• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Калі прыйдзе час, дэмакратычная Беларусь пагрукаецца ў дзверы Еўропы»: Святлана Ціханоўская выступіла перад Камітэтам міністраў Рады Еўропы

    30 студзеня, 2024

    Беларуская лідарка ўзяла ўдзел у пасяджэнні Камітэта міністраў Рады Еўропы ў Страсбургу. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, а пасля адказала на пытанні. Зварот яна прысвяціла няспынным рэпрэсіям у краіне, прававому хаосу і ўсебаковай ізаляцыі, да якой рэжым прывёў Беларусь.

    «У беларусаў не было магчымасці бараніць правы ў міжнародных судах. Не было магчымасці развіваць чалавечы капітал, ствараць партнёрствы і альянсы. І мы бачым вынік: Беларусь – адна з самых бедных краінаў Еўропы. Дзяржаўныя і сацыяльныя інстытуты разбураныя. Людзі жывуць ва ўмовах тэрору. Суверэнітэт знаходзіцца пад пагрозай», – падкрэсліла лідарка.

    Каб дэмакратычным сілам больш эфектыўна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі, Ціханоўская прапанавала ўдасканаліць план сумесных дзеянняў:

    📌 працягнуць навучанне беларускіх юрыстаў;

    📌 падтрымаць моладзевыя арганізацыі, каб яны маглі дагрукацца да аднагодкаў унутры краіны;

    📌 удасканаліць камунікацыю аб Радзе Еўропы, каб прасоўваць у беларускім асяроддзі ідэі дэмакратычнай будучыні.

    Галоўным запытам Ціханоўскай стала распрацоўка дарожнай карты ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы. Лідарка бачыць гэты крок пераломным на шляху стварэння дэмакратычнай будучыні Беларусі.

    «Калі прыйдзе час, дэмакратычная Беларусь будзе грукацца ў дзверы Еўропы. Мы хочам ведаць, што гэтыя дзверы адчыняцца хутка. Так мы зможам забяспечыць устойлівы і канчатковы пераход Беларусі да дэмакратыі. У інтарэсах еўрапейскай сям’і – прадказальная і дэмакратычная Беларусь», – адзначыла Ціханоўская.

    Пасля прамовы беларускай лідаркі адбыліся дэбаты, у якіх удзельнічалі больш за 20 дэлегацыяў. Падчас дэбатаў уздымаліся пытанні, датычныя бягучай сітуацыі з палітвязнямі ў краіне і магчымых шляхоў іх вызвалення. З асобнай увагай быў абмеркаваны ціск на рэжым і прыцягненне яго да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей. Акрамя таго, дэлегацыі абмеркавалі падтрымку беларускіх незалежных медыя і культурных ініцыятываў, а таксама ўдзел дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне.

    У прадстаўніцтве Ірландыі ў Радзе Еўропы Святлана Ціханоўская ўрачыста ўручыла Крыж Добрасуседства генеральнай сакратарцы Марыі Пейчынавіч-Бурыч. Па яе ініцыятыве была створана Кантактная група паміж Радай Еўропы і дэмакратычнай Беларуссю. Група працуе паўтары гады і рэалізавала шэраг праектаў, накіраваных на падтрымку незалежных журналістаў, юрыстаў і беларускай моладзі.

    Раней Крыж Добрасуседства атрымалі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі, міністр замежных справаў Швецыі Тобіяс Більстром, прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола, міністарка замежных справаў Ісландыі Тордзіс Гільфадоцір.

    Апошнія навіны