Падчас візіту ў Ірландыю Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам Ірландыі Майклам Хігінсам. Ён выказаў поўную падтрымку беларусам, распавёў пра ірландскі досвед барацьбы за ідэнтычнасць і незалежнасць краіны, аднаўлення культуры і ідэнтычнасці, з чым у Беларусі шмат агульнага. Лідары абмеркавалі цяперашнюю сітуацыю з палітвязнямі, умовы ў турмах, важнасць падтрымкі беларускай дыяспары.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Ірландскага парламента Шонам О'Фергейлам. Яна распавяла пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў супраць актывістаў і журналістаў, расказала пра барацьбу беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Таксама Ціханоўская падзялілася інфармацыяй пра сітуацыю з Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязнямі і прапанавала ірландскім палітыкам выступіць з патрабаваннем даць доступ да палітвязняў для сваякоў і замежных дыпламатаў.
- Па выніках сустрэчаў дамовіліся:
– У ірландскім парламенце будзе створаная група «Сяброў дэмакратычнай Беларусі», як гэта ўжо зроблена ў 17 парламентах іншых краінаў.
– Дэпутаты возьмуць патранаж над палітвязнямі. Ужо 24 дэпутаты далучыліся да гэтай міжнароднай кампаніі.
– Парламент разглядзіць рэзалюцыю ў падтрымку незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Асобная ўвага будзе прысвечаная недапушчэнню размяшчэння ядзернай зброі.
– Будзе разгледжаная магчымасць стажыровак для беларусаў у офісах дэпутатаў парламента.
«Я радая, што тут у Парламенце столькі сяброў Беларусі. Мне не давялося тлумачыць, што ў нас адбываецца, і чаму нашая барацьба мае вялікае значэнне. І ў ірландцаў ёсць вялікая сімпатыя да нашай барацьбы. Дэпутаты ірландскага Парламенту будуць дапамагаць падтрымліваць Беларусь на парадку дня, спрыяць нам у міжнародных арганізацыях. Я пачула з іх боку гатовасць дзейнічаць», – сказала Святлана Ціханоўская.