• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дарадца Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова павіншавала вучняў, бацькоў і выкладчыкаў з пачаткам навучальнага года

    01 верасня, 2023

    Таццяна Шчытцова: «Віншую ўсіх беларускіх дзяцей, сем'і, у якіх ёсць навучэнцы, а таксама выкладчыкаў і выкладчыц з пачаткам навучальнага года!

    Сёння тысячы беларускіх дзяцей пойдуць у школы, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі. Навучанне ў іншай краіне спалучанае для іх і іх бацькоў з мноствам складанасцяў – псіхалагічных, сацыяльна-эканамічных, бюракратычных. Аднак ёсць адна бясспрэчная перавага: яно не спалучанае з сімвалічным гвалтам і прапагандысцкім маніпуляваннем, пад якія сістэматычна падпадаюць дзеці ў Беларусі.

    Ці магчыма сёння атрымаць добрую адукацыю ў Беларусі?
    Не, калі вы даверыцеся цяперашняму дзяржаўнаму рэжыму і абмяжуецеся тым, што сёння ўключана ў школьныя і ўніверсітэцкія праграмы. Гэта тычыцца не толькі сацыяльных і гуманітарных дысцыплінаў. Каб быць адукаваным чалавекам, недастаткова асвоіць нейкую спецыяльнасць і быць «дасведчаным чалавекам» у пэўнай сферы, магчыма нават – эрудытам. Адукаваны чалавек – гэта нашмат больш чым «спецыяліст».

    У сучасным свеце быць адукаванымі гэта значыць:
    – валодаць здольнасцю самастойнага крытычнага мыслення (гэта лепшая прышчэпка ад індактрынацыі і маніпуляванняў з боку любой прапаганды);
    – разумець уласны сацыякультурны бэкграўнд і сваю сацыякультурную ідэнтычнасць;
    – разумець актуальны сацыяльны кантэкст і сваю ролю ў ім як спецыяліста ў той ці іншай сферы і як грамадзяніна;
    – мець базавую арыентацыю ў сусветнай культуры і быць адкрытымі міжкультурнаму ўзаемадзеянню ў сучасным свеце, які глабалізуецца;
    – асвоіць і практыкаваць культуру камунікацыі, пабудаваную на прынцыпах узаемапавагі і справядлівасці;
    – разумець галоўныя праблемы сваіх грамадстваў і сучаснага свету і па меры сіл судзейнічаць іх публічнаму абмеркаванню і рашэнню.

    У сучасным свеце адукацыя дапамагае людзям разам з ведамі набываць пачуццё ўласнай годнасці; забяспечвае масты паміж рознымі культурамі і дае
    ўсведамленне ўзаемазалежнасці паміж рознымі краінамі ў глабальным кантэксце.

    Цяперашняя дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі вядзе ў прама супрацьлеглым напрамку – гэта значыць вядзе да варварства і дэградацыі. Вывучэнне чужых культур не вітаецца; у распрацоўцы навучальных праграм прымаюць удзел сілавыя органы; выкладчыкаў і вучоных, якія не жадаюць займацца прапагандай, звальняюць; любая крытыка рэжыму цягне за сабой рэпрэсіі. Сістэма накіраваная на падрыхтоўку лаяльных рэжыму спецыялістаў, а не на сучасных адукаваных людзей.

    У гэты цяжкі для Беларусі перыяд вельмі важную ролю граюць самаадукацыя і нефармальныя зносіны, якія маюць адукацыйны эфект. Інтэрнэт дае выдатныя магчымасці для трансгранічнай камунікацыі і онлайн-адукацыі ў самых розных сферах. У сувязі з гэтым новая беларуская эміграцыя –незалежныя медыя, дзеячы культуры, навукі і адукацыі – сёння нясуць адказнасць за стварэнне якаснага адукацыйнага кантэнту онлайн, які быў бы даступны для дзяцей і моладзі ў Беларусі. І мы ведаем, што такі кантэнт з'яўляецца і становіцца ўсё больш разнастайным.

    Каманда па адукацыі Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала да гэтага дня кароткі гайд па адукацыйных магчымасцях для школьнікаў рознага ўзросту.

    Добрая адукацыя – аснова добрага грамадства.

    З 1 верасня ўсіх, хто шануе сапраўдную адукацыю!»

    Апошнія навіны