Святлана Ціханоўская сёння прыняла ў сваім офісе намесніцу дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадзянскай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека Узру Зэю, дырэктарку па дэмакратыі Рады нацыянальнай бяспекі ЗША пры Белым доме Тэс Макенэры і амбасадарку ЗША Джулі Фішэр, а таксама прадстаўнікоў каманды Бабарыкі і КР Таццяну Хоміч і Івана Краўцова.
На сустрэчы Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць тэрміновай дапамогі палітвязням і патрабавання іх поўнага вызвалення. На сёння 873 беларусы прызнаныя палітвязнямі. Яшчэ тысячы знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах, але адмаўляюцца ад прызнання палітвязнямі, бо гэта пагражае вялікім ціскам і пагаршэннем умоваў утрымання. Ціханоўская таксама распавяла пра тое, што больш за 20 палітвязняў маюць крытычныя праблемы са здароўем, іх жыццё знаходзіцца пад пагрозай – Ксенія Луцкіна, Мікіта Залатароў, Сяргей Верашчагін і іншыя. «Нельга дапусціць гандлю палітвязнямі – Лукашэнка ўжо пракручваў гэты трук некалькі разоў», – адзначыла Ціханоўская.
На сустрэчы таксама абмеркавалі неабходнасць больш рашучых дзеянняў з боку ААН у вырашэнні не толькі крызісу на мяжы Беларусі і ЕС, але і масавага тэрору ў Беларусі. Яна таксама звярнула ўвагу на неабходнасць аказання дапамогі сем'ям палітвязняў, незалежным медыям, грамадзянскім ініцыятывам у Беларусі, а таксама беларускім рэлакантам. Ціханоўская падкрэсліла: «Людзі павінны адчуваць дапамогу і ведаць, што яны не застануцца ў бядзе».
Узра Зэя распавяла пра запланаваныя і скаардынаваныя паміж ЕС і ЗША санкцыі. На сустрэчы таксама абмеркавалі ўдзел беларускіх дэмакратычных сілаў у саміце па дэмакратыі, які абвясціў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.