Сёння ў Вільні адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай і міністаркі замежных спраў Іспаніі Аранчы Гансалес Лаі. Ціханоўская і Гансалес Лая ўжо сустракаліся ў канцы мінулага года падчас працоўнага візіту абранай лідаркі Беларусі ў Іспанію.
На сустрэчы Святлана Ціханоўская:
– падзякавала Іспаніі за падтрымку і салідарнасць, прыняцце іспанскім парламентам рэзалюцыі па Беларусі, увядзенне санкцый супраць рэжыму, працу па ўтрыманні Беларусі ў фокусе ўвагі ЕС;
– распавяла пра бягучую сітуацыю ў Беларусі, рэпрэсіі, што працягваюцца, у тым ліку – супраць вернікаў, а таксама пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання затрыманых і палітвязняў;
– заклікала Іспанію падтрымаць ініцыятыву перамоў пры міжнародным пасярэдніцтве як мірнае вырашэнне крызісу ў Беларусі. На сёння больш за 770 000 беларусаў прагаласавалі за інклюзіўны дыялог;
– звярнулася да міністра з заклікам падтрымаць чацвёрты пакет санкцый супраць «кашалькоў» Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіях супраць народа;
– заклікала дапамагчы рэпрэсаваным беларусам, праваабаронцам, незалежным медыя, студэнтам і даследчыкам. У размове з міністаркай ішла гаворка пра магчымасць адмены віз ЕС для беларусаў;
– абмеркавала з Гансалес Лаяй арганізацыю экспертнай дыскусіі на тэму правядзення перамоў у Каралеўскім інстытуце Элькана.
«Мяне захапляе, што Іспанія займае такую выразную прынцыповую пазіцыю па Беларусі і пастаянна сочыць за сітуацыяй. Іспанія падтрымлівае беларускі народ і ў ЕС, і ў міжнародных структурах. На сустрэчы з міністаркай мы казалі пра тое, як дапамагчы беларусам зараз і як дапамагчы пасля пераменаў», – адзначыла Святлана Ціханоўская.