• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Навошта Офісу Святланы Ціханоўскай патрэбны NDA? Адказы на самыя частыя пытанні

    12 лістапада, 2022

    1. Навошта Офісу патрэбны NDA?

    NDA патрэбны, каб абараняць людзей у Беларусі, а не палітыкаў у эміграцыі. З 2020 года каманда Святланы Ціханоўскай працуе з валанцёрамі, актывістамі, ініцыятывамі, якія знаходзяцца ў Беларусі ці чые блізкія знаходзяцца ўнутры краіны. Пагадненне пра неразгалошванне з'явілася, каб абараніць дадзеныя гэтых людзей, а таксама інфармацыю пра непублічных супрацоўнікаў і партнёраў Офіса (гэта значыць тых людзей, якія па меркаваннях бяспекі не кажуць публічна пра сваю працу ў Офісе або іншых структурах). Гэтых людзей дастаткова шмат, і ў кожнага з іх ёсць сем'і, калегі, сябры, якія могуць пацярпець, калі інфармацыя выйдзе ў публічны доступ. NDA ў Офісе з'явіўся ў пачатку 2021 года, калі рэжым стаў рэпрэсаваць людзей нават за змест іх перапісак у смартфонах. І ініцыятыва падпісаць NDA належыць людзям, якія ў нашай камандзе займаюцца непублічнымі камунікацыямі з беларусамі. Працэс разгляду парушэння NDA пачынаецца толькі ў тым выпадку, калі ёсць пацярпелы бок – гэта значыць чалавек ці людзі, дадзеныя якіх або пра якіх апынуліся разгалошаныя.

    Пасля таго, як у камандзе з'явіўся NDA, унутраная і канфідэнцыйная інфармацыя з Офіса, напрыклад, змест zoom-сустрэчаў з актывістамі, перастала выходзіць за межы каманды і рэгулярна з'яўляцца, напрыклад, у прапагандысцкіх тэлеперадачах.

    2. Той, хто падпісаў NDA, не можа крытыкаваць Святлану Ціханоўскую або Офіс?

    Можа, і ёсць дастаткова прыкладаў, калі людзі, якія маюць пагадненне пра неразгалошванне, свабодна выказваюцца ў сваіх сацсетках і прэсе. NDA ніяк не абмяжоўвае свабоду выказвання меркаванняў, NDA абмяжоўвае толькі распаўсюджванне інфармацыі, атрыманай у Офісе. Пры гэтым супрацоўнікі і партнёры ў індывідуальным парадку прапрацоўваюць асобны дакумент з выключэннямі з базавага NDA. Напрыклад, публічныя спікеры адкрыта адказваюць на пытанні журналістаў. Супрацоўнікі займаюцца даследчай дзейнасцю, пішуць кнігі, выступаюць экспертамі ў СМІ, вядуць дыпламатычную працу, каардынуюць працу з прадстаўнікамі розных НДА, партыяў, урадаў і краінаў. Таму задача NDA – дапамагчы стварыць бяспечныя межы для тых, хто супрацоўнічае з Офісам непублічна. Пры гэтым сам факт наяўнасці NDA не хаваецца, многія супрацоўнікі публічна казалі пра дамову ў сваіх інтэрв'ю.

    3. NDA Офіса дзейнічае 10 гадоў пасля заканчэння працы. Чаму?

    Неабходнасць абароны дадзеных пра супрацоўнікаў, актывістаў, даследаванні, зоны адказнасці і ўнутраныя пратаколы працы не знікае ў момант заканчэння супрацоўніцтва з Офісам. Непублічныя супрацоўнікі і партнёры могуць не турбавацца пра сваю бяспеку незалежна ад таго, ці працягваюць яны супрацоўніцтва прама цяпер.

    4. Які механізм прыцягнення да адказнасці?

    Кожны выпадак мусіць разглядацца індывідуальна. У базавым пагадненні пазначаная сума, прапанаваная юрыстамі, якія працуюць з падобнымі дакументамі ў Літве, паколькі ў гэтай краіне Офіс Святланы Ціханоўскай мае прадстаўнічы статус. Пры разглядзе асобных выпадкаў можа не прымяняцца штраф, у нашай каманды былі такія кейсы. Пазначаная сума служыць неабходным арыенцірам, але не абавязковым да выканання ў 100% выпадкаў. Механізм наступны: кіраўніцтва Офіса разглядае пэўны выпадак і ацэньвае страты бяспекі, следам за гэтым прымаецца рашэнне пра далейшыя дзеянні. Магчымыя розныя рашэнні – ад непублічнай ліквідацыі наступстваў парушэння пагаднення або абмежавання доступу да пэўнай інфармацыі да штрафу, сума пры гэтым агаворваецца сіметрычна стратам. Для вырашэння сітуацыі Офісу ні разу не даводзілася звяртацца ў суд – усе сітуацыі вырашаліся па згодзе бакоў у дасудовым парадку.

    5. Чаму Офіс патрабуе падпісання NDA ад людзей, якія не працуюць у Офісе?

    Людзі, якія становяцца нашымі партнёрамі, атрымліваюць доступ да непублічнай інфармацыі і непублічных кантактаў. Зараз непублічных супрацоўнікаў у Офісе больш, чым публічных. А інфармацыя, з якой працуе Офіс, часта змяшчае дадзеныя, якія пагражаюць бяспецы тых людзей, якія працавалі над іх зборам або стварэннем.

    Таксама Офіс прапанаваў скарыстацца сваім базавым NDA тым, хто пачаў супрацоўніцтва з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам – паколькі ў момант яго стварэння яшчэ не былі гатовыя ўнутраныя пратаколы для Кабінета. Некаторыя партнёры выказалі крытычныя заўвагі да фармату NDA, і Офіс адаптуе дамову пад розныя фарматы ўзаемадзеяння з партнёрамі.

    Апошнія навіны