Сёння літоўскія службы паведамілі, што прызналі 910 беларусаў асобамі, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны. Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала:
«Інфармацыя, пададзеная Дэпартаментам міграцыі МУС Літвы, вельмі занепакоіла як беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне, так і дэмакратычныя сілы агулам. Працэдуры прызнання людзей пагрозай нацыянальнай бяспецы існуюць практычна ва ўсіх краінах свету. Гэта значыць, па сутнасці дзяржава на падставе наяўных у яе звестак можа прыняць такое рашэнне. Яго наступствы могуць быць розныя, у тым ліку патрабаванне пакінуць Літоўскую Рэспубліку. Гэта не абавязкова азначае, што чалавек павінен назад вярнуцца ў Беларусь. Ён можа з'ехаць у любую іншую краіну.
Безумоўна, па кожным канкрэтным выпадку неабходна разбірацца індывідуальна. І калі чалавек лічыць прынятае рашэнне неабгрунтаваным або незаконным, ён мае права яго абскардзіць у прадугледжаным парадку. У тым ліку судовым. Нам вядомыя выпадкі, калі суды Літвы адмянялі рашэнні аб прызнанні знаходжання ў краіне беларусаў пагрозай нацыянальнай бяспецы. Таму адзіная парада, якую ў гэтай сітуацыі можна даць – гэта звярнуцца па юрыдычную дапамогу да літоўскіх адвакатаў і абскардзіць рашэнне. Са свайго боку мы ўздымем гэтае пытанне ў межах працоўнай групы пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літоўскай Рэспублікі. Спадзяемся, што сітуацыя па гэтым пытанні хутка высветліцца, і беларусам, якія знаходзяцца ў Літве, не давядзецца хвалявацца наконт сваёй будучыні».