• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дапамога – Беларусі, санкцыі – рэжыму. Ціханоўская сустрэлася з шэрагам еўрапейскіх лідараў і кіраўніцтвам інвестыцыйных банкаў

    03 верасня, 2021

    Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у стратэгічным форуме ў Бледзе па запрашэнні славенскага ўрада. Там яна правяла шэраг сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі і экспертамі: славенскім прэм'ер-міністрам Янезам Яншам і кіраўніком МЗС Анжэ Логарам, албанскімі прэм'ер-міністрам Эдзі Рамам і кіраўніцай МЗС Ольтай Джачка, міністрам замежных спраў Румыніі Багданам Аўрэску, міністрам замежных спраў Харватыі Гордан Грліч-Радман і іншымі.

    Што абмяркоўвалася на гэтых сустрэчах?

    • Усходняе партнёрства

    Ціханоўская прапанавала распрацаваць адмысловы падыход Усходняга партнёрства па Беларусі. Яна адзначыла, што рэжым самаўхіліўся ад удзелу ў праграме, але беларусы ў ёй зацікаўленыя. Ціханоўская заклікала ЕC запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху на саміт Усходняга партнёрства і перанакіраваць праграмы супрацоўніцтва на няўрадавыя арганізацыі, паколькі «рэжым страціў легітымнасць».

    • Пяты пакет санкцый і шчыліны для рэжыму, якія трэба закрыць

    На сустрэчах з прадстаўнікамі Еўрапейскай Рады, а таксама міністрамі замежных спраў шэрагу краін ЕС Ціханоўская звярнула ўвагу, што кампаніі і кашалькі рэжыму спрабуюць абысці сектаральныя санкцыі праз шэраг шчылін. Беларуская лідарка адзначыла, што намёкі рэжыму на вызваленне палітвязняў паказваюць эфектыўнасць санкцый. Таму важна працягваць ціск, увесці пяты пакет санкцый ЕС і ўключыць туды шэраг чыноўнікаў, сілавікоў, суддзяў і пракурораў, а таксама кампаній, што супрацоўнічаюць з рэжымам.

    «Мы заклікаем устрымацца ад кантактаў з рэжымам, пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе зняволеныя па палітычных прычынах. Адзінае, што дапаможа вырашыць крызіс у Беларусі – новыя свабодныя і справядлівыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі», – падкрэсліла Ціханоўская пасля сустрэчы з прэм'ерам Славеніі, якая старшынствуе ў ЕС.

    • Павелічэнне дапамогі грамадзянскай супольнасці

    На сустрэчы з еўракамісарам Варгеліем Ціханоўская заклікала ЕС запусціць праграму дапамогі для журналістаў і незалежных медыя, якія зведваюць рэпрэсіі. ЕС перанакіруе сродкі, якія ішлі на дзяржаўныя праекты, на падтрымку грамадскіх і адукацыйных праграм.

    Ціханоўская прапанавала міністру замежных спраў Харватыі запусціць праграму рэабілітацыі беларускіх палітвязняў і іх сем'яў. З кіраўніком МЗС Румыніі беларуская лідарка абмеркавала супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы інстытуцыйных рэформаў, у тым ліку, у пытаннях вяршэнства закона, незалежнай судовай сістэмы, барацьбы з карупцыяй.

    • Інвестыцыі ў новую Беларусь

    Ціханоўская падзякавала кіраўніку Еўрапейскага інвестыцыйнага банка за прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму, прыпыненне новых аперацый і адкладзеныя выплаты дзяржаўнаму сектару. З кіраўніком Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Ціханоўская абмеркавала актуальныя і будучыя праекты банка і магчымасць прыцягнення інвестыцый у Беларусь, у тым ліку для правядзення рэформаў.

    «Новая Беларусь будзе мець патрэбу ў рэформах і вашай дапамозе. Так, мы працягваем барацьбу з рэжымам, але мы таксама думаем, як адбудоўваць краіну пасля пераменаў», – заявіла Святлана Ціханоўская.

    Апошнія навіны