Сёння ў Швейцарыі пачаўся суд над Юрыям Гараўскім, які ўваходзіў у лукашэнкаўскі «эскадрон смерці». Яго будуць судзіць у рамках універсальнай юрысдыкцыі.
Святлана Ціханоўская: «Гвалтоўныя знікненні з'яўляюцца ўлюбёным інструментам дыктатараў. За час кіравання Лукашэнкі было зафіксавана больш за 30 такіх знікненняў. Калі Юрыя Гараўскага прызнаюць вінаватым, гэта таксама будзе абвінаваўчы прысуд для Лукашэнкі. Гэта можа стаць пераломным момантам, які зробіць беспакаранасць немагчымай незалежна ад межаў або таго, колькі часу прайшло.
Кожны раз, сустракаючыся з нашымі дэмакратычнымі партнёрамі, я прашу іх надаваць асаблівую ўвагу пытанням адказнасці, а таксама падтрымліваць беларускія грамадскія арганізацыі, якія займаюцца дапамогай пацярпелым, дакументаваннем злачынстваў і прыцягненнем вінаватых да адказнасці. І я ўдзячная Швейцарыі за стварэнне гэтага прэцэдэнту. Спадзяюся, мы ўбачым больш справаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць памагатых рэжыму і разам даможамся справядлівасці».