«Паважаны кангрэсмен Бойл,
Паважаны міністр Том Кёлер,
Дарагія сябры,
Для мяне вялікі гонар сёння рабіць перад вамі прамову ад імя ўсіх беларусаў, якія, нягледзячы на страх і рэпрэсіі, працягваюць змагацца за сваю свабоду і незалежнасць.
Барацьба ў Беларусі – гэта нашая агульная барацьба. Гэта барацьба супраць зла мінулага, супраць тыраніі і расійскага імперыялізму.
Гэта барацьба за мірную, бяспечную і дэмакратычную Еўропу, у якой Беларусь займае годнае месца.
За Еўропу, дзе няма месца войнам, дзе паважаюць кожнага чалавека, а людзей не кідаюць у турмы за іх палітычныя погляды ці імкненне да свабоды.
Сёння, 21 траўня, Дзень міжнароднай салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У гэты дзень у турме загінуў – а дакладней, быў забіты – Вітольд Ашурак, 50-гадовы дэмакратычны актывіст з Ліды. Як і тысячы іншых людзей, ён апынуўся ў турме за ўдзел у пратэстах супраць жорсткай дыктатуры Лукашэнкі.
На маёй футболцы – мой муж Сяргей. Ён быў адным з першых арыштаваных у 2020 годзе. Я яго не бачыла з дня ягонага арышту. Але менавіта дзякуючы яму і тысячам, мільёнам свабодалюбівых беларусаў я тут і раблю гэтую прамову.
У 2020 годзе ён аб'явіў пра свае планы кінуць выклік дыктатару Лукашэнку, які ва ўладзе з 1994 года. Яго адразу ж арыштавалі і кінулі ў адзіночную камеру. Каб падтрымаць яго, я зарэгістравалася кандыдаткай замест яго. Я зрабіла гэта, бо кахаю яго. Дыктатар не верыў, што яго зможа перамагчы жанчына, бо, як ён казаў, у Беларусі “канстытуцыя не пад жанчыну”. Але я выйграла тыя выбары. Мы выйгралі іх.
Вынікі выбараў былі сфальсіфаваныя. На працягу многіх месяцаў на вуліцы выходзілі сотні тысячаў людзей. Мы мірна пратэставалі, каб абараніць наш дэмакратычны і еўрапейскі выбар. У адказ рэжым стаў незаконна прымяняць жорсткасць, гвалт і катаванні.
З дапамогай расійскіх грошай, тэхнікі, СМІ і троляў Лукашэнка развязаў поўнамаштабную паліцэйскую вайну супраць беларусаў. За апошнія некалькі гадоў праз турмы прайшло не менш за 60 тысячаў чалавек.
Вайна, якую Лукашэнка аб'явіў супраць беларусаў, працягваецца. Толькі ў красавіку сілавікі ў Беларусі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў штодня арыштоўвалі ў сярэднім 11 чалавек.
Лукашэнка застаўся ва ўладзе толькі дзякуючы Пуціну. І за гэтую падтрымку ён расплочваецца беларускім суверэнітэтам. Ён стаў расійскай марыянеткай, якая ўвесь час ставіць пад пагрозу бяспеку Еўропы. У 2021 годзе на загад Лукашэнкі незаконна пасадзілі грамадзянскі самалёт Ryanair, каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча. Яго нядаўна асудзілі на 8 гадоў зняволення. Лукашэнка стварыў штучны міграцыйны крызіс на мяжы ЕС, каб адцягнуць Захад ад планаў Пуціна па ўварванні ва Украіну.
Нарэшце, беларускія і расійскія вайсковыя вучэнні сталі падставай для ўводу ў Беларусь вялікага кантынгенту расійскіх войскаў, якія з поўначы напалі на Украіну ў лютым 2022 года.
З самага пачатку гэтай вайны Лукашэнка быў саўдзельнікам Пуціна ва ўсіх ягоных зверскіх злачынствах. Ён даваў Расіі аэрадромы, ваенныя базы, палігоны, бальніцы і іншую інфраструктуру. Ён перадаваў Расіі паліва, боепрыпасы, бронетэхніку і транспартныя сродкі.
За 2022 па Украіне з Беларусі выпусцілі тысячу ракетаў. Нядаўна мы атрымалі доказы датычнасці Лукашэнкі да выкрадання ўкраінскіх дзяцей і вывазу іх у Беларусь.
Усё гэта азначае толькі адно: Міжнародны крымінальны суд, выдаўшы ордэр на арышт Пуціна, павінен выдаць такі ж ордэр на арышт Лукашэнкі за злачынствы агрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці.
Пакуль уся ўвага была на вайне, Лукашэнка з новай сілай працягнуў тэрор супраць беларускага грамадства. У Беларусі цяпер забароненая дзейнасць амаль усіх НДА, СМІ, дэмакратычных палітычных партыяў і незалежных прафсаюзаў: усе гэтыя арганізацыі былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі».
Падтрымка Украіны і крытыка ваенных злачынстваў Расіі сёння лічацца крымінальным злачынствам. Чалавека могуць арыштаваць за невялікае ахвяраванне ўкраінскаму войску, за публікацыю ў твітары, за ўкраінскую песню, за размову на беларускай мове – ці проста за дыплом заходняй ВНУ. Нядаўна жанчыну з невялікага мястэчка Чашнікі пасадзілі ў турму за тое, што яна апублікавала фотаздымак торта ў колерах нацыянальнага сцяга Беларусі – бела-чырвона-белага.
Нам вядомыя імёны паўтары тысячы палітычных зняволеных. Насамрэч жа іх у тры разы больш. Многія з іх адбываюць беспрэцэдэнтна вялікія тэрміны – ад 10 да 23 гадоў.
Майго мужа Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 19,5 гадоў. Маю сяброўку Марыю Калеснікаву – да 11 гадоў. Беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі атрымаў 10 гадоў. Пералік усіх палітвязняў мог бы заняць цэлую гадзіну.
Людзей у турмах увесь час дапытваюць і катуюць. У мінулым месяцы ў лякарню ў моцна збітым стане патрапіў былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка. З таго часу пра яго нічога не вядома. Ад майго мужа няма ніякіх вестак з 10 сакавіка – калі б я толькі ведала, ці жывы ён. Амаль месяц няма інфармацыі і пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага. Пры Лукашэнку Беларусь стала Паўночнай Карэяй у цэнтры Еўропы.
Аднак, нягледзячы на тэрор, беларусы не здаюцца. Мы працягваем нашую барацьбу. Але зараз мы змагаемся не проста за свабоду і дэмакратыю, а за само існаванне Беларусі. Мы стварылі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады: Аб'яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную раду. Дзвесце тысячаў чалавек далучыліся да плана «Перамога». Да падпольнага супраціву далучаюцца людзі па ўсёй краіне. Мы знаходзім спосабы дапамагчы ім, хаця гэта і становіцца ўсё цяжэй.
Акрамя таго, мы падтрымліваем кантакты ў структурах рэжыму, у тым ліку і ў войску. Антылукашэнкаўскія і антываенныя настроі мацнейшыя, чым можа падацца. Каб чыноўнікі баяліся пераходзіць на наш бок, рэжым увёў смяротнае пакаранне за так званую «дзяржаўную здраду».
Па дадзеных апытанняў, 86% беларусаў выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне. І гэтая лічба натхняе. Таму сітуацыя ў Беларусі зусім не такая, як у Расіі. І нам трэба трансфармаваць гэтыя антываенныя настроі ў дзеянні.
Лёс Беларусі шмат у чым залежыць ад поспеху ўкраінскага контрнаступу. Мы стараемся дапамагаць Украіне, чым можам. Толькі летась беларускія партызаны правялі 80 дыверсій на чыгунцы, каб запаволіць прасоўванне расійскіх войскаў. У лютым гэтага года беларускія партызаны паспяхова атакавалі беспілотнікам і пашкодзілі звышдарагі расійскі радыёлакацыйны самалёт А-50. Ён усё яшчэ на рамонце.
30 000 беларусаў удзельнічаюць у праекце «Беларускі Гаюн». Мы называем яго «народнай разведкай». Каб дапамагчы Украіне, людзі збіраюць дадзеныя пра ўсе дзеянні расійскіх вайскоўцаў. Сотні добраахвотнікаў далучыліся да беларускіх падраздзелаў у складзе ўкраінскага войска. Сярод усіх замежных добраахвотнікаў ва ўкраінскім войску беларусаў і беларусак найбольш.
Многія беларусы аддалі свае жыцці, высакародна змагаючыся ў гэтай вайне. На мінулым тыдні ў баях за Бахмут загінулі пяць беларускіх добраахвотнікаў з батальёна «Волат». Іх ахвяры не павінны стаць марнымі.
Батальён «Волат» названы ў гонар Паўла «Волата» Суслава. Павел быў патрыётам Беларусі. У 2016 годзе ён адправіўся ваяваць за Украіну і ў бітвах на Данбасе набраўся баявога досведу. Калі ў 2022 годзе Расія ўварвалася ва Украіну, Павел стаў адным з заснавальнікаў першага беларускага падраздзелу ў складзе ўкраінскага войска. 15 траўня мінулага года ён загінуў у баі.
Тады яго маці Наталля выкладала літаратуру ў Гомельскім універсітэце. Даведаўшыся пра гібель сына, яна з'ехала ва Украіну і стала практычна маці для баявых пабрацімаў свайго сына. Сёння яна клапоціцца пра іх, як пра сваіх уласных дзяцей. Па-свойму яна працягвае місію свайго сына.
Павел і Наталля – толькі два прыклады таго, на якія ахвяры ідуць беларусы дзеля сваёй Радзімы.
Справамі і крывёй беларусы даказваюць усяму свету, што яны хочуць і заслугоўваюць жыць свабодна.
Ні Лукашэнка, ні Пуцін не зменяцца. Нам трэба адмовіцца ад ілюзій, што дыктатараў можна ўлагодзіць або што магчымая нейкая ўгода. Пуціну вельмі патрэбны Лукашэнка, бо толькі пры ім ён можа кантраляваць Беларусь. Без Беларусі вайна для яго робіцца бессэнсоўнай. Без Беларусі ён не зможа дайсці да Кіева і выйграць вайну. Беларусь – самае слабое звяно ў плане Пуціна.
Перамены ў Беларусі могуць пачацца раптоўна, і нам трэба добра да іх падрыхтавацца. Мы працуем над стратэгіяй дэмакратычных сілаў, але нам таксама патрэбная стратэгія для міжнароднай супольнасці. Каб узначаліць імпульс, калі ён узнікне, і не даць Расіі ўмяшацца. На мінулым тыдні Лукашэнка захварэў і знік на некалькі дзён. Гэта выклікала паніку сярод чыноўнікаў. Стала відавочна, наколькі ўразлівы і няўстойлівы рэжым.
Таму трэба працягваць ціснуць на рэжым Лукашэнкі – з дапамогай эканамічных санкцыяў – і падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы. Гэта дапаможа наблізіць перамогу Украіны.
Больш за год Еўрапейскі саюз не ўводзіў ніякіх жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Затое ў ЕС абмяркоўваюць змякчэнне санкцыяў на калійныя ўгнаенні. Калі гэта адбудзецца, гэта стане стратэгічнай памылкай і перамогай Пуціна і Лукашэнка. Санкцыі не панацэя, але яны аслабляюць рэжым і набліжаюць ягоны крах.
Трэба перашкодзіць планам Пуціна размясціць у Беларусі ядзерную зброю. Яе размяшчэнне супярэчыць канстытуцыйнаму бяз'ядзернаму статусу Беларусі. Акрамя таго, гэтак Расія на доўгі час забяспечыць кантроль над Беларуссю. Гэтага не павінна здарыцца. Беларускі суверэнітэт можа аказацца пад смяротнай пагрозай. Пад пагрозай стане і еўрапейская бяспека, не кажучы ўжо пра бяспеку Украіны.
Я заўсёды паўтараю: нам трэба забяспечыць украінцаў усім, што ім трэба для перамогі ў вайне. Дэмакратычныя змены ў Беларусі і крах рэжыму Лукашэнкі таксама стануць вялізным унёскам у перамогу Украіны.
Нельга дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь – частка праблемы, але яна таксама павінна быць часткай вырашэння.
Дарагія сябры,
На мінулым тыдні я выступала ў Аахене на публічным мерапрыемстве пасля цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага, якая год таму дасталася Беларусі. У гэтым годзе прэмію ўручылі народу Украіны і прэзідэнту Зяленскаму. У сваім выступе я запэўніла прэзідэнта Зяленскага, што беларусы падтрымліваюць Украіну.
Я веру, што абедзве нашыя краіны заслугоўваюць мірнай, дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні. Я веру, што Беларусь вырвецца з расійскіх кляшчоў, правядзе ўсе неабходныя рэформы і стане надзейным суседам і партнёрам для альянсу НАТА.
Разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі мы распрацавалі план з пяці крокаў. Я прашу вас падтрымаць іх.
- Па-першае, Беларусь павінна выйсці з Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Пераход ад дыктатуры да дэмакратыі немагчымы, пакуль Беларусь прыкутая да Масквы.
- Па-другое, Беларусь павінна выйсці з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і двухбаковага ваеннага саюза з Расіяй. Мы не павінны быць у ваенным саюзе з агрэсарам. Кожны расійскі салдат павінен неадкладна пакінуць Беларусь. Незаконная ваенная прысутнасць Расіі ў Беларусі з'яўляецца пагрозай не толькі для нашай краіны, але і для іншых дзяржаваў. Усе пагадненні паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй павінны быць прызнаныя несапраўднымі або перагледжаныя. Замест гэтага Беларусь будзе выконваць свае абавязальніцтвы па міжнародным праве.
- Па-трэцяе, Беларусь павінна нармалізаваць адносіны з іншымі сваімі суседзямі і пачаць шырокае рэгіянальнае супрацоўніцтва, асабліва з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі. Мы пачнем супрацоўніцтва ў палітычнай, сацыяльнай, культурнай, эканамічнай сферах, у галіне рэгіянальнай бяспекі і знешняй палітыкі.
- Па-чацвёртае, Беларусь будзе працаваць над пашырэннем супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і краінамі-чальцамі ЕС. Беларусь павінна ўступіць у Раду Еўропы і распрацаваць доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Таму што Беларусь – гэта Еўропа. Мы будзем праводзіць усе рэформы, абапіраючыся на найлепшы еўрапейскі досвед.
- Па-пятае, дэмакратычная Беларусь стане надзейным і адказным міжнародным партнёрам. Мы прымем новую канстытуцыю, якая не дазволіць новаму тыранічнаму рэжыму ўзнікнуць у Беларусі, і пабудуем дэмакратычныя інстытуты, каб выключыць злоўжыванне ўладай.
Беларусь – краіна з еўрапейскім мінулым і еўрапейскай будучыняй. Я бачу Беларусь партнёрам НАТА і іншых арганізацый, якія абараняюць бяспеку і мірнае супрацоўніцтва на нашым кантыненце.
Параза Расіі ў гэтай вайне дасць нам гістарычную магчымасць вярнуцца ў еўрапейскую сям'ю народаў. Я ўпэўненая, што на гэты раз беларусы скарыстаюцца сваім шанцам.
Дзякуй».