«Мы, беларусы, – нацыя супольнасцяў. На працягу дзесягоддзяў нас спрабавалі падзяліць, пасварыць, але мы зноў збіраліся разам. Нас спрабавалі загнаць у падполле, але мы зноў вярталіся. У Максіма Знака ёсць цудоўны верш «Бульба», дзе ён піша: «Яны думалі – нас пахавалі… А мы бульба! Як нас пахаваць?» Максім апісвае цудоўную здольнасць беларусаў да выжывання ў самых складаных умовах, дзякуючы нашай салідарнасці, і дзякуючы нашай любові.
Любіце Беларусь у сабе. Гадуйце яе, узмацняйце. Менавіта гэта любоў да Беларусі, якую мы, кожны з нас, носім у сабе, дазволіць нам прайсці гэты змрочны час, перамагчы зло, і адбудаваць сваю краіну».