• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай перад Жаночай групай ПАРЕ ў Страсбургу, 2023

    20 чэрвеня, 2023

    «Дарагія сябры,

    Дазвольце мне пачаць з падзякі Жаночай групе ПАРЕ за запрашэнне і за магчымасць пабачыцца з вамі ўсімі. Для мяне вялікі гонар быць у коле жанчын-аднадумцаў. Мне не трэба некаму нешта даказваць, ні апраўдвацца, ні змагацца за месца ля трыбуны. Я магу сапраўды казаць пра свае пачуцці і дзяліцца сваім болем.

    Відавочна, што падчас вайны чым больш у палітыцы жанчын, тым больш спагады, чалавечнасці і мудрасці ў нашых рашэннях. Гэта менавіта тое, што нам трэба ў свеце зараз і заўсёды.

    Я аказалася ў палітыцы выпадкова. У мяне ніколі не было мэты стаць палітычнай лідаркай. Аднак я ёй стала – ад кахання. Менавіта дзякуючы каханню да свайго мужа Сяргея я вырашыла ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года замест яго. Дыктатар Лукашэнка так баяўся Сяргея, што пасадзіў яго ў турму.

    Калі я вылучыла сваю кандыдатуру, Лукашэнка адразу спісаў мяне з рахункаў як «хатнюю гаспадыню». «У нас канстытуцыя не пад жанчыну», – казаў ён. І памыляўся. Ён прайграў выбары, але адмовіўся сыходзіць.

    Такое стаўленне стала прычынай, па якой тысячы беларускіх жанчын выйшлі на спантанныя і мірныя маршы супраць Лукашэнкі.

    Вы напэўна памятаеце фота з жаночых маршаў, дзёрзкасць і спакой іх удзельніцаў. Праўда была на іхнім баку… Шмат каго лукашэнкаўскія галаварэзы арыштоўвалі, збівалі, гвалтавалі і змяшчалі ў турму. Але жанчыны Беларусі застаюцца непахіснымі.

    Я адчуваю гонар і захапленне, калі ўспамінаю, як самотная жанчына, Ніна Багінская, дзёрзка размахвала сваім сцягам перад узброенымі паліцыянтамі. Яны не ведалі, што з ёю рабіць. Кожны дзень яны канфіскоўвалі яе сцяг і затрымлівалі – але ўжо на наступны дзень, бясстрашная і смелая, яна размахвала перад імі новым сцягам.

    З пачатку нашай рэвалюцыі прайшло тры гады. У нас не атрымалася перамагчы хутка, як многія з нас чакалі. Мы зразумелі, што нашая барацьба не спрынт, а марафон. Але я зразумела адну рэч: мы, жанчыны, добра пераносім доўгія дыстанцыі. У жанчын ёсць цярпенне і цягавітасць, якія вядуць нас да свабоды.

    На жаль, шлях да свабоды часта ўсеяны болем, слязамі і пакутамі. 200 сярод 1500 палітычных зняволеных у Беларусі – жанчыны, яшчэ 350 адбываюць «хімію». Жанчын-палітвязняў сістэматычна пазбаўляюць магчымасці пісаць і атрымліваць лісты і пазбаўляюць медыцынскай дапамогі. Яны знаходзяцца ў жудасных умовах утрымання і кінутыя на волю лёсу.

    Адна з іх – 61-гадовая Галіна Дзербыш, асуджаная да 20 гадоў пазбаўлення волі. У яе рак. Яе здароўе пагаршаецца. Яна ўвесь час губляе прытомнасць у турэмнай камеры. Нягледзячы на яе просьбы, ёй рэгулярна адмаўляюць у медыцынскай дапамозе.

    31-гадовая беларуская актывістка Кіра Баяранка была ў турме, калі даведалася пра сваю цяжарнасць. Яе затрымалі за дапамогу пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі. Кіра нарадзіла дзіця ў турэмнай камеры. Яе дзіця было мёртванароджаным.

    Людзей з падобнымі гісторыямі – тысячы. Тысячы сем'яў разлучаныя супраць сваёй волі. Тысячы дзяцей чакаюць дома сваіх бацькоў.

    Мае дзеці, якіх я цяпер бачу толькі па выходных, часта пытаюцца, калі вернецца іх тата, і мне да гэтага часу цяжка растлумачыць, чаму іх тату асудзілі да 19 гадоў турмы. Нядаўна мая 7-гадовая дачка распавяла мне, што збірае грошы ў скарбонку на танк. «Навошта?» – Спытала я. «Каб вызваліць нашага тату», – адказала яна.

    Ад яе адказу я адчула і натхненне, і горыч. Нашыя дзеці заслугоўваюць таго, каб у іх было дзяцінства без страху, турмаў і войнаў. І нашая задача – як маці, як жонак, і ў рэшце рэшт, як лідарак – забяспечыць ім нармальнае мірнае жыццё.

    Дарагія сябры,

    Барацьба за дэмакратыю, правы чалавека і правы жанчын – наш агульны абавязак. Сёння я казала пра Беларусь, але ведаю, што тыраны робяць тое ж самае па ўсім свеце. Настаў час аб'яднаць нашыя намаганні і разам працягнуць гэтую барацьбу.

    Падтрымлівайце Беларусь. Падтрымлівайце Украіну. Падтрымлівайце дэмакратыю ў Еўропе».

    Апошнія навіны