Дасылайце, калі ласка, інфармацыю аб усім, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны ананімны чат-бот: @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі або дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам аб фактах карупцыі ці новых распараджэннях, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
19 жніўня стала вядома аб вялікай страце для навуковай супольнасці – памёр доктар сацыялагічных навук Сяргей Аляксандравіч Шавель, прызнаны адным з ключавых даследчыкаў беларускай сацыялогіі. Яго навуковая спадчына складаецца з больш за 180 прац, сярод якіх 8 манаграфій. Сяргей Аляксандравіч узначальваў аддзел сацыяльнай тэорыі і метадалогіі ў Інстытуце сацыялогіі, займаўся даследаваннямі сацыяльнай структуры грамадства, праблем стымулявання творчай і інавацыйнай актыўнасці, сацыялогіі спажывання. Выказваем глыбокае спачуванне родным і блізкім.
- Міжнародныя магчымасці
– SCIENCE AT RISK Emergency Office і часопіс Topos
аб’яўляюць конкурс для рэпрэсаваных беларускіх даследчыкаў на публікацыю навуковых артыкулаў. Аўтары публікацый, выбраныя рэдакцыяй часопіса, атрымаюць ганарар у памеры 750 еўра.
Прыём матэрыялаў – да 15 кастрычніка 2023 года.
– Постдоктарская даследчая стажыроўка па гісторыі
Праграма рэалізуецца на базе Цэнтра гісторыі і эканомікі Каледжа Магдаліны Кембрыджскага ўніверсітэта. Працягласць – 3 гады, старт праграмы 1 кастрычніка 2024 года. Галіна даследаванняў стыпендыятаў можа закранаць працоўную, юрыдычную, транснацыянальную гісторыю і не толькі.
Прыём заявак – да 29 верасня 2023 года.
– Стыпендыі ўраду Чэхіі
Прадастаўляюцца беларусам для навучання ў чэшскіх універсітэтах у навучальным годзе 2024/2025. Стыпендыя даступная для навучання ў ВНУ на факультэтах з ангельскай мовай навучання. Суіскальнікі стыпендыі павінны будуць пацвердзіць узровень валодання ангельскай. Прэтэндэнты таксама могуць даслаць рэзюмэ і матывацыйны ліст для атрымання дадатковага ліста падтрымкі, адрас – [email protected].
Прыём заявак – да 30 верасня 2023 года.
– Стыпендыі American Association of University Women
Праграма падтрымоівае жанчын, якія праходзяць вочнае навучанне ў аспірантуры або дактарантуры ў Злучаных Штатах, але не з’яўляюцца грамадзянкамі ці пастаяннымі жыхаркамі ЗША і маюць намер вярнуцца на радзіму, каб працягнуць навучанне ці прафесійную кар’еру. Аб’ём фінансавання – ад 20 000 да 50 000 даляраў ЗША.
Прыём заявак – да 15 лістапада 2023.
Падрабязней аб праграме
– Міжнародная стыпендыя Універсітэта Калгары
Штогод прапануецца замежным студэнтам, якія паступаюць на першы курс бакалаўрыята любой спецыяльнасці ў асенні семестр. Памер стыпендыі – 20 000 даляраў. Ад прэтэндэнтаў патрабуецца матывацыйны ліст, два рэкамендацыйных ліста і моўны сертыфікат.
Прыём заявак – да 1 снежня 2023.
Падрабязней аб стыпендыі
– Leiden University Excellence Scholarship
Лейдэнскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю на навучанне ў магістратуры выбітным замежным студэнтам. Стыпендыя пакрывае навучанне цалкам ці часткова, адкрыта для суіскальнікаў, якія плануюць навучанне ў галінах гуманітарных навук, медыцыны, кіравання і міжнародных стасункаў, права, сацыяльных навук і інш.
Прыём заявак
Для праграм са стартам навучання – з 1 лютага па 1 кастрычніка 2023 года.
Для праграм са стартам навучання – з 1 верасня па 1 лютага 2024 года.
Падрабязней аб стыпендыі
– Swiss Government Excellence Scholarships
Стыпендыя ўраду Швейцарыі для маладых замежных навукоўцаў і дзеячаў мастацтва на 2024/2025 навучальны год. Тыпы стыпендый: даследчая, доктарская, постдоктарская, мастацкая. Патрабаванні да кандыдатаў: мець ступень магістра ці доктара навук, для мастакоў – ступень бакалаўра. Стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне, а таксама аплату жытла, транспартныя выдаткі і медыцынскую страхоўку. Узроўст прэтэндэнтаў – ад 35 гадоў, а таксама патрабуецца веданне ангельскай, нямецкай, французскай ці італьянскай мовы.
Прыём заявак – да 8 снежня 2023 года.
Падрабязней аб стыпендыі і алгарытме падачы заяўкі
– Стыпендыі нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD)
Магчымасць атрымаць стыпендыю па розных дысцыплінах замежным выпускнікам з краін у стадыі развіцця і новых індустрыяльных краін. Тэрмін фінансавання – адзін або два гады. Стыпендыя можа пакрыць аплату навучання ў аспірантуры ці атрыманне ступені магістра ў дзяржаўным ці прызнаным дзяржавай нямецкім універсітэце. Таксама ў выключных выпадках можна атрымаць доктарскую ступень.
Прыём заявак – залежыць ад выбранай праграмы.
Падрабязней аб стыпендыі і алгарытме падачы заяўкі
– Стыпендыі Erasmus Mundus
на навучанне ў магістратуры ва ўніверсітэтах Еўропы. Праграма пакрывае транспартныя выдаткі, кошт навучання, штомесячную стыпендыю. Для падачы неабходныя матывацыйны ліст, дакументы аб адукацыі, 2 рэкамендацыі. Тэрмін прыёму заявак залежыць ад канкрэтнай праграмы, як правіла, ахопліваюць перыяд з кастрычніка па студзень.
– Стыпендыяльная праграма Цэнтра Мірашэўскага
Накіраваная на рэалізацыю штомесячных навукова-даследчых праэктаў у Польшчы. Стыпендыя дазволіць праводзіць кароткія навуковыя даследаванні, такія як: інтэрв’ю, апытанні, архіўныя і бібліятэчныя запыты ў галіне: гісторыі, палітычнай сітуацыі, культуры і спадчыны народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Памер стыпендыі: 6500 злотых.
– Праграмы FULBRIGHT для беларусаў
Па кожнай з праграм адкрыта служба падтрымкі па пытаннях падачы заяўкі. Усе пытанні можна задаць, адправіўшы ліст на e-mail [email protected].
– Для беларускіх студэнтаў (FFSP) – магчымасць атрымаць ступень магістра ва ўніверсітэце ЗША. Поўная стыпендыя з пакрыццём выдаткаў на навучанне, транспарт, медыцынскую страхоўку. Таксама стыпендыяты атрымліваюць выплаты для пакрыцця выдаткаў на матэрыяльную базу. Прадугледжана візавая падтрымка як для ўдзельнікаў праграмы, так і для суправаджаючых сямейнікаў. Па заканчэнні праграмы ёсць магчымасць прайсці стажыроўку ў амерыканскіх арганізацыях. Патрабаванні да кандыдатаў: беларускае грамадзянства, ступень бакалаўра, добрае валоданне ангельскай мовай.
Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года.
Апісанне праграмы
Падача заяўкі
– Для выкладчыкаў (FFDP) – прафейсійная стажыроўка ў ЗША на 1 семестр, без атрымання стыпендыі. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з амерыканскімі акадэмічнымі праграмамі, атрымаць досвед распрацоўкі курсаў, сабраць матэрыялы для ўласных даследаванняў і наладзіць доўгатэрміновыя кантакты з амерыканскімі калегамі. Праграма прадугледжвае аплату міжнародных і мясцовых пералётаў, медыцынскую страхоўку, а таксама штомесячную стыпендыю на працягу ўсяго перыяду стажыроўкі.
Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года.
Апісанне праграмы
Падача заяўкі
– Для навукоўцаў, дактарантаў і даследчыкаў (FVSP) – прадугледжвае падтрымку навуковых даследаванняў і/або падрыхтоўкі і правядзення лекцый у амерыканскіх універсітэтах на працягу 3-6 месяцаў. Стыпендыя пакрывае міжнародныя пералёты, штомесячную падтрымку стыпендыята і суправаджаючых сямейнікаў, медыцынскую страхоўку.
Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года.
Апісанне праграмы
Падача заяўкі
– Праграма стыпендый Hubert H Humphrey Fellowship
прапаноўвае беларускім спецыялістам з прафесійным досведам прайсці гадавую стажыроўку ў ЗША па шырокім спектры кірункаў. Праграма пакрывае выдаткі на пералёты, навучанне ва ўніверсітэце, медыцынскую страхоўку, а таксама прадугледжвае штомесячную стыпендыю і выплаты на пакупку падручнікаў і ўдзел у мерапрыемствах і канферэнцыях. Акрамя таго, суправаджаючыя сямейнікі могуць разлічваць на візавую падтрымку.
Прыём заявак – да 3 верасня 2023 года.
Апісанне праграмы
Падача заяўкі
– International Excellence Scholarship Program (IES)
Стыпендыяльная праграма, якая дазваляе матываваным студэнтам усіх спецыяльнасцяў з Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі з адзнакамі вышэй за сярэднія правесці семестр і паглыбіць свае веды ў найлепшых універсітэтах Германіі (HU Berlin, FU Berlin, HWR Berlin, University of Potsdam). COPERNICUS BERLIN прапаноўвае 3 магчымасці фінансавання ў межах праграмы IES: поўная стыпендыя, частковая стыпендыя плюс, частковая стыпендыя.
Тэрмін падачы заяўкі – з 1 кастрычніка — 30 снежня на наступны зімовы семестр.
Прыняць удзел
– Стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі
Урад Славацкай Рэспублікі ў межах Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў універсітэтаў, даследчыкаў і мастакоў працягвае прыём заявак на праходжанне стажыроўкі ў навучальных установай Славакіі.
Прыём заявак – да 30 кастрычніка 2023 года.
Прыняць удзел
– Офіс па адукацыі для новай Беларусі прымае заяўкі на пакрыццё выдаткаў ад былых палітзняволеных студэнтаў_ак/вучняў_аніц з Беларусі, якія патрабуюць фінансавую дапамогу.
Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў. Максімальная сума падтрымкі складае 3000€.
– Еўрапейскі Саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT-II» (Support for Advanced learning and training)
аб’яўляе прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры ад 1450 еўра на вувучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ёй іспыту. Праграма прыназначаная для беларускіх студэнтаў-палітзняволеных.
Умовы праграмы і падача заяўкі
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
Адукацыйная ініцыятыва «Беларуская Акадэмія» ў партнёрстве з кампаніяй «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» аб’яўляе набор на навучанне ў 2023/2024 годзе па спецыяльнасці «Кіраванне ў дзяржаўных органах, самакіраванні і бізнэсе». Навучанне праводзіцца на базе Вышэйшай школы менеджэраў у Коніне (Wyższa Szkoła Kadr Menedżerskich w Koninie, Wydział Zamiejscowy). Падача дакументаў у электронным выглядзе да 15 верасня 2023 года. Падрабязней аб тым, як праходзіць навучанне, і аб тым, як падаць заяўку – чытайце тут.
Да 10 верасня адкрыты прыём заявак на ўдзел у канферэнцыі «Новым імкненням надаць новыя формы. Вацлаў Ластоўскі і беларускія лінгвісты ў культурным дыскурсе 20-30-х гадоў». Канферэнцыя пройдзе 10-11 лістапада 2023 года ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане ў гібрыдным фармаце – удзельнічаць можна будзе з любога месца ў свеце. Прапановы па выступах на тэмы, звязаныя з асобай і спадчынай Вацлава Ластоўскага, іншых вядучых лінгвістаў, а таксама гісторыяй беларускага мовазнаўства і беларусістыкі можна даслаць на пошту [email protected] да 10 верасня 2023 года. Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская і ангельская.
На беларускую мову перакладзены дакумент з рэкамендацыямі Рады ЕС «Ключавыя кампетэнцыі для навучання на працягу жыцця». Усяго вылучаныя 8 асноўных кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі.
Праэкт Adukavanka запусціў анлайн-канструктар урокаў, дзе любы настаўнік можа за 4 гадзіны сабраць цікавы ўрок пад пэўныя задачы. Таксама даступны каталог прыёмаў і варыянтаў працы (каля 120 варыянтаў) і магчымасць загрузіць кнігу-канструктар. Арганізатары праэкта запрашаюць далучыцца да каманды валанцёраў, гатовых дапамагчы ў развіцці супольнасці і сэрвісаў праэкта.
У Вільнюсе працягваецца акцыя па зборы подпісаў у падтрымку адкрыцця беларускамоўнай школы. Арганізатары ставяць сваёй мэтай дабіцца магчымасці адкрыцця муніцыпальнай, бясплатнай школы. Для гэтага ініцыятыве патрэбная шырокая грамадская падтрымка беларускай дыяспары ў Літве. Чытайце аб тым, як можна дапамагчы ініцыятыве тут.
Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне запрашае вучняў 4-10 класаў. У праграме – вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, паглыбленае вывучэнне ангельскай і асноў IT, а таксама праца па прадметах асноўнай школьнай праграмы. Заснавальнікі школы імкнуліся ўлічыць актуальныя запыты дзяцей і бацькоў. Падрабязней аб школе – на сайце праэкта.
Чытайце вялікае інтэрв’ю з праграмным дырэктарам Вольнага беларускага ўніверсітэта Алесем Лавгінцом аб місіі ўніверсітэта, а таксама аб тым, у якіх умовах зараз працуе ўстанова і якую дапамогу яна атрымлівае ад Польшчы, якія магчымасці гэта можа прапанаваць беларусам у Падляскім ваяводстве. А таксама – аб далейшым шляху беларускай адукацыі.
Сяргей Альшэўскі правёў аналіз вынікаў уступнай кампаніі ў беларускія ВНУ. На аснове даступных дадзены эксперт дэманструе, што ўзровень прахадных балаў і колькасць абітурыентаў у рэчаіснасці адрозніваецца ад афіцыйных заяў Міністэрства адукацыі. На многія факультэты і спецыяльнасці недабор нават на бюджэтныя месцы, а прахадныя балы далёкія ад жаданых 400. Поўная версія матэрыяла са скрыншотамі і дыяграмамі даступная тут.
Праэкт «Адукацыя.інфо» вярнуўся з новай назвай — aduplace. У акаўнтах праэкта шмат інфармацыі аб адукацыйных магчымасцях, а таксама кантэнт для самаразвіцця: падборкі, канспекты лекцый, гісторыі беларусаў і беларусак з міжнародных праграм і многае іншае. Акаўнты aduplace можна знайсці ў Instagram, Telegram і Facebook.
На «Банку Ідэй» апублікаваны тэкст доктара гістарычных навук, прафесара Віктара Шадурскага «Які ўніверсітэт патрэбны беларусам?». Ці адрозніваецца ўзровень беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў ад заходніх калег? Ці магчыма спыніць дэградацыю беларускай вышэйшай адукацыі? Якія праблемы можа вырашыць стварэнне Сусветнай лігі беларускіх студэнтаў? Поўны тэкст можна пачытаць тут.
Даследаванне «Стырнавыя зялёнага перахода» (праведзенае ініцыятывай «Зялёная Беларусь») паказала: у Беларусі няма адукацыі ў сферы ўстойлівага развіцця зялёнай эканомікі. Адна з аўтарак даследавання, Марыя Фалалеева, адзначыла, што Беларусь праз нейкі час можа страціць частку рынкаў, калі вытворчасць краіны не будзе адпавядаць экалагічным стандартам. Чаму гэтыя тэмы асабліва актуальны, якіх спецыялістаў не хапае ўжо сёння і якія рызыкі ўзнікаюць са спыненнем дзейнасці міжнародных і грамадскіх арганізацый – у поўнай версіі інтэрв’ю з Марыяй Фалалеевай.
- Рэпрэсіі
У канцы ліпеня ў Магілёве быў затрыманы гісторык, былы дырэктар Музея гісторы горада Аляксей Бацюкоў. Па словах праваабаронцаў, прычыны затрымання невядомыя. Бацюкова затрымлівалі ў 2020 годзе і аштрафавалі за «ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве», а ў 2021 годзе з ім не прадоўжылі кантракт і звольнілі з пасады дырэктара Музея гісторыі Магілёва.
6 жніўня стала вядома, што былая настаўніца з аграгарадка Празарокі Елена Кішкурно атрымала 10 сутак арышту за «экстрэмісцкія» матэрыялы на старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». 66-гадовая жанчына ў судзе не аспрэчвала, што на яе старонцы ў сацсетцы сапраўды размяшчаліся матэрыялы СМІ, якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» Аднак яна адзначыла, што ўсю інфармацыю яна выдаліла яшчэ ў 2021 годзе.
Беларускі Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю Валеры Касцюговай і пакінуў у сіле прысуд – 10 гадоў калоніі. Такі тэрмін Касцюговай прысудзіла суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук. Валерыя Касцюгова – паліталагіня, рэдактарка аналітычнага сайта «Наша меркаванне» і рэдактарка-ўкладальніца выдання «Беларускі штогоднік». Такі ж тэрмін, 10 гадоў калоніі, атрымала Таццяна Кузіна, экспертка ў галіне дзяржкіравання, стваральніца Школы маладых менеджэраў публічнага адмістравання SYMPA і даследчага цэнтра BIPART. Абедзьвюх экспертак прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу ўлады, распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі. Як стала вядома 10 жніўня, Касцюгову і Кузіну этапавалі ў гомельскую калонію № 4.
10 жніўня СМІ паведамілі аб затрыманні загадчыцы інтэрната Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Елены Драбудзька. У 2020 годзе яна была чаліняй выбарчай камісіі №59, якая размяшчалася ў тым жа інтэрнаце. Па дадзеных платформы «Голас», сфатаграфаваных галасоў у падтрымку Святланы Ціханоўскай там было больш, чым у выніковым афіцыйным пратаколе. Пасля выбараў Драбудзька далучылася да пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, за што і была затрыманая ў жніўні 2023 года.
16 жніўня супрацоўнікі КДБ затрымалі не менш за 7 чалавек у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Зярод затрыманых – намеснік дырэктара па навуцы і кіраўнікі аддзелаў. Гэта ўжо не першая хваля рэпрэсій у НАГБ. Шэраг звальненняў і затрыманняў адбыўся пры папярэднім дырэктары архіва – генерал-маеры Алегу Арлову. Другая хваля рэпрэсій прайшла праз два дні пасля прызначэння новага дырэктара – Міхаіла Глушакова, які доўгі час працаваў у КДБ.
Суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук прысудзіла навукоўцу Юрыю Адамаву тры гады калоніі па артыкуле аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Ён быў затрыманы за данаты ў «экстрэмісцкія» фонды ў сакавіку 2023 года і да суда знаходзіўся ў Мінскім СІЗА на Валадарцы, прызнаны палітзняволеным. Юрый Адамаў – удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне і адзін са стваральнікаў навукова-папулярнага самвыдата Pamylka.
Былога выкладчыка кафедры сувязі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Мікалая Банькова асудзілі на 4 гады за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Абгрунтаваннем для абвінавачання і прысуду (суддзя – Святлана Бандарэнка) сталі тры даната, якія Банькоў зрабіў у жніўні 2020 года. Ва ўніверсітэце Банькоў выкладаў разнастайныя дысцыпліны будучым кадравым афіцэрам сілавых структур і ведамстваў Беларусі.
Былой загадчыцы кафедры аднаго з універсітэтаў Магілёва, кандыдатцы навук па біялогіі Наталлі Мартусевіч выстаўлена абвінавачанне ў «распальванні варожасці». Следства сцвярджае, што Мартусевіч заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам у дачыненні да «беларусаў, расейцаў і вайскоўцаў». Да суда яна застанецца пад вартай. Па сведчаннях праваабаронцаў, Наталля Мартусевіч была затрыманая ў сакавіку 2023 года.
Прафесару Юрыю Бубнову прысудзілі два гады калоніі за навуковы артыкул. Доктара сацыялагічных навук абвінавацілі ў паклёпе і абразе Лукашэнкі. Матэрыял «Перадумовы беларускага пратэсту 2020» быў апублікаваны ў малавядомым штогадовым навуковым альманаху «Моладзевая галактыка». Праваабаронцы адзначаюць, што сілавікі маглі даведацца пра артыкул толькі па даносе ад калег Бубнова ці ад іншых аўтараў публікацый.
У тэлеграм-канале MAYDAY TEAM 7 жніўня з’явілася інфармацыя аб затрыманні настаўніцы ангельскай мовы з магілёўскай сярэдняй школы № 43 Юліі Паплаўскай. Што паслужыла прычынай затрымання, праваабаронцам невядома. Гэтае затрыманне працягнула серыю арыштаў у Магілёве, якія праводзіць Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
У Магілёве па абвінавачанні ў «распальванні варожасці» будуць судзіць вядомую экалагіню Ганну Скрыган. Па інфармацыі праваабаронцаў, суд быў прызначаны на 21 жніўня і павінен прайсйці ў закрытым рэжыме. Абставіны крымінальнай справы і затрымання экалагіні на момант публікацыі дайджэста застаюцца невядомымі.
- Палітыка рэжыму
«Кошт урада» апублікаваў дадзеныя, згодна з якімі беларуская навука з 2000 года страціла траціну патэнцыялу. Калі ў пачатку 2000-х працаўнікоў, занятых у навуковых даследаваннях і распрацоўках, было больш за 32 тысячы, то ў 2022 годзе іх засталося 25000. Страты складаюць да чвэрці занятасці ў дадзенай сферы, а па найбольш кваліфікаванай частцы (дактары і кандыдаты навук) – да траціны патэнцыялу.
Беларускі Хельсінскі камітэт выпусціў справаздачу па правах чалавека, дзе сярод іншага адзначыў узмацненне вайсковай прапаганды ў сферы адукацыі Беларусі ў першым паўгоддзі 2023 года. У справаздачы адзначаныя такія прыклады, як акцыя памяці расейскага ваенкара Уладлена Татарскага, у якой павінны былі прымаць удзел гомельскія школьнікі, актыўны пошук кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі і інш.
25 ліпеня завяршылася ўступная кампанія на бюджэтныя месцы ў ВНУ Беларусі. У гэтым годзе ВНУ Беларусі плануюць прыняць больш за 52 тысячы абітурыентаў, сярод іх на бюджэт – 28,4 тысячы чалавек. Па словах міністра адукацыі Андрэя Іванца, папулярнымі застаюцца медыцынскія спецыяльнасці, тут сярэдні конкурс у профільныя ўстановы складае каля 2,5 чалавека на месца. Найбольшы конкурс на бюджэтную форму навучання адзначаўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасць «Дызайн», а таксама ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на спецыяльнасць «Стаматалогія», — у абодвух выпадках ён склаў 12 чалавек на месца. Высокі конкурс паказалі рэгіянальныя ВНУ. Тут можна знайсці больш падрабязную інфармацыю аб конкурсах і прахадных балах.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт падняў кошт навучання на вочных і завочных аддзяленнях, а таксама для замежнікаў. Кошт павялічыўся прыкладна на 7%. Новы кошт навучання пачне дзейнічаць з 1 верасня гэтага года. Падрабязней аб новых цэнах можна даведацца тут.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў, што ў Беларусі дзейнічае сістэма платнай адукацыі, так як дзяржава значна падтрымлівае адукацыйную сферу шляхам датацый. У найлепшым выпадку навучэнцы кампенсуюць да 70% затрат на навучанне, а на некаторых спецыяльнасцях, напрыклад, на медыцынскіх і творчых, толькі 50%. Па словах міністра, платная адукацыя ў краіне з’яўляецца формай сацыяльнай падтрымкі для моладзі пры атрыманні вышэйшай адукацыі.
Чыноўнікі ад адукацыі выпусцілі традыцыйныя рэкамендацыі па выкладанні школьных прадметаў на новы навучальны год. Школьнікаў у 2023/2024 годзе чакае шмат ідэалогіі. Настаўнікам рэкамендавана расказваць аб «генацыдзе беларускага народа» падчас выкладання розных дысцыплін, а таксама ў межах дапрызыўнай падрыхтоўкі і ўроках замежнай мовы. А для выхавання патрыятызму настаўнікі павінны адбіраць адпаведны матэрыял як на ўроках гісторыі, так і хіміі і інфарматыкі.
Некаторыя беларускія школы ў Мінску і Брэсце перад пачаткам новага навучальнага года прыбіраюць з кабінетаў ангельскай мовы сцягі Велікабрытаніі і іншую сімболіку, звязаную з гэтай краінай. Настаўнікі адтрымалі вусны загад замяніць іх элементамі беларускай сімболікі ці краявідамі. Чыноўнікі ад міністэрства адукацыі адмаўляюць наяўнасць афіцыйных указанняў або інструкцый, але сцвярджаюць, што рэкамендацыі былі дадзеныя на сходах для стварэння нейтральнай абстаноўкі ў кабінетах замежных моў.
Міністэрства адукацыі выступіла з ініцыятывай аб 100% занятасці школьнікаў у суботу. Прадстаўніца ведамства паведаміла, што перад навучальнымі ўстановамі пастаўленая задача не толькі цалкам заняць вучняў у шосты навучальны дзень, але і на канікулах. Для гэтага прапануецца выкарыстоўваць рэсурсы ўстаноў дадатковай адукацыі, культуры, спорта, ваенна-патрыятычных клубаў і моладзевых арганізацый. Гаворка вядзецца аб факультатыўных занятках і мерапрыемствах, абавязковай навучальнай праграмы для суботы не прадугледжана.
СМІ звярнулі ўвагу, што ў Беларусі зарэгістраваная ТАА «Вагнэр Груп», якое будзе займацца «асветніцкай дзейнасцю». Юрыдычная асоба была зарэгістраваная Асіповіцкім райвыканкамам 4 жніўня 2023 года. Асноўны від дзейнасці заяўлены як «Іншыя віды адукацыі, не ўключаныя ў іншыя групоўкі».
Найміты з ПВК «Вагнэр» наведалі ў канцы ліпеня дзіцячы вайскова-патрыятычны клуб «Рысь». На сустрэчы таксама прысутнічаў намеснік Міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Прапагандысты апублікавалі відэа, на якім бачна, што дзеці апранутыя ў камуфляж і зялёныя бярэты, а найміты вучаць іх дэманстраваць уласны апазнавальны жэст «джамба».
У Беларусі плануецца адкрыць аналаг расейскага навукова-метадычнага цэнтра вайскова-патрыятычнага выхавання «Авангард». Расейскі цэнтр адкрыўся ў 2020 годзе, і за год прымае больш за 30 тысяч курсантаў. Тут праводзяць зборы і першаснае навучанне «дабраахвотнікаў-кантрактнікаў». Курсантаў вучаць у тым ліку «супрацьстаяць нацысцкай ідэалогіі». У Беларусі «Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі» павінен з’явіцца ў Брэсцкай крэпасці. Лукашэнка надаў аб’екту статус «усебеларускага моладзевага будаўніцтва».
Міністэрства абароны Расеі прапанавала Мінску разам працаваць з моладдзю для «супрацьдзеяння інфармацыйна-псіхалагічнай вайне». Такую ідэю агучыў намеснік міністра расейскага вайсковага ведамства Віктар Гарэмыкін 18 жніўня на прарасейскім «антыфашысцкім кангрэсе». У «раду або працоўную групу» прапануецца ўключыць дзеячаў культуры, кансультантаў па навуковых і гістарычных пытаннях, вайскоўцаў, экспертаў, прадстаўнікоў моладзевых рухаў.
22 жніўня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт правёў «агульнаўніверсітэцкую валанцёрскую акцыю» па добраўпарадкаванні тэрыторыі гісторыка-культурнага комплекса «Лінія Сталіна». Больш за 50 студэнтаў з усіх факультэтаў ачышчалі сцежкі ад травы і смецця, рэмантавалі сцены акопаў і інш. Пасля завяршэння прац адбылася аглядная экскурсія па комплексе, нефармальныя размовы з рэктарам універсітэта Андрэем Каралём і тэматычны абед з салдацкай кашай.