Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай замежных справаў Славеніі Таняй Фаён. У ААН Славенія перамагла рэжым Лукашэнкі за месца непастаяннага сябра Рады Бяспекі ААН. Славенія будзе прадстаўляць усходнееўрапейскую групу краінаў, у тым ліку Беларусь, у ААН з 2024 году. На сустрэчы абмеркавалі супольныя мерапрыемствы ў ААН падчас Генасамблеі і мандату Славеніі ў Радзе Бяспекі.
Асобную ўвагу прысвяцілі палітвязням і абмеркаванню праграмы рэабілітацыі для сем'яў палітвязняў і тых, хто ўжо выйшаў з турмы. Падобныя праграмы ўжо існуюць у Італіі, Нарвегіі, Іспаніі. Разумеючы маштаб рэпрэсіяў, дэмакратычныя сілы працуюць над тым, каб іншыя краіны таксама далучаліся на гэтай ініцыятывы.
Абмеркавалі з міністаркай таксама і пытанне Інтэрполу. Ціханоўская адзначыла, што Славенія не павінна выдаваць беларусаў на запыты афіцыйнага Мінску, паколькі рэжым выкарыстоўвае Інтэрпол для расправы над палітычнымі апанентамі. У 2022 па запыце Беларусі Славенія затрымала беларуса, які праз некаторы час быў вызвалены.
Ціханоўская і міністарка абмеркавалі таксама праблемы беларусаў у Славеніі – складанасці адкрыцця банкаўскіх рахункаў і легалізацыі. Ціханоўская ўзгадала прадстаўніцу Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандру Мамаеву. Беларуская лідарка і міністарка Фаён дамовіліся на працяг камунікацыі ў напрамку вырашэння праблемаў беларусаў у Славеніі.