• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла перад Радай бяспекі ААН. Тэкст яе прамовы

    22 студзеня, 2021

    Сёння, 22 студзеня, Святлана Ціханоўская выступіла на анлайн-пасяджэнні чальцоў Рады бяспекі ААН па формуле Арыі. Яго тэмай стала свабода СМІ ў Беларусі, сустрэча ініцыяваная чальцамі Рады бяспекі з Эстоніі, Францыі, Ірландыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі і ЗША.

    Святлана гаварыла пра крытычную сітуацыю ў Беларусі і гісторыі рэпрэсаваных журналістаў, сфальсіфікаваныя крымінальныя справы супраць медыя, галадоўку Ігара Лосіка. Гэта другое пасяджэнне Рады бяспекі ААН з удзелам Ціханоўскай. Першае было 4 верасня, і тады яна заклікала ўвесці санкцыі супраць тых, хто мае дачыненне да парушэння правоў чалавека ў Беларусі і прыняць меры для спынення гвалту.

    Таксама на пасяджэнні выступіць Павел Латушка. Ён падкрэсліць важнасць працы незалежных СМІ, якія дапамагаюць раскрыць і паказаць свету злачынствы рэжыму Лукашэнкі. Таксама ён зверне ўвагу, што журналісты – гэта не адзіная група, супраць якой працягваюцца сістэматычныя рэпрэсіі з боку рэжыму. Кіраўнік НАУ падтрымае прапанову пра ўключэнне Беларусі ў афіцыйны парадак дня Рады бяспекі ААН і закліча яго чальцоў прыняць неадкладныя меры па вырашэнні беларускага крызісу.

    Поўная прамова Святланы Ціханоўскай на пасяджэнні:

    «Паважаныя чальцы Рады Бяспекі ААН,

    хачу падзякаваць арганізатарам дыскусіі пра свабоду СМІ ў Беларусі.

    З верасня сітуацыя ў Беларусі не палепшылася. Толькі пагоршылася.

    Пратэст супраць сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі меў выключна мірны характар. Аднак рэжым адказаў гвалтам. Незалежныя СМІ дапамаглі праліць святло на тое, што адбываецца: незаконныя затрыманні, катаванні і забойствы мірных пратэстоўцаў. Гэта зрабіла СМІ мішэнню машыны рэпрэсій Лукашэнкі.

    Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2020 годзе незалежных журналістаў затрымлівалі больш за 470 разоў, 97 журналістаў зведалі адміністрацыйныя арышты, 50 сайтаў СМІ былі заблакаваныя, а 15 журналістам у цяперашні час прад'яўленыя надуманыя абвінавачванні.

    Сярод рэпрэсаваных апынуліся трое бясстрашных журналістак – Дар'я Чульцова, Кацярына Андрэева ​​і Кацярына Барысевіч, якія ўжо два месяцы знаходзяцца ў турме. Ім інкрымінуюць арганізацыю масавых акцый пратэсту і раскрыццё медыцынскай інфармацыі пра Рамана Бандарэнку, пратэстоўца, забітага памагатымі рэжыму. Уся віна журналістак у тым, што яны робяць сваю працу, і кажуць праўду.

    Сярод іх чатыры чальцы беларускага «Прэс-клуба», а таксама яго заснавальніца Юлія Слуцкая. Сярод іх паважаны журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Іх віна ў тым, што яны ажыццяўлялі сваю працу па падтрымцы СМІ і ахвяр палітычных рэпрэсій.

    Сярод іх Ігар Лосік, адміністратар аднаго з самых папулярных беларускіх каналаў у сацыяльных сетках. Ён абвясціў галадоўку больш за месяц таму. Ён вінаваты толькі ў тым, што кажа праўду.

    Мой муж Сяргей Ціханоўскі, вядомы Youtube-блогер, абвінавачваецца ў арганізацыі масавых акцый пратэсту, але яго віна толькі ў тым, што ён кажа праўду і планаваў балатавацца ў прэзідэнты. Я і двое нашых дзяцей не бачылі Сяргея амаль 8 месяцаў.

    СМІ знаходзяцца пад націскам рэжыму, і гэта толькі частка больш шырокай карціны рэпрэсій у Беларусі: больш за 32 тысячы чалавек прайшлі праз затрыманні, каля 900 падазраваных па палітычна матываваных крымінальных справах, 400 выпадкаў катаванняў, пра якія паведаміла ААН, 8 актывістаў загінулі ў сувязі з гвалтам  сілавікоў. Ні адзін дзяржаўны чыноўнік не быў прыцягнуты да адказнасці. Нягледзячы на ​​такі гвалт, беларусы працягваюць пратэставаць кожны дзень. Яны дэманструюць мужнасць, годнасць і трываласць.

    Я заклікаю ААН адкрыта казаць пра неабходнасць спынення гвалту і беззаконня ў Беларусі, у тым ліку цэнзуру СМІ, блакаванне вэб-сайтаў, адключэнне інтэрнету і адмену акрэдытацыі журналістаў.

    Я заклікаю ААН склікаць пасяджэнне Рады Бяспекі і ўключыць Беларусь у парадак дня, паколькі краіна набліжаецца да шасцімесячнага палітычнага крызісу. Свету неабходна звярнуць увагу на гэты крызіс, які можа перарасці ў нешта горшае.

    Я заклікаю ААН падтрымаць рэкамендацыі дакладу Маскоўскага механізму АБСЕ. Гэта адкрые шлях да стварэння ўмоў для палітычнага дыялогу, што дапаможа правесці свабодныя і справядлівыя выбары.

    Наш мірны пратэст – гэта не толькі барацьба за свабоду і годнасць у Беларусі, але і сур'ёзнае выпрабаванне для міжнародных дэмакратый.

    Дзякуй. Жыве Беларусь!».

    Апошнія навіны