У паўзе паміж пасяджэннямі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы лідарка дэмакратычных сілаў запісала кароткі зварот да беларусаў, якія дапамагаюць адзін аднаму, нягледзячы на хвалю рэпрэсіяў за ахвяраванні.
Святлана Ціханоўская: «Дарагія мае! У Беларусі працягваюцца затрыманні людзей за дапамогу іншым, за словы і жэсты падтрымкі, за данаты.
Яшчэ ўчора вы везлі лекарам маскі з пальчаткамі і адкопвалі вуліцы пасля Хаўера – і былі героямі. А сёння вы ўжо «экстрэмісты». І ўсё роўна, што ваш данат дапамог бабулі, хвораму на анкалогію ці дзецям палітвязняў. Паглядзіце на банеры навокал: «Зрабіў добрую справу? Выправішся ў турму!» А ў нармальным свеце на гэтых банерах былі б вашыя твары і словы падзякі: і ад людзей, якім вы дапамаглі, і ад дзяржавы, якая вамі ганарыцца.
Дарагія мае! Я ўпэўненая: вы працягнеце дапамагаць. Але вельмі прашу: робячы дабро, беражыце сябе. Клапаціцеся аб бяспецы, выконвайце меры засцярогі. І памятайце: няма такога закону, які б зрабіў беларусаў абыякавымі!»