай камісіяй зыходзячы з колькасці суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, і ўстаноўленай у частцы трэцяй гэтага артыкула найбольшай колькасці дэлегатаў народнага сходу ад грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым забяспечваецца прадстаўніцтва ад кожнай вобласці і горада Мінска.
    • Абранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад грамадзянскай супольнасці ажыццяўляецца вышэйшымі органамі суб'ектаў грамадзянскай супольнасці з ліку сваіх чальцоў (чальцоў арганізацый, якія ўваходзяць у склад суб'екта грамадзянскай супольнасці). Парадак вылучэння і абрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад грамадзянскай супольнасці вызначаецца статутамі суб'ектаў грамадзянскай супольнасці з улікам патрабаванняў гэтага Закона, Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншых законаў.

    У развіццё палажэнняў гэтага законапраекта плануецца да прыняцця праект Закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці».

    Гэты законапраект дае вызначэнне грамадзянскай супольнасці як агульнасці грамадзянаўРэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (далей – грамадзяне), якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых заканадаўствам.

    Суб'ектамі грамадзянскай супольнасці названыя не ўсе НДА, а толькі аб'яднанні грамадзянаўабо юрыдычных асобаў на аснове ўдзелу незалежна ад колькаснага, тэрытарыяльнага і іншых цэнзаў, чыя статутная дзейнасць накіраваная на вырашэнне асноўных задачаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасці, такіх як:

    • забеспячэнне грамадзянскага адзінства;
    • забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага суверэнітэту;
    • садзейнічанне далейшаму развіццю дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы;
    • павышэнне ўцягнутасці грамадзянскай супольнасці ў кіраванне справамі дзяржавы, рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі з улікам прыярытэту нацыянальных інтарэсаў;
    • арганізацыя канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасці, накіраванага на ўмацаванне даверу да інстытутаў дзяржаўнай улады;
    • садзейнічанне ўліку грамадскай думкі і законных інтарэсаў грамадзянаў пры ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі ў мэтах дасягнення грамадскага кансэнсусу па ключавых пытаннях развіцця Рэспублікі Беларусь;
    • павышэнне грамадзянскай самасвядомасці, палітычнай культуры і сацыяльнай адказнасці грамадзянаў;
    • удзел у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні грамадзянаў, заснаваным на культурных і духоўных традыцыях, захаванні гістарычнай праўды і памяці беларускага народа;
    • умацаванне адзінай супольнасці «беларускі народ», выхаванне павагі да ўсіх нацыянальнасцяў, рэлігій і культур.

    !!! Дзейнасць суб’ектаў грамадзянскай супольнасці не можа быць накіраваная на ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці.

    Такім чынам, дзяржавай фармуецца своеасаблівая іерархія НКА:

    • НКА, не аднесеныя законапраектам да суб'ектаў грамадзянскай супольнасці (усе нячленскія формы НКА (установы, фонды), а таксама членскія формы НДА, якія не змогуць быць аднесеныя да грамадзянскай супольнасці ў сілу неадпаведнасці іх напрамку дзейнасці пераліку, указанаму ў артыкуле 4 закона). Пераважная большасць грамадскіх аб'яднанняў трапяць менавіта ў гэтую катэгорыю, што непазбежна прывядзе да дастаткова істотных абмежаванняў іх дзейнасці ва ўзаемадзеянні з дзяржавай. Таксама існуе вялікая верагоднасць абмежавання права грамадзянаў на атрыманне інфармацыі ад дзяржаўных органаў, паколькі паўнамоцтваў запатрабаваць інфармацыю аб запланаваных і ажыццяўляемых імі мерапрыемствах НКА гэтай катэгорыі ў адпаведнасці з арт. 10 законапраекта няма. Гэтыя паўнамоцтвы аддадзеныя толькі НКА, якія з'яўляюцца суб'ектамі грамадзянскай супольнасці.
    • Заснаваныя на членстве формы НКА, аднесеныя да суб'ектаў грамадзянскай супольнасці (грамадскія аб'яднанні, у тым ліку прафсаюзы, а таксама саюзы і асацыяцыі юрыдычных асобаў), чыя дзейнасць адпавядае пераліку задачаў указанаму ў артыкуле 4 закона, але якія не валодаюць патрэбнай колькасцю чальцоў або зарэгістраваных абласных аддзяленняў для адпаведнасці трэцяй катэгорыі. Для іх устаноўленыя агульныя формы ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі: удзел у працы калегіяльных утварэнняў дзяржаўных органаў, грамадска-кансультатыўных радаў, аказанне органамі ўлады садзейнічання ў ажыццяўленні дзейнасці суб'ектаў грамадзянскай супольнасці; удзел суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў фармаванні і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі; унясенне суб'ектамі грамадзянскай супольнасці нарматворчым органам прапановаў аб удасканаленні актаў заканадаўства; удзел суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў падрыхтоўцы і публічным абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў; грамадскі кантроль; дзяржаўная сацыяльная замова; іншыя формы.
    • Суб'екты грамадзянскай супольнасці, для якіх устаноўленыя асаблівыя формы ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі – гэта членскія НДА, якія зарэгістраваныя і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, маюць абласныя і Мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, а таксама з'яўляюцца рэспубліканскімі ГА, колькасць чальцоў якіх складае не менш за 100 000 грамадзянаў, або аб'ядноўваюць не менш за палову зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь прафесійных саюзаў.

    Для трэцяй катэгорыі ўстаноўленыя НДА наступныя асаблівыя формы ўзаемадзеяння: абранне дэлегатаў УНС; правядзенне сустрэчаў з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, прамых тэлефонных ліній, дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, выязных прыёмаў грамадзянаў у мэтах збору і выпрацоўкі прапановаў на абмеркаванне на УНС; удзел у рэалізацыі выніковых рашэнняў УНС.

    Пацвярджэнне аднясення НКА да трэцяй катэгорыі ўскладзенае на Міністэрства юстыцыі. Пералік такіх НКА будзе ў далейшым размешчаны на афіцыйным сайце ўстановы.

    Фактычна пад гэтую катэгорыю трапляюць толькі буйныя ДАНДА (БРСМ, «Белая Русь», БСЖ, БТЧЖ і інш.) і праўладная федэрацыя прафсаюзаў, што ў значнай ступені абмяжоўвае ўсю грамадзянскую супольнасць у іх удзеле ў вырашэнні дзяржаўных задачаў.

    Апошнія навіны