«Дарагі Сяргей,
Кожны дзень Агнія і Карней прачынаюцца і засынаюць з пытаннем аб тым, як маецца тата. Бо ўжо даўно мы не атрымліваем ад цябе ніякіх вестак. Але я заўсёды кажу ім, што тата моцны і дасць усяму рады. Я шчыра веру ў гэта, бо ведаю цябе, Сяргей.
Яны гатовыя па дзясятку разоў за дзень пракручваць адно і тое ж відэа з табой, толькі каб убачыць, як тата ўсміхаецца. А калі мы глядзім нашыя фатаграфіі, Агнія і Карней кажуць: «У нас самы лепшы тата на свеце». У гэты момант я ўсміхаюся, бо ведаю, што ніхто і ніколі не зможа адабраць нашую любоў да цябе.
Ты ведаеш, што Агнія вельмі любіць маляваць. І ніводны з яе малюнкаў не абыходзіцца без цябе, дарагі Сяргей. На яе карцінках ты ідзеш да нас насустрач, абдымаеш, і мы ўсё трымаемся за рукі. Нядаўна Агнія паказвала мне свае новыя малюнкі і сказала: «Мама, я хачу, каб карцінкі на маім малюнку ажылі і тата быў побач». Гэта нашае супольнае жаданне, і сёння мы загадаем яго ўсё разам.
Мы любім цябе і чакаем».