• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла с прамовай на мітынгу да 37-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы і прыняла ўдзел у Чарнобыльскім шляху ў Вільне

    26 красавіка, 2023

    «Дарагія мае беларусы!

    Я вельмі ўдзячная кожнаму, хто выйшаў сёння на Чарнобыльскі шлях, нягледзячы на суворае віленскае надвор’е.

    Сёння беларусы выходзяць на такія акцыі па ўсім свеце, ад Вільні да Нью-Ёрка. Нават раскіданыя па замежжы, беларусы ўмеюць хутка арганізавацца і дзейнічаць разам.  

    Пару дзён назад у мяне быў званок з актывістамі ў Беларусі. І яны прасілі мяне вам перадаць: «хоць мы самі не можам выйсці на пратэст у Беларусі, але ведайце: вы, хто за мяжой, выходзіце таксама і за нас».

    37 гадоў таму здарылася Чарнобыльская трагедыя. Кажучы словамі Святланы Алексіевіч, тады абрынуўся не рэактар – абрынулася сістэма каштоўнасцяў. Мы пабачылі, што для савецкай улады жыццё чалавека не мае ніякага значэння.

    Людзі паміралі, нараджаліся хворыя дзеці – а людзям казалі: «гэта нармальна». А тым, хто казаў праўду, кідалі ў турму як прафесара Юрыя Бандажэўскага. Ён шэсць гадоў правёў у турме за тое, што напісаў праўду пра ўплыў радыяцыі на здароўе.

    Уладам было нявыгадна і нязручна, што людзі нагадваюць ім пра іхную адказнасць. Ці, хутчэй, безадказнасць.

    Гэтаксама у 2020-м улада цынічна адмаўляла факт пандэміі. Маўляў, у нас «усё добра»: быццам іншыя народы хварэюць, а беларусы не. Для здароўя ім дастаткова гарэлкі і трактара, казалі яны. Але дзякуючы самаарганізацыі беларусаў, такім ініцыятывам як ByCOVID, удалося выратаваць мноства жыццяў.

    Нам і сёння замоўчваюць праўду пра Чарнобыль. Замоўчваюць праўду пра Астравецкую АЭС, і пра вайну ва Ўкраіне. Замоўчваюць магчымыя наступствы размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

    Яны кажуць, што ядзерная зброя – гэта парасон, які нас абароніць. Але гэта не парасон – гэта мішэнь. І гэта прамы шлях да страты Беларуссю суверэнітэту.

    Мы не павінны гэтага дапусціць!

    Чарнобыль нам даў вельмі важны ўрок. Чарнобыль навучыў нас не разлічваць на уладу, а разлічваць на сябе. І дэмакратычны свет зможа дапамагчы нам толькі тады, калі пабачыць, што гэта патрэбна нам самім.

    Мы павінны ўмець пастаяць за сябе і за свае інтарэсы. Мы павінны распаўсюджваць праўду пра тэрор, што адбываецца. Мы павінны ўмець самаарганізоўвацца і дзейнічаць, нават калі здаецца, што ад нас няшмат чаго залежыць.

    Ад нас залежыць вельмі шмат! Мы павінны дэманстраваць, што мы супраць ядзернай зброі. Мы супраць паўтарэння новага Чарнобыля. Мы супраць расейскіх войскаў на сваёй зямлі! Мы супраць вайны!

    Калі мы не хочам, каб беларусаў клалі ў адзін кошык з расіянамі і з рэжымам, нашая пазіцыя павінна гучаць вельмі выразна. І менавіта таму такія акцыі, як сённяшняя, маюць вялікае значэнне.

    Дарагія мае,

    Я веру, што разам мы зробім усё, каб будучыя пакаленні беларусаў не ведалі, што такое ядзерная пагроза, вайна і дыктатура.

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны