10 сенатараў ЗША сустрэліся з Ціханоўскай, каб запэўніць беларусаў у безумоўнай падтрымцы з боку ЗША

Ціханоўская звярнулася з заклікам да больш рашучых дзеянняў у дачыненні да рэжыму. «На фоне расійска-ўкраінскага крызісу нельга губляць Беларусь з-пад увагі. У нашай краіне адбываюцца жудасныя рэчы, працягваецца нябачаны тэрор, а зараз рэжым пачаў гандляваць суверэнітэтам, бо гэта апошні шанец Лукашэнкі застацца ва ўладзе», – адзначыла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская дадала, што расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі – гэта плата за падтрымку, якую былы прэзідэнт атрымаў у 2020-2021 гадах і без якой ён бы не пратрымаўся так доўга. «Але цяпер гэта прамая пагроза суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржаве. Беларусаў супраць іх волі ўцягваюць у агрэсію супраць Украіны, якая не пагражае Беларусі».

Ціханоўская і кангрэсмены абмеркавалі найбольш эфектыўныя меры ціску на рэжым, якія б моцна адбіліся на рэжыме і менш закранулі звычайных беларусаў. Яны абмеркавалі эфектыўнасць фінансавых абмежаванняў, другасных санкцый, каардынацыю дзеянняў з Еўрасаюзам. Ціханоўская заклікала дзейнічаць рашуча і хутка. Яна звярнула ўвагу на праграму Сусветнага банка, які аддае перавагу не заўважаць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Таксама беларуская лідарка адзначыла, як важна падтрымліваць уразлівыя групы беларусаў: рэпрэсаваных, праваабаронцаў, журналістаў, працоўных, дзеячаў культуры, спартоўцаў, студэнтаў, малы бізнес. Гэтая падтрымка можа быць у выглядзе праграмаў дапамогі ці стыпендый. Ціханоўская звярнула ўвагу на тое, што да беларусаў унутры краіны даходзіць не так шмат падтрымкі. Акрамя таго, ім катастрафічна не хапае інфармацыі пра тое, што адбываецца ў самой Беларусі, бо асноўныя медыя заблакаваныя, а журналісты ці сядзяць у турме, ці выехалі з краіны.

19 лютага 2022 в 13:30